ква́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
1. Даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы гарца, або 0,70577 літра. Кварта жыта. □ Амброжык Кубел разгуляўся, Са ўсімі шчыра цалаваўся, І кварту трэцюю ўжо ставіў, І ўсёю выпіўкаю правіў. Колас. // Металічны кубак роўны прыблізна гэтай меры. Антон зачарпнуў у вядры і паднёс да губ знаёмую медную кварту. Ракітны. Тося разлівае па квартах малако. Савіцкі.
2. У музыцы — чацвёртая ступень дыятанічнага гукарада. // Інтэрвал, які ахоплівае 4 ступені.
[Ад лац. quarta — чацвёртая.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто едзе вярхом на кані; верхавы. Антон насцеражыўся, зірнуў у акно і ўбачыў, як, пагойдваючыся ў сядле, да канцылярыі пад’ехаў коннік. Сіўцоў.
2. Конны воін; кавалерыст. Пачалі сустракацца коннікі і пехацінцы, якія рушылі ад пазіцыі ў тыл, шукаючы бліжэйшага штаба. Галавач. На чале коннікаў праехаў начальнік разведкі. Карпаў.
3. толькі мн. (ко́ннікі, ‑аў). Прывілеяванае саслоўе з высокім маёмасным цэнзам у Старажытным Рыме і некаторых іншых антычных рабаўладальніцкіх дзяржавах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няхі́тры, ‑ая, ‑ае.
1. Далёкі ад хітрасці; прастадушны. Юзік быў просты, няхітры і не вельмі разумны. Чарнышэвіч.
2. Просты, нескладаны, немудрагелісты. Антон ускінуў на плечы чамаданчык з няхітрымі сваімі манаткамі, азірнуўся наўкол і пайшоў проста па пуцях. Васілёнак. У пачатку паказвалі кіначасопіс. Анатоль Макаравіч любіў часопісы — няхітрыя расказы пра нашых сучаснікаў. Шамякін. Стол быў застаўлены няхітрай, але цудоўнай вясковай закускай: малако салодкае і кіслае, сыр, адвараная бульба, нарэзанае скрылікамі сала, яечня, маласольныя агуркі. Сапрыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.
1. Прымусіць каго‑н. прачнуцца. Раніцай Вера разбудзіла мужа пасля таго, як падаіла карову. Пальчэўскі. [Хрысцюк] сабе спакойненька падрэмваў увесь вечар на ложку, пакуль жонка не разбудзіла піць чай. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Ідзём мы вышукваць напрамкі дарог, Каб стэп разбудзіць, Каб ажыў ён і мог Раджаць для краіны хлеб. Кірэенка.
2. перан. Выклікаць да жыцця, абудзіць, актывізаваць. Антон глядзеў у .. [Алініны] блакітныя вочы. Яны разбудзілі ў яго сэрцы былыя пачуцці. Прокша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распласта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Легчы, упасці плазам, шчыльна прыціснуўшыся да зямлі, да якой‑н. паверхні. Антон ішоў па-драпежніцку лёгка, несучы ў правай руцэ аўтамат, ішоў, гатовы ў любы міг кінуцца на зямлю і, яшчэ не паспеўшы распластацца на ёй, з лёту прарэзаць ноч смяротнай паласою агню. Савіцкі. // Выцягнуцца ў гарызантальнай плоскасці, раскінуўшы ў бакі рукі. [Чаркашын] раптам з месца падскочыў вышэй лавы, дастаючы галавою аж да столі, распластаўся ў паветры, як птах, і ўпаў на рукі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіфо́н, ‑а, м.
1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.
2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.
3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.
[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддалі́цца, ‑далюся, ‑далішся, ‑даліцца; зак.
1. Перамясціцца на нейкую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Вада ў Сажы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. // Стаць менш чутным з прычыны вялікай адлегласці. Гром аддаліўся, толькі часамі далятае яго прыглушаны грукат з далёкага, цёмнага краю неба. Скрыган.
2. перан. Парваць сяброўскія, блізкія адносіны з кім‑н.; пачаць цурацца каго‑н. Неўзабаве Антон аддаліўся ад усіх і пачалі здагадвацца, шло ён перажыў нейкую няўдачу ў жыцці. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гну́ткі, ‑ая, ‑ае.
Здольны лёгка гнуцца; гібкі. Гнуткае вецце. Гнуткая піла. □ Пад хатай тонкая рабіна Да клёна хіліць гнуткі стан. Ляпёшкін. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Часта схілялі нізка, над самай муравой, свае доўгія белыя гнуткія шыі і, выцягваючы іх на ўсю даўжыню, сіпелі ў бок на дзяцей. Галавач. // перан. Багаты адценнямі, зменлівы ў сваім руху (пра голас, мову і пад.). Гнуткі голас артыста лёгка зліўся з цудоўным вакальным малюнкам вобраза. «Беларусь». Антон Корж — чалавек гнуткага розуму і дыялектычнага мыслення. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́клік, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.
2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.
3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)