анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзьму́цца, ‑дзьмуся, ‑дзьмешся, ‑дзьмецца; ‑дзьмёмся, ‑дзьмяцеся; зак.

1. Напоўніцца паветрам, газам, зрабіцца пругкім. Мяч надзьмуўся. Камера надзьмулася. // Нацягнуцца ад ветру. [Сашава] кашуля надзьмулася, як парус. Сіўцоў. // Напоўніўшы паветрам рот, раздзьмуць шчокі. [Харытон] выбіў з глячка дно, надзьмуўся і затрубіў: — О-гого-о-о! Бажко.

2. Натапырыцца, падняўшы пер’е (пра птушак).

3. перан. Разм. Пакрыўдзіцца, нахмурыцца, зрабіць нездаволены выраз твару. [Дзяўчына] надзьмулася, сказала рэзка, злосна: — Мне не да жартаў, таварыш. Дадзіёмаў. Сын пакрыўдзіўся, надзьмуўся, але пярэчыць не стаў. Даніленка. Славік, зразумеўшы, што .. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін.

4. перан. Разм. Стаць важным, прыняць ганарысты выгляд. Апамятаўшыся ад спалоху, судовы выканаўца зноў важна надзьмуўся. Бажко. Зяневіч важна надзьмуўся, зрабіў сур’ёзную міну. Лужанін.

•••

Надзьмуцца як мыш на крупы — пра чалавека, які мае пакрыўджаны, нездаволены выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

производи́тель

1. эк. вытво́рца, -цы м.;

ме́лкие производи́тели дро́бныя вытво́рцы;

2. (исполнитель работ) выкана́вец, -на́ўца м., выкана́ўца, -цы м.;

3. (создатель) тварэ́ц, -рца́ м., ствара́льнік, -ка м., вытво́рца, -цы м.; (изготовитель) вырабля́льнік, -ка м.;

4. (самец) с.-х. вытво́рнік, -ка м.;

жеребе́ц-производи́тель жарабе́ц-вытво́рнік.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.

2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.

3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́чвыканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)