сацыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да грамадства, звязаны з жыццём і адносінамі людзей у грамадстве; грамадскі. Сацыяльны прагрэс. Сацыяльныя навукі. □ Усё залежыць ад таго, якія магчымасці прадастаўляе сацыяльны лад і эпоха ў цэлым для росквіту чалавечай асобы. Адамовіч. // Абумоўлены падзелам грамадства на класы. Сацыяльны састаў насельніцтва. Сацыяльнае паходжанне. Сацыяльныя супярэчнасці. Сацыяльныя групы. □ Чалавек, адарваны ад сацыяльнага асяроддзя, яго псіхалогія, настрой, пачуцці — часта цікавяць К. Чорнага. Кудраўцаў. // Які выклікаецца ўмовамі, узнікае з умоў грамадскага жыцця, грамадскага асяроддзя. Сацыяльная мараль. Сацыяльныя хваробы. Сацыяльны інстынкт.
2. Які мае на мэце змену грамадскіх вытворчых адносін. Сацыяльная рэвалюцыя. □ Пачалася эпоха сапраўднага народаўладства, найвялікшых сацыяльных пераўтварэнняў. Перкін. [Алесь:] — Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне. Караткевіч.
•••
Сацыяльнае забеспячэнне гл. забеспячэнне.
Сацыяльнае страхаванне гл. страхаванне.
Сацыяльны дарвінізм гл. дарвінізм.
Сацыяльны мір гл. мір.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.
2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.
3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.
4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што.
1. Дастаць, знайсці, атрымаць. Настаўніца перадала .. каштоўныя звесткі аб нямецкім гарнізоне ў мястэчку, якія здабыла па заданню партызанскага камандавання. Шчарбатаў. Пагутарыў [дзед Талаш] трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызвалены з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Колас. // Упаляваць. Здабыць выдру.
2. Дастаць з нетраў зямлі (карысныя выкапні). Здабыць нафту. Здабыць каменны вугаль. // перан. Выбраць з чаго‑н., знайсці. Мы не ведаем, з якой крыніцы Канчэўскі здабыў гэтыя словы, якія ён прыпісвае Скарыне, і наколькі яны адпавядаюць сапраўднасці. Алексютовіч. // Атрымаць што‑н. пры дапамозе доследаў, шляхам вытворчых працэсаў. Здабыць новы прэпарат.
3. перан. Дабіцца чаго‑н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад. Здабыць волю. Здабыць славу. □ Мы ў баях перамогу здабудзем, Праз баі мы праб’ёмся назад. Астрэйка. Шматгадовай работай здабыў чалавек права на такі адпачынак. Бялевіч.
•••
Здабыць кроўю — дабіцца чаго‑н. у барацьбе цаною вялікіх ахвяр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэ́мія, ‑і, ж.
1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.
2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.
3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.
4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.
5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.
•••
Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.
[Ад лац. praemium — узнагарода.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́снасць, ‑і, ж.
1. Тое, чым валодаюць, што знаходзіцца ў поўным распараджэнні каго‑, чаго‑н.; маёмасць, якая належыць каму‑, чаму‑н. Сацыялістычная ўласнасць. Прыватная ўласнасць. □ — Гэта ваш сабака? — .. спытаў палкоўнік. [Гунава:] — Гэта ўласнасць князя. Самуйлёнак. Каб не разбураны вакзал ды яшчэ вінзавод — уласнасць аднаго ўвішнага панка з колішніх лоўкіх аконамаў, дык можна было б падумаць, што наогул на свеце не было ніякай вайны. Васілевіч. Славутая артыстка не можа нічога зрабіць, каб спыніць гандаль здымкамі — яны з’яўляюцца ўласнасцю кампаніі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сваё месца .. [дзень] аддаваў у поўную ўласнасць цёмнай ночы, якая неадступна крочыла за ім і ўсе прасторы напаўняла маўклівай цішынёй. Кавалёў.
2. Прыналежнасць каго‑, чаго‑н. каму‑, чаму‑н. з правам поўнага распараджэння. Пасля вайны з гітлераўскімі захопнікамі ў пушчы засталося ўсяго шаснаццаць зуброў. З’яўляліся яны ўласнасцю Польскай рэспублікі. Краўчанка. Збудаваная за панам халупіна на водшыбе .. засталася цяпер Агею ва ўласнасць, ніхто ў яго яе не забіраў. Крапіва.
•••
Кааператыўна-калгасная ўласнасць — адна з форм сацыялістычнай уласнасці: уласнасць асобных калгасаў і кааператыўных аб’яднанняў.
Сацыялістычная ўласнасць — грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, аснова вытворчых адносін сацыялістычнага грамадства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)