каламу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Непразрысты, мутны (пра вадкасць і інш.). Палявая дарога ў момант раскісла, усюды пабеглі ручайкі, і ў калдобінах заблішчэлі каламутныя лужыны. Сачанка. Гаспадар таксама прымайстраваўся з краёчку стала і паліў мне поўную шклянку нечага каламутнага, рудога. Сабаленка.
2. перан. Ахутаны заслонай туману, снегу, дажджу і пад. Каля Батаніна праляцела некалькі трасіруючых куль і пагасла ў каламутнай далечыні. Дудо. Прасторы былі белаватыя, каламутныя і непрыглядныя. Крапіва.
•••
У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэві́з, ‑а, м.
1. Праграмная кіруючая ідэя, выражаная адным ці некалькімі словамі; лозунг. Зрабіць як найбольш і як найлепш — стала дэвізам нашых людзей, дзе б яны ні працавалі. Пестрак. Усё шырэй і мацней гучыць палымяны дэвіз — жыць і змагацца па Ільічу. «Звязда».
2. Слова або выраз, якія замест свайго імя ставіць на творы аўтар, удзельнік закрытага конкурсу. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам «Наперад».
3. Уст. Кароткі сімвалічны надпіс на гербе, шчыце, ордэне і пад.
[Фр. devise.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.
2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.
3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азмро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Зацямніць, ахутаць цемрай.
2. Зрабіць сумным, маркотным, журботным. Маленства дзяцей азмрочыла вайна. □ [Лазавому] стала шкада, што ён азмрочыў такі светлы вечар настаўніцы. Васілевіч. Такому каханню можна было пазайздросціць, аднак я быў перакананы, што яшчэ ні адна хмурынка не азмрочыла яго, яно яшчэ не прайшло праз выпрабаванне. Чарнышэвіч. // Крыўдзячы, зрабіць менш радасным, прыемным. [Няшчасце], відаць, знарок цікавала за хлапчуком, каб у самы прыемны час азмрочыць яго радасць. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.
•••
Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́дак, ‑дка, м.
Невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. — Мы зробім яму з гэтых дошак будку і будзем карміць кожны дзень, — гаварыў Андрэй, тыцкаючы сабачку носам у сподак з малаком. Ваданосаў. Неўзабаве Ганна Карпаўна прынесла з кухні патэльню з яечняй, бохан хлеба і сунічнае варэнне на сподку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапа́цца, траплюся, трэплешся, трэплецца; незак.
1. Разм. Гаварыць лухту, бязглуздзіца, няпраўду; гаварыць несупынна. [Хрысціна:] — А Мікола Шугалей, з Русакоў, дык той усю дарогу трэплецца. Аж моташна бывае. Асіпенка. [Шумейка:] Таварыш капельмайстар! Наталля Мікалаеўна танцаваць хоча. [Наталля:] Годзе вам трапацца. Крапіва. // Расказваць што‑н., прагаворвацца аб чым‑н. [Юрка:] — Косця, Аня прынесла твой ліст у дзесяты пакой, стала на табурэт і ўсім прачытала... Потым чытала Верцы. Трэплецца ўсім... Карпюк.
2. Зал. да трапаць (у 1, 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапка́ч, ‑а, м.
1. Ручнік з доўгімі махрамі. У мыцельніку, пад чысцюсенькім, надвое зложаным трапкачом, ляжаў касцёр блінцоў. Гартны. — Вось тут, бліжэй да стала садзіцеся са сваёй канторай, — змахнула трапкачом стол Параска Карпаўна. Бялевіч.
2. Разм. Лупцоўка, біццё такім ручніком. [Баба] схапіла Віцю за руку, не даўшы нават распрануцца, задрала [ф]уфайку і — трапкача, трапкача! — «каб ведаў, .. як пад рукі злыдням лезці!». Паўлаў. [Маці] дала яму добрага трапкача, прагнала з хаты, сказаўшы: — Не руш чужое! Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́пкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.
2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́мка, ‑і, ДМ ямцы; Р мн. ямак; ж.
Памянш. да яма (у 1 знач.); невялікая яма. У Максімавых варотах, у ямцы, ляжаў і вяла павільваў хвосцікам кабан-кормнік. Капыловіч. // Невялікае паглыбленне на чым‑н., у чым‑н. Вусны.. [Буракова] адразу пасмяглі, на шчоках большымі зрабіліся ямкі, і стала відаць многа маршчын каля вачэй. Ермаловіч. // Выемка, ніша з боку прыпечка, куды заграбаюць жар, попел. У ямцы на прыпечку тлела некалькі вугалёў, прысыпаных попелам. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)