асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)