растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм.
1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.
2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смало́вы, ‑ая, ‑ае.
1. У якім многа смалы; які змяшчае ў сабе смалу, смалісты. Смаловыя бярвенні. □ Яшчэ з далёкае пары Мне пах знаёмы на дрывотні Смаловых трэсак і кары. Бялевіч. Пахне бярвеннем, смаловымі дошкамі. Скрыган. // Які ўтвараецца пры гарэнні смалы. Тонкі маладзік, нібы калыска, Гайдаецца да рання над сялом, І патыхае недзе блізка-блізка Смаловым дымам, домам і цяплом. Грахоўскі.
2. Які мае адносіны да смалы, уласцівы смале. Паветра было чыстае, свежае, напоенае смаловым водарам. Чарнышэвіч.
3. Апрацаваны смалой, прасмолены. Смаловы канат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад устрывожыць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі, хвалявання. Устрывожаны камендант.. загадаў двум сваім салдатам з аховы неадкладна праверыць, хто страляе і па чыйму дазволу. Якімовіч. — Што з табой, Ваня, ты нездаровы, ці што? — спытала ўстрывожаная жонка. Карпюк. // Які выражае трывогу, хваляванне. — Хто гэта? — пачуўся ўстрывожаны жаночы голас. Скрыпка. А .. [Таня] нібы не заўважала ўстрывожаных мужавых вачэй. Новікаў. // Успуджаны, сагнаны з месца. Устрывожаныя птушкі ўзвіваліся ў паветра, высока кружыліся ў небе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фізіяно́мія, ‑і, ж.
1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.
2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.
[Фр. phisionomie.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́рна,
1. Прысл. да чорны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла, асвятлення дзе‑н.; пра перавагу чорнага, цёмнага колеру дзе‑н. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Чорны. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Мележ. // перан. Цяжка, змрочна (на душы, на сэрцы і пад.). А на сэрцы было пуста і чорна, нібы ўзяў хто маленькае Міколкава сэрца і выціснуў з яго ўсю гарачую кроў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.
2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.
3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.
4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм.
1. Вырвацца, зайсці далёка наперад (у час атакі, наступлення і пад.). [Зімін:] Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў.. [немцаў] Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Губарэвіч. // перан. Зайсці далёка ў чым‑н., перайсці ўсякія межы. — Мала што я магу сказаць! Хіба ты ўсё павінен слухаць? Ты ж павінен паправіць мяне, калі я дзе зарваўся! Лобан.
2. Абарвацца ўнутры чаго‑н. (пра нітку). Нітка зарвалася ў клубку.
3. Раптоўна спыніцца, абарвацца. Мар’яна нібы атупела, Зарваліся голас і слёзы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.
2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чай, ‑ю, м.
1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.
2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)