чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφεςідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272- 273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тонь1 ’тоня’ (Сцяшк.), ’затон, вір’ (ТС), ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС), ’адзін заход з рыбнай снасцю і адзін улоў’ (паст., Сл. ПЗБ), ’вялікі невад’ (трак., Сл. ПЗБ), ’частка вуды, лескі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’сетка (на рыбу)’ (Барад.). Гл. то́ня, лічыцца больш позняй формай, што ўзнікла ў выніку трансфармацыі канца слова, параўн. польск. woń ’пах, смурод’ < прасл. *vonʼa ’тс’ (Крытыкі, PF, 7, 228; Борысь, 708) і пад.

Тонь2 ’ход, рух’ (Сцяшк.). Рэдкае слова, адносна якога выказваецца меркаванне, што яно звязана чаргаваннем галосных з цягнуць (гл.), што, магчыма, узыходзіць да *tęti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ ’тс’ з зыходным значэннем ’цяга’, параўн. рус. тять ’ісці’, укр. стена́тися ’кінуцца (пачаць рух)’, якія маюць адпаведнікі ў лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēitідзе’ (Мяркулава, Этимология–1975, 54–55). Хутчэй за ўсё, аналагічнага паходжання з аманімічным яму папярэднім словам, падрабязней гл. тоня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.

2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.

3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.

•••

Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карка́с, ‑а, м.

1. Унутраная апорная частка збудавання, канструкцыі, на якой трымаюцца астатнія часткі. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». [Антон Цярэнцевіч] зняў шкурку з забітай чаплі, потым зрабіў з дроту каркас, абкруціў яго ватай і цяпер нацягвае на каркас шкурку. В. Вольскі. // Астаткі якога‑н. прадмета, што захоўваюць яго першапачатковыя абрысы. Там і сям на полі дыміліся шкілеты разбітых аўтамашын, каркасы абгарэлых танкаў. Дудо.

2. Паўднёвае дрэва сямейства ільмовых з вельмі цвёрдай драўнінай, якая ідзе на выраб духавых інструментаў; каменнае дрэва.

[Іт. carcassa.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нясто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.

2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Разм.

1. Пэцкаць чым‑н., рабіць брудным. Паганіць хату. Паганіць рукі.

2. Ганьбіць. [Лясніцкі:] — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна знішчаць такіх мярзотнікаў, каб яны не паганілі нашу зямлю, не атручвалі наша чыстае паветра. Шамякін.

пага́ніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Неадабральна, дрэнна адазвацца пра каго‑, што‑н. Раніцою ўстане [муж] і без слова ідзе на ток. Прыйдзе адтуль чорны ад пылу,.. памыецца і без слова садзіцца снедаць. Арыне іншы раз хочацца, каб ён паганіў ці пахваліў снеданне, і яна дапытваецца ў яго пра гэта. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перае́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. пераехаць (у 1, 3 знач.).

2. ‑а. Месца, дзе можна пераехаць цераз што‑н. Як калісьці, і сёння тут натоўпам стаялі прымкнутыя і непрымкнутыя лодкі. Бо з гэтага пераезда лягчэй за ўсё трапіць у бліжэйшыя засажоўскія вёскі. Кірэенка. — Зрабіце пераезд цераз траншэі, — папярэдзіў Саўка. Федасеенка. // Месца перасячэння чыгуначных пуцей шасейнай дарогай. Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх шмат параскідана на сталёвых шляхах зямлі. Быкаў. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пло́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае ўпадзін і ўзвышшаў; з роўнай паверхняй. Направа — плоскія ўзгор’і, адзінокія скалы, яры між імі. Самуйлёнак. Наперадзе паказаліся будынкі з плоскімі дахамі, белыя, вясёлыя. Алешка. // Без звычайнай выпукласці, пляскаты. Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. Мележ. // Не круглы, сплюшчаны. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны.

2. Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны, пошлы. Плоскія жарты. □ Гутарка, зразумела, ідзе не пра той абавязковы, наперад зададзены «казённы» аптымізм «бурапены» ці плоскай і павярхоўнай адналінейнасці. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

проціле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які вядзе, ідзе ў адваротным напрамку. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... Чарнышэвіч. На процілеглым канцы першага з .. [пакояў], супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка. Колас. Рака разлілася так далёка, што процілеглы бераг хаваўся ў шызаватай дымцы. Даніленка.

2. Які супярэчыць чаму‑н., поўнасцю не супадае з чым‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н. Процілеглыя погляды. Процілеглыя тэндэнцыі. □ Анэта і Агата, такія процілеглыя па характарах, на рабоце не выключалі, а дапаўнялі адна адну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)