крышта́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і крышталічны. Крыштальная каніфоль.
2. перан. Празрысты, светлы, чысты. Мне ногі змываюць крыштальныя росы. Колас. А рэчка .. пеніцца Крыштальнаю вадой. Кляшторны.
3. перан. Бездакорны, беззаганны (пра некаторыя дадатныя якасці чалавека, а таксама пра чалавека з такімі якасцямі). У п’есе «Канец дружбы» створан яскравы, глыбокі вобраз камуніста Карнейчыка — чалавека крыштальнага сумлення, высокай ідэйнасці і прынцыповасці, да канца адданага справе партыі. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
морг 1, ‑а, м.
Трупярня. Стары інвалід быў забіты насмерць, і яго адразу адвезлі ў морг. Лынькоў.
[Фр. morgue.]
морг 2, ‑а, м.
Старая зямельная мера (0,71 гектара). Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас.
[Польск. morg.]
морг 3, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца для абазначэння адзінкавага кароткага маргання (ад дзеясл. маргнуць і маргаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і позні. Ужо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. Колас. Ўжо пара мне дадому збірацца, — Вечар позны, а час не стаіць. Багдановіч. — Прыйшлі багатыя і дурныя людзі і забілі .. [птушку] і піскляняты цяпер прападуць: вывадак позны. Самуйлёнак. Мой сябар.. моцна лае мяне за такое пазнае спаннё. Трэба зараз жа ехаць з ім у маёнтак. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смяшо́к, ‑шку, м.
Разм.
1. Кароткі або ціхі смех. Айцец Мікалай па-сяброўску стукае настаўніка па плячы, а сам смяецца дробным смяшком. Колас. Смяшок у зале перарос у рогат. Мехаў. // Пра жартаўлівы або іранічны выраз вачэй. Бляскам акуляраў засланяўся смяшок у вачах... Бядуля.
2. часцей мн. (смяшкі́, ‑оў). Жарты, насмешкі. Перш цішэй, а што далей — то смялей.. [рабочыя] пасылалі .. [палкоўніку] ўслед жарты, смяшкі і посвіст. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трухля́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што струхлела, разбурана трухленнем. А калі ён [Гіляр] добра топнуў нагой і скарыначку тую прабіў, дык адразу праваліўся ў гнілізну, у трухляціну. Дубоўка. Піць, увесь час хочацца піць, а балота дыхае на нас нейкай трухляцінай. Бажко. / у перан. ужыв. [Вольга Віктараўна:] — Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапу́н, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і хапуга. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас.
2. Атрад карнікаў. У вёскі пацягнуліся паліцэйскія і нямецкія атрады праводзіць аблавы.. Гэтыя атрады называлі хапунамі. Лынькоў. Першы хапун наляцеў у Заграддзе знячэўку. Немцы ачапілі вёску, а паліцаі, падабраўшыся непрыкметна агародамі, пайшлі па хатах. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмут, ‑а, М чмуце, м.
Разм.
1. Хітры, спрытны ашуканец, несумленны ў адносінах з людзьмі чалавек. [Саўку] падабалася рэпутацыя чмута і манюкі, чалавека з абмежаванымі інтарэсамі. «Полымя». Даўней бадай што ў кожным сяле быў свой вядзьмар. А што ні вядзьмар — то найпершы чмут. Якімовіч.
2. Тое, што ачмурае; дурман; падман. Паводкай веснавою, Паходкай маладою Імклівіць вольны люд, Змятаючы з дарогі Вякоў старых парогі, Старых законаў чмут. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыні́цца, чыніцца; незак.
1. Рабіцца, дзеяцца. Палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур[эй], парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. Колас. Допыты чыніліся [гестапаўцамі] кожную ноч. Спачатку толькі вялі допыт — абразліва, груба. Потым пачалі біць. «Маладосць».
2. Зал. да чыніць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шля́га, ‑і, ДМ шлязе, ж.
Прылада, ударамі якой трамбуюць ці ўшчыльняюць глебу, пясок, каменне і пад., а таксама выраўноўваюць паверхню. Як удзяўбе сабе што ў галаву, дык шлягаю не выб’еш — такі чалавек. Мурашка. Але б вы самі спрабавалі, Калі б у вочы вам плявалі І вас агіднаю знявагай Па сэрцы білі б, як той шлягай! А ты маўчы, свяці вачамі Перад паўпанкамі, панкамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аўдыто́рыя, ‑і, ж.
1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.
2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. □ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.
[Лац. auditorium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)