Ара́ва ’мноства людзей (жывёл)’ (Інстр. III, Сцяшк., Бяльк.). Рус. орава, арава ’тс’, укр. орава, арава ’тс’. Коканаў (ИОРЯ, 1966, 3, 228), абвяргаючы цюркскае паходжанне, дапускаў угра-фінскае, комі-зыранскае, але ніякіх дакладных пацверджанняў крыніцы няма. Фасмер, 3, 147 (услед за Патабнёй паводле Гараева), звязвае з реветь. КЭСРЯ, Трубачоў (Фасмер, 3, 147) за Унбегаунам, BSL, 52, 173, і Міклашычам звязваюць гэта слова з ора‑ть ’крычаць’. Пераканаўчае рашэнне дае Варбот (РР, 3, 1974, 100–103), якая звязвае слова з кашуб. orava ’талака падчас ворыва’ і ўзводзіць слова да араць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ат’яжо́жынне ’адмаўленне, аднекванне’ (Бяльк.). Аддзеяслоўны назоўнік з суфіксам ‑нне ад дзеяслова *атʼяжожыць (‑вацца), утворанага з прэфіксам ат‑/ад‑. Беспрэфіксальная форма прадстаўлена ў рускіх гаворках: язать(ся) ’абяцаць’. Язать Фасмер (4, 549) звязвае з (в)яз‑а‑ть як зваротнае ўтварэнне ад об(в)язать(ся); семантычна пераход ад ’абавязацельства’ да ’адмовы’ ад яго (выражанай прэфіксам ат‑) цалкам магчымы. Не зусім ясная ў гэтым выпадку фанетыка рускіх адпаведнікаў: язжить, яжжить ’бурчаць, лаяць’, ягать крычаць’. Фасмер параўноўвае гэтыя словы з яга (гл.). Асобнасць фіксацыі беларускага слова не дае магчымасці больш ясна тлумачыць яго паходжанне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жо́лаб ’прадаўгаватае паглыбленне; карыта’. Рус. желоб ’прыстасаванне для стоку вады’, укр. жо́лоб ’карыта, прыстасаванне для перасыпання, пералівання’, польск. żłób, серб.-луж. žłob, чэш., славац. žlab, славен. žlêb, балг., макед. жлеб ’тс’. Ст.-рус. желобъ, жолобъ. Ц.-слав. жлѣбъ. Прасл. *želbъ < gelbъ. Ільінскі (РФВ, 1918, 78, 3–4, 198) звязваў са ст.-ісл. golf ’унутранасць пасудзіны; падлога’. Фасмер, 2, 61; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 282; БЕР, І, 550; Махэк₂, 729; Скок, 3, 683. Пятлёва (Этимология, 1975, 47–49) звязвае з серб.-харв. ижуњити ’выдаўбаць’ і лічыць першасным значэнне ’выдаўбанае’. Іншыя этымалогіі (гл. Фасмер) малаверагодныя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Салда́т ’радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. солда́т ’тс’, якое вядома з 1515 г.; запазычана праз зах.-еўр. мовы (ням. Soldat, франц. soldat і г. д. з італ. soldato ад soldare ’наймаць’); Праабражэнскі, 2, 352; Клюге, 568; Фасмер, 3, 709. З рус. і салдафо́н ’ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек’ (ТСБМ); у рус. з солдат пад уплывам уласнага імя Агафон, гл. Фасмер, там жа. Ст.-бел. салдатъ (1710 г.) з той жа крыніцы (Булыка, Лекс. запазыч., 63).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таўро́ ’кляймо, распазнавальны знак’ (ТСБМ, Ласт.), ’кляймо, штэмпель’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. тавро́ ’тс’. Тлумачаць з тур. tuɣra ’манаграма султана’ (Фасмер, 4, 8; Анікін, 521), параўн. ст.-цюрк. tuɣraɣ ’манаграма, пячатка хана, распараджэнне хана’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мы́шка ’пад пахай’ (пух., стаўбц., КЭС), рус. мышка, под мы́шкой, польск. myszka, в.-луж. myška, чэш. myška, славен. mȋška, серб.-харв. ми̏шка, балг. мишка. Калька з лац. mūsculus ’мышка’ (Фасмер, 3, 27; Бязлай, 2, 185).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Небаскроб ’вышынны будынак’ (БРС, ТСБМ). Калька з рус. небоскреб (Крукоўскі, Уплыў, 129), што ў сваю чаргу з англ. skyscraper ’тс’ (Фасмер, 3, 53); параўн. таксама хмарочос ’тс’ (Караткевіч) з укр. хмарочос (калька з ням. Wolkenkratzer).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Магне́зія ’вокіс, або соль магнія’ (ТСБМ) запазычана з рус. навуковай тэрміналогіі — магнезия, якое з ням. Magnesia або з н.-лац. magnesia < грэч. Μαγνησία — назва мясцовасці ў Фесаліі, горада ў Лідзіі (Гараеў, 448; Фасмер, 2, 556).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
О́пій, о́піум (ТСБМ) ’высушаны млечны сок з няспелых галовак маку’ (ТСБМ). Запазычана з рус. опиум, якое з ням. Opium (XVI ст.) (Фасмер, 3, 144). Згодна з КЭСРЯ, 310, рус. опиум з лац. opium (XIX ст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)