зданнёвы і зда́нневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўзнікае, паяўляецца, як здань. Нейкія зданнёвыя вобразы, недарэчныя людскія абліччы .. мітусіліся ўваччу. Лынькоў.

2. Нерэальны, уяўны. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак. Колас.

3. Няясны, невыразны. Зданнёвы сілуэт дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ке́млівы, ‑ая, ‑ае.

Які ўсё хутка і лёгка разумее, засвойвае; здагадлівы, цямкі. Дзяўчына трапілася кемлівая, усё схоплівала на ляту, і тлумачыць было прыемна. Карпаў. Камандзірамі .. былі .. сялянскія хлопцы, найбольш смелыя і кемлівыя. Брыль. // Разумны, абдуманы. Гэта сапраўды быў кемлівы ход, можна сказаць — «траянскі конь» нашых сапёраў, інжынераў-фартыфікатараў. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́ку і ку-ку́, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння кукавання зязюлі. Падкасілі яго пілы, Павалілі тапары. А зязюля галасіла: — Ку-ку: дзе мой бор стары? Бялевіч. / у знач. наз. Ёсць свае дзівацтвы і ў шэрай зязюлі. Гучнае «ку-ку!» лясной бяздомніцы можна пачуць амаль у кожным ляску. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

незвыча́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць незвычайнага. Незвычайнасць ўчынку. Незвычайнасць абставін.

2. Незвычайная з’ява, здарэнне і пад. Усё, што ён робіць, акружана арэолам выключнасці, незвычайнасці. Бярозкін. Можна было падумаць, што, каб увесь свет перавярнуўся верхам уніз,.. [стары чалавек] не здзівіўся б і не паглядзеў бы на гэта, як на незвычайнасць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўладкава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўладкаванага; адсутнасць сістэмы ў чым‑н. Неўладкаванасць спраў. □ Хлопчык пасек лазы, навысякаў колля і змайстраваў гэтакі добры будан, і калі б не вайна, калі б не раненыя ды не гора і боль навокал, можна было б забыцца на неўладкаванасць ляснога быту. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прапах, ‑ла; зак., чым.

Насыціцца якім‑н. пахам. [Сёмка] так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас. Жыў Макарка ў цёмнай, на тры акенцы хаце, якая ўся прапахла дзёгцем і смалою. Хомчанка. Выцвілі пад сонцам яго бровы, Чабарком, Жывіцаю прапах. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.

Тое, што і прыкмета. Дзед Талаш і Мартын Рыль былі запісаны ў асобны спісак з пералічэннем прымет, па якіх можна пазнаць іх. Колас. — А ляцяць як нізка! — Зіма блізка, — напамінае Сцяпан вядомую ўсім прымету. Крапіва. Зачарнелі дарогі — добрая прымета на ўраджай. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́завы, ‑ая, ‑ае.

Сапраўдны на адзін раз. Разавы білет. □ Пайшоў [Назарчук] на міжгароднюю. Там сказалі, што на «Беларусь» можна пазваніць толькі ў гадзіну ночы. «У гадзіну, дык у гадзіну», — падумаў сабе чалавек і ўзяў разавы талон. Сабаленка. // Які робіцца толькі за адзін прыём або толькі раз. Разавы збор. Разавая дапамога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

секвестра́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць секвестрацыю (у 1 знач.). Не забудзе.. [жанчына] да самай смерці той дзень, калі заехаў зімой секвестратар і за нядоімкі забраў гаспадароў кажух. Дамашэвіч. Ад рання да вечара гайсалі па хатах секвестратары, солтысы і паліцаі, забіралі за падаткі ўсё, што можна было забраць. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́зганка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Слізкае месца; коўзанка. Па дварэ яшчэ восень, лісце не ўсё пажоўкла, а Пятруська можа напісаць у сваім сшытку «Зіму». Захоча, дык і напіша. А напісаўшы, уявіць, што гэтае слова азначае снег, марозы і слізганку на вуліцы. Можна і намаляваць усё гэта. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)