стру́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.

2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суме́жны, ‑ая, ‑ае.

Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суправаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суправаджаць — суправадзіць.

2. Тое, што суправаджае якую‑н. з’яву, працэс.

3. Акампаніраванне; акампанемент, другая партыя. [Маша] ўпершыню чула капэлу-спеў без музычнага суправаджэння. Шамякін.

4. Спец. Група ваеннаслужачых (або баявых машын, самалётаў і пад.), якая суправаджае або канваіруе каго‑, што‑н. Самалёты суправаджэння.

•••

У суправаджэнні каго-чаго — а) разам з кім‑, чым‑н. Па вагону ў суправаджэнні правадніцы прасоўваецца брыгадзір. Васілёнак. [Пішчыкаў] павярнуўся і прасачыў, як самалёт з групы Мохарта пайшоў і пайшоў уніз у суправаджэнні знішчальніка. Алешка; б) пад акампанемент чаго‑н. Хор у суправаджэнні аркестра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ша, ‑ы, ж.

1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.

2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.

2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туне́ль, ‑я, м.

Штучны скразны праход у гарах або пад зямлёй для транспарту, пешаходаў, каналаў і пад. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. Час ад часу цягнік улятаў у тунель, і тады грукат колаў мацнеў, пераходзіў у гром, і на вушы, як у самалёце, пачынала знесці сціснутае паветра. «Полымя». // Доўгі праход, які ўтвараецца чым‑н. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунель. Чарнышэвіч. Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунелі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень. Шамякін.

[Англ. tunnel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увя́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. увяз, ‑ла; зак.

1. Засесці, завязнуць, трапіўшы ў што‑н. вязкае, ліпкае, сыпкае. Увязнуць па пояс у балоце. // Разм. Завязнуць у чым‑н. цесным, вузкім. Увязнуць з пакункамі ў дзвярах.

2. перан. Разм. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. — От чортава натура! — без злосці прамовіў Яўген Рыгоравіч. — Ужо ўвяз [у будаўніцтва] і мяне цягне... Але хіба можна адмовіцца! Хадкевіч. // Аказацца пад уздзеяннем, ва ўладзе чаго‑н. [Чаркашын:] — Я быў у .. [Рэні]. Не пусцілі .. Я ім усю іхнюю бальніцу разнясу, калі другі раз не пусцяць. Я, брат... цяпер увесь увяз... Душа ўвязла... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбро́іць, узброю, узброіш, узброіць; зак., каго-што.

1. Забяспечыць зброяй, сродкамі для вядзення бою. Узброіць атрад вінтоўкамі. Узброіць армію. □ У першыя дні вайны Карнееў сабраў у насельніцтва паляўнічыя стрэльбы і ўзброіў сельскі актыў. Залескі.

2. чым. Забяспечыць прыладамі, прыстасаваннямі для якой‑н. дзейнасці. Узброіць тэхнікай. // перан. Даць якія‑н. веды, звесткі і пад., неабходныя для якой‑н. дзейнасці. Узброіць вучняў грунтоўнымі ведамі асноў навук. □ — Што дала мне студыя? Узброіла неабходнымі ведамі і навучыла карыстацца імі ў практыцы. Сяргейчык. Партыя ўзброіла пісьменнікаў ясным разуменнем задач літаратуры ў эпоху будаўніцтва камунізма. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., што.

Разм.

1. Ускапаць, узадраць, узламаць паверхню чаго‑н. Свінні ўзвярнулі двор. Вецер узвярнуў страху. // Узараць. Але ж хіба не ён [Станіслаў Пракопавіч] узвярнуў увосень усё Лавацкае поле і той клін пад Гальдорадай, што ад вайны можа ўспорваўся які раз ці два і выганам стаў? Пташнікаў.

2. Узваліць што‑н. цяжкае, грувасткае на верх чаго‑н. Узвярнуць бярвенне на платформу вагона. Узвярнуць паклажу на плечы.

3. перан. Прыпісаць каму‑н. чужую віну, незаслужана абвінаваціць. [Аляксей:] — Невядома, што там у .. [брата з камендантам] было, аб чым яны дамовіліся, але ўсю бяду ўзвярнулі на мяне. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)