вы́ліць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; заг. вылі; зак., што.

1. Прымусіць вадкасць выцечы; выплюхнуць. Выліць ваду з вядра. Выліць малако ў каструлю.

2. перан. Даць выйсце якім‑н. пачуццям, выказаць што‑н. Выліць боль. Выліць гнеў. Выліць думкі. □ Васіль Ціханавіч гаварыў многа і доўга, здавалася, хацеў выліць усё, што, як цяжкі груз, ляжала на душы. Сіўцоў.

3. Зрабіць што‑н. шляхам ліцця. Выліць дэталь для машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лузацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Выпасці са шкарлупіння, з цвёрдай абалонкі. // Вызваліцца з чаго‑н., з-пад чаго‑н. Грудок гэты толькі што вылузаўся з-пад снегу і яшчэ ўвесь чорны. Лужанін.

2. перан. Разм. Вырвацца, выкруціцца. Вылузацца з дужых рук. □ Мурашкі так абляпілі гадзюку, што яна... ніяк не магла ад іх вылузацца. Гурскі. // Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча, выкруціцца. Вылузацца з бяды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгара́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгарачыць.

2. у знач. прым. Разагрэты (работай, хадой і пад.); гарачы. З зямлі патыхала вячэрнім спакоем, мокры мяшок з рыбаю прыемна студзіў разгарачаную спіну. Капыловіч. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. // перан. Узбуджаны, растрывожаны. Разгарачаная фантазія Дзічкоўскага зусім разгулялася. Алешка. // Які выяўляе ўзбуджанасць, растрывожанасць. — Прызямліліся, тата? — бліснуўшы разгарачанымі вачыма, спытаў Алег. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разра́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разраджаць — разрадзіць.

2. перан. Аслабленне напружання. Аркестр, як навінка і вясёлая разрадка ў суровым партызанскім жыцці, карыстаўся доўгі час павышанай увагай. Шахавец. Гумар у апавяданні пра гераічнае або трагічнае часта служыць для разрадкі, аслаблення выключна напружанага дзеяння, вострых сітуацый. Дзюбайла.

3. Разрэджаная расстаноўка літар у слове для выдзялення яго ў тэксце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́днасць, ‑і, ж.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Бацькі і дзеці знаходзяцца ў роднасці першай ступені. // перан. Блізкасць, падабенства па асноўных уласцівасцях, прыкметах. У .. [Ганны і Васіля] была тая ж шчырасць, як і ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Мележ.

2. Блізкасць, падабенства, заснаванае на агульнасці паходжання. Роднасць славянскіх моў тлумачыцца іх агульнасцю паходжання ад агульнаславянскай мовы-асновы. Юргелевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сала (у 1, 2 знач.). Сальная праслойка. // Зроблены з сала. Сальная свечка.

2. Прызначаны для атрымання сала; з высокім утрыманнем сала. Сальны адкорм. Сальная парода свіней.

3. Забруджаны салам. Сальныя плямы. // Тлусты, блішчасты ад сала. — Дык жа выхадны сёння, — вылазячы з-за стала і выціраючы сальныя вусны, сказаў Гарвась. Хадкевіч.

4. перан. Непрыстойны, грубы, цынічны. Сальны анекдот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саспе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.

2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.

3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінчо́, ‑чаці, ДМ ‑чаці, Т ‑чом, н.

Разм.

1. Падсвінак. [Соль] бераглі толькі для важных патрэб: саліць агуркі, капусту або сала, калі ўдавалася выгадаваць якое свінчо. Якімовіч. З жыўнасці ў двары — адна карова, ні свінчаці, ні кураняці няма. Навуменка.

2. перан. Памянш. да свіння (у 2, 3 знач.). [Маці:] — Малады яшчэ, а свінчо такое... Пташнікаў. Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо, што мне трэба змоўчаць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серпанці́н, ‑у, м.

1. Скрутак доўгай вузкай стужкі з каляровай паперы, які кідаюць у публіку на балях, карнавалах і пад. Зайграў школьны духавы аркестр, моладзь пайшла танцаваць... Раптам веерам узляцела канфеці, абсыпаючы танцораў, пайшоў у ход серпанцін. Гурскі.

2. перан. Участкі звілістай горнай дарогі. Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Караткевіч.

[Фр. serpentin ад serpent — змяя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіло́, ‑а, н.

1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін. Паслухайце толькі, да чаго дадумаўся.. [Вася]: зрабіў вялікае сіло, налавіў поўную клетку птушак. Пальчэўскі. Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца. Якімовіч.

2. перан. Тое, што пазбаўляе волі; пастка. Толькі ўвосень Агата зразумела, што трапіла ў сіло, пастаўленае гэтым сваім чалавекам. Сабаленка. Балот гнілых сіло нам болей пагражаць не стане. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)