са́ла, ‑а, н.

1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.

2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.

3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.

4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.

•••

Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.

Заліць за скуру сала гл. заліць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́рыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак.

1. каго (што). Гарачынёй або парачы ў лазні давесці да знямогі (разм.).

2. каго (што). Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай (разм.).

З. каня.

3. што. Апрацаваць парай або абліць варам, пакласці ў кіпень для чаго-н. (спец.).

З. дзежку.

4. што. Заліць варам, каб размякчыць, распарыць (пра сухі корм).

З. мякіну.

|| незак. запа́рваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. запа́рванне, -я, н. (да 3 знач.) і запа́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 3 знач.).

|| прым. запа́рачны, -ая, -ае (да 3 знач.) і запа́рны, -ая, -ае (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Аплаві́тна ’багата’, у выразе сытна і аплавітна (КТС). Польск. obfity < ст.-польск. opłwity ’багаты, шчодры’. Параўн. серб.-харв. о̀плавитизаліць, затапіць, навадніць’. Пэўна, ад значэння такога тыпу — *оплавитный ’такі, што залівае, навадняе, робіць, што ўсяго ў дастатку’. Параўн. укр. опливати ’мець у дастатку’. Цікава, што ў старабеларускай і стараўкраінскай мовах ужывалася запазычанае з старапольскай ужо трансфармаванае обфитый, обфитость, обфитовать (Бярында, 147). Для тлумачэння семантыкі трэба ўлічваць яшчэ рус. дыял. оплавить сноп ’абмалаціць’, тое ж, што і обить сноп (Даль), ад чаго обилие ’багацце’ пры чэш. obilí ’збожжа’. Для этымалогіі польскага слова гл. Брукнер, 370.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зліць, злію́, зліе́ш, зліе́; зліём, зліяце́, злію́ць і салью́, салье́ш, салье́; сальём, сальяце́, салью́ць; зліў, зліла́, -ло́, -лі; злі; зліты; зак., што.

1. Адліць, каб аддзяліць што-н. ад чаго-н.

З. ваду са зваранай бульбы.

2. Выліць, пераліць што-н. куды-н.

З. тлушч у слоік.

3. Змяшаць, наліўшы з розных месц.

З. малако ад розных кароў.

4. перан. Злучыць, аб’яднаць.

З. галасы.

З. два прадпрыемствы.

З. сваю душу з прыродай (перан.).

5. Заліць усю паверхню вадкасцю.

З. падлогу вадой.

|| незак. зліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зліва́нне, -я, н. (паводле 1—3 і 5 знач.), зліў, злі́ву, м. (да 3 знач.; спец.) і зліццё, -я́, н. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Зялі́ць ’надакучаць, дурыць (у выразе зяліць галаву)’ (бялын., Янк. Мат.). В.-луж. zelić ’крычаць, праклінаць, лаяцца’. Шустэр–Шэўц (Этимология, 1970, 89), які не ведаў бел. адпаведнік, збліжаў в.-луж. слова з і.-е. коранем *gal‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 250) і параўноўваў з улікам чаргавання галосных, а потым зычных з бел. галіць ’падганяць’, рус. галиться ’насміхацца’, чэш. háliti ’гучна смяяцца’. Наяўнасць бел. адпаведніка можа і падмацаваць прасл. этымалогію, але, магчыма, тут больш новае ўтварэнне — дзеяслоў ад зелле (в.-луж. zelo ’лячэбная расліна’) ’уздзейнічаць зеллем’. Параўн. соль і саліць (перан.). Нельга выключаць і адасобленасці бел. і в.-луж. лексем. Параўн. яшчэ заліць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́ра, ‑а, н.

1. Стан глыбокага смутку, душэўнага болю, выкліканы якім‑н. няшчасцем. Маці ў горы і бацька ў горы — Сын, Васілёк, трэці дзень ужо хворы. Панчанка. На заплаканы тварык балюча глядзець, У вачах — недзіцячае гора. Гілевіч. // Няшчасце, бяда, якія выклікаюць такі стан. Зіна сядзела на траве і плакала, бяссільна, жаласна, як плача чалавек, да якога прыйшло непапраўнае гора. Карпюк. Людзі бачылі, як загінулі жонка і маленькі сын Аляксандрава. Ён цяжка перажываў тое гора. Дадзіёмаў.

2. Жыццёвыя нягоды, мукі, нястача. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч. У калгасе працаваць — гора і бяды не знаць. З нар.

3. у знач. вык. Разм. Бяда, няшчасце. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. // безас. Цяжка, бяда каму‑н. Весць аб смерці Бандароўны Скрозь пайшла, як мора; Зашумела Украіна, — Гора панам, гора! Купала.

•••

Глынуць гора гл. глынуць.

Гора гараваць гл. гараваць.

Гора горкае — вялікае несуцешнае гора.

Дапамагчы гору (бядзе) гл. дапамагчы.

Заліць гора гл. заліць.

З горам папалам гл. папалам.

І гора мала каму гл. мала.

(І) смех і гора гл. смех.

У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць варам, парай драўляную пасудзіну. Запарыць дзежку.

2. Заліць варам сухі корм, каб размякчыць, распарыць. Запарыць мякіну. □ Усціння спярша запарыла сеч[ку] карове, занесла ў хлеў, пасля пачала таўчы бульбу. Чыгрынаў. // Прыгатаваць настой, заліўшы варам. Запарыць ліпавы цвет.

3. Разм. Доўга парачы ў лазні, давесці да знямогі.

4. Разм. Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай. Запарыць каня. □ — Ды і нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі. — Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай. Шамякін.

запа́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць парыць (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., што.

Заліць (апрацаваць) смалой. Засмаліць човен. Засмаліць канат. □ Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

засмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Закурыць, пускаючы многа дыму з папяросы. [Мікіта] пачаў набіваць люльку. — Ізноў засмаліў, аж не прадыхнуць. Скрыпка.

засмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Ударыць з усёй сілы; заехаць. Засмаліць у вуха.

засмалі́ць 4, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Хутка пабегчы, паімчацца. — Павярнуўся тады я .. і як засмаліў, як налёг! Азірнуўся назад тады толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што і чаго.

1. Прыгатаваць навар, настой з чаго‑н. Заварыць шалфей. Заварыць ліпавага цвету. □ Чай гаварылі густы, ажно чорны, рафінад не кідалі ў шклянкі.., пілі ўпрыкуску. Шамякін. Сцюжа, мрок... Я ізноў хвараваты .. Заварыць бы гарачай гарбаты, Разагрэць бы хутчэй самавар. Багдановіч. // Абдаць варам пры гатаванні чаго‑н. Заварыць цеста. // Прыгатаваць шляхам варкі ці залівання варам. Заварыць клей. Заварыць крухмал.

2. Заліць расплаўленым металам шчыліны, пустоты і пад. у металічных вырабах. Заварыць прабоіну.

3. перан. Разм. Распачаць справу, якая вымагае шмат клопату, дзейнасці і пад. — Ну, зараз будзем расхлёбваць тое, што гаварылі. Карпюк.

•••

Заварыць кашу — распачаць якую‑н. непрыемную, клапатлівую справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)