уня́ць, уйму, уймеш, уйме; уймём, уймяце; пр. уняў, уняла, ‑ло; зак., каго-што.
Разм.
1. Угаварыць або прымусіць каго‑н. супакоіцца, перастаць хвалявацца, крычаць, плакаць і пад. — Аўдоцця... — хоча перапыніць яе крык сам Анішчык, але дзе табе ўняць бабу, калі яна захацела пакрычаць. Мурашка. Нейкі час цяжкавата было аднавіць парадак, уняць гаваркіх. Кавалёў.
2. Суняць, супакоіць (пачуцці, боль і пад.). Я не супакойваў жанчыну, — я ведаў, што боль матчынага сэрца нельга ўняць нічым. Сачанка. Хлопец не можа ўняць дрыжыкаў. Навуменка. Уласнаю персонай Вяртаўся ён з раёна І смагі аніяк не мог уняць. Вітка. // Спыніць (кроў, слёзы). Спярша .. [тэлефаніст] прыклаў два пальцы к параненаму месцу, каб уняць кроў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урабі́ць, ураблю, уробіш, уробіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Падрыхтаваць зямлю для пасеву; абрабіць. [Дзед:] — Зямлі ў нас няшмат, ды без каня яе не ўробіш. Якімовіч. [Вяргейчык:] — Году не пройдзе — на папялішчах хаты вырастуць... І поле сваё ўробім. Сачанка. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць і сеяць. Грахоўскі.
2. Вымазаць, упэцкаць у што‑н. Асцярожна пераступалі [людзі] праз пабітую цэглу, у цагляны пыл урабілі шэрыя халаты, рукі. Лынькоў. А можа яшчэ не абсохлі ногі, калі.. [Наста] ўрабіла іх у гразь, падпіхаючы ў рацэ ля спаленага моста калёсы? Пташнікаў.
3. Умацаваць, уставіць куды‑н., у што‑н. Урабіць замок у дзверы.
4. Уплесці вязаннем. Урабіць пяту ў панчоху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.
1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.
2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.
3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Рэзкім штуршком прымусіць выпасці ўсё, многае. Павыбіваць вокны. □ І вясковыя хлопцы не праміналі, каб здзекліва запытаць, хто і за што.. [Ігару] зубы павыбіваў, што медныя ставіць давялося. Сіняўскі. // Б’ючы, топчучы, знішчыць усё, многае. Град павыбіваў пасевы. Каровы павыбівалі траву.
2. Трасучы, калоцячы, вычысціць усё, многае. Павыбіваць дываны.
3. Зрабіць вялікую колькасць паглыбленняў. Там вада, падаючы з лопасцяў, павыбівала такія ямы, што і цяпер не маглі знайсці жэрдку, якою б можна было дастаць дно. Сачанка.
4. Пракласці яздою, хадзьбой, пратаптаць многа чаго‑н. Павыбіваць сцежкі. □ Усціння ўзяла ў абедзве рукі па вядру .. і пайшла ўгору, асцярожна ступаючы ў канаўкі, якія павыбівалі капытамі коні, ходзячы на вадапой. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць няроўным, нягладкім; змяцца. Краўчанка неўзабаве асвойтаўся, а агледзеўшы сябе ў гэтых люстрах, знайшоў, што шынель ягоны не такі ўжо і стары, праўда, крыху памяўся ў вагоне, трэ было б скатаць, тады б разгладзіўся. Мікуліч. [Гаранскі] не садзіўся, нібы баючыся, што памнуцца, пакарабацяцца канцікі на ягоных штанах. Сабаленка.
2. Пераступаючы з нагі на нагу, патаптацца на адным месцы. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку. Колас. [Госць] устаў, памяўся крыху на нагах. Чорны.
3. перан. Разм. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць; павагацца. — Добра, так і дамовімся — адзін я не пайду, буду чакаць цябе. Толькі... — Я трохі памяўся. — Як жа ты жыць цяпер будзеш там, на ферме? Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрусі́ць, ‑трушу, ‑трусіш, ‑трусіць; зак.
Разм.
1. што і чым. Патрэсці. [Франц:] — Добра жыву, Макс. А ты як? Госць махнуў рукой. — Гэта бачна па мне. Бачыш? — ён патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў. Шамякін.
2. што, чаго і чым. Трасучы, насыпаць чым‑н., пацерушыць; рассыпаць што‑н. Патрусіць пяском дарожку. Патрусіць саломы. □ — Прастудзішся, дзівачок мой! — І [Ніна] патрусіла недзе на голае яго плячо пякуча-халодным снегам. Адамчык.
3. Пабегчы, пайсці дробнымі крокамі. — Міласці просім, міласці просім, — прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца. Колас. На паляну выбегла чорная вёрткая куніца.. Зіркнула ў адзін бок, у другі і, нечым спалоханая, патрусіла да тоўстага дуба-волата, што стаяў трохі ўбаку, ля самых выгараў. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расце́рці, разатру, разатрэш, разатрэ; разатром, разатраце; зак., каго-што.
1. Тручы, размяць, раздрабіць. Базыль кінуў і расцёр нагой акурак. Курто. // Тручы, размяшаць, ператварыць у аднародную або вадкаватую масу. Расцерці яйкі з цукрам. Расцерці сметанковае масла.
2. Размазаць па якой‑н. паверхні. Шурпатай далонню .. [Агей] выцер вочы, расцёр па шчацэ слязу. Галавач. [Пастаялец] заўважыў попел на абрусе. Хацеў пальцам згарнуць, ды расцёр на тканіне. Грамовіч.
3. Зрабіць масаж, уцерці што‑н. Чырвоныя ад холаду ногі .. [Піліп] расцёр і працягнуў да агню. Шчарбатаў. Асцярожна перанёс туды раненага капітана і зрабіў перавязку, расцёр спіртам яго твар і рукі. Шамякін.
4. Разм. Ходзячы, ездзячы, утаптаць, пракласці (дарогу, сцежку і пад.). А хоць і разатруць, пратопчуць дарогу — ненадоўга. Уночы яе ўсё адно закідае, замяце снегам. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самапа́сам, прысл.
Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́яцца, сеецца; незак.
1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.
2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.
3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.
4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.
2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)