цары́ца, ‑ы, ж.
1. Жан. да цар.
2. Жонка цара.
3. перан.; чаго. Тая, што пануе, першынствуе дзе‑н., перавышаючы ўсіх якімі‑н. якасцямі. Усё жыццё сваё табе ахвярую; будзь ты ўладарніцай душы маёй, царыцай песень маіх! Бядуля. / у вобразным ужыв. Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Багдановіч.
•••
Царыца палёў — пяхота. Былі ў гэтым яго настроі і адчай, і заліхвацкасць, і нецярплівасць бывалага франтавіка, якому яшчэ давядзецца паваяваць, і не дзе-небудзь, а ў царыцы палёў — пяхоце. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цярплі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае цярпенне (у 1 знач.); здольны з цярпеннем пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. Цярплівы мужны наш народ. Астрэйка. Страшна сказаць — ён [Таўлай] паміраў шэсць месяцаў, ведаў пра гэта, а ўсё ж заставаўся самім сабою: цярплівы, спакойны, мілы. Брыль.
2. Здольны рабіць што‑н. доўга, настойліва, з цярпеннем. Хіба вельмі вучоны чалавек можа .. [літары] разблытаць, нібы цярплівая гаспадыня скудлачаны маток нітак. Бядуля. // Доўгі, упарты. Цярплівая праца.
3. Поўны цярпення (у 1 знач.); які выражае цярпенне. Цярплівыя адносіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яскра́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.
2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.
1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.
2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.
3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.
4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.
5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бацько́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з бацькоў. Бацькоўскі камітэт. Бацькоўскі сход. // Які зыходзіць ад бацькоў. Бацькоўская воля, ласка. Бацькоўскае благаславенне. // Які належыць бацькам. І што б я быў для чалавецтва, Калі б не гэтая дарога, Якая ў свет шырокі ўецца Адсюль — з бацькоўскага парога. Лойка. // Які звязаны з бацькамі, бацькоўствам. Дагледзець бацькоўскую старасць.
2. перан. Клапатлівы, дбайны, ласкавы ў адносінах да каго‑н. Бацькоўскімі клопатамі акружаюць савецкіх дзяцей наша партыя і ўрад. □ Незнаёмы паглядзеў на мяне цёплымі, бацькоўскімі вачамі. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́ньба, ‑ы, ж.
1. Бясслаўнае становішча, якое выклікае крайняе асуджэнне, пагарду. — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Бядуля. Лепш са славаю памерці, Як жыць у ганьбе пад ярмом. Глебка. // Пра дзеянні, учынкі, якія выклікаюць пагарду, асуджэнне. Лічылася ганьбай, калі хто выдасць паліцыі зборшчыка. Машара. // Тое, што знеслаўляе, прыніжае чыю‑н. годнасць. — П’янства — гэта ганьба, і з ім мы змагацца будзем, — спакойна прамовіў Дзімін. Карпаў.
2. Загана, недахоп. Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапс[а]рдак. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарля́к, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і горла (у 1 знач.). Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі. — Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля, — сказаў ён, ні да кога не зварачаючыся. Колас.
2. Частка шчытападобнага храстка, якая выдаецца ўперад; кадык. На зморшчанай, хударлявай шыі х[одыра]м хадзіў востры, нібы яловы сучок, гарляк. Бядуля.
3. Тое, што і горла (у 2 знач.). [Кірыла] агледзеў прыладдзе, паспрабаваў пакруціць за корбу, падзівіўся, як праз гарлякі белаю цягучаю гумаю вылівалася малако. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гармо́нік, ‑а, м.
1. Духавы музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодыю. Асіпенка.
2. у знач. прысл. гармо́нікам, у гармо́нік. Густымі паралельнымі складкамі (пра паперу, скуру і пад.). Халявы гармонікам. □ Сціснуў [Ігналя] кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і мармытаў сабе пад нос: — Ліха на мяне! Ліха на мяне! Бядуля.
•••
Губны гармонік — музычны інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзіно́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца асобна, адасоблена ад іншых падобных; адзінкавы. Адзіночны стрэл. // Які не мае побач падобных сабе, размешчаны па адным, асобна. [Іван:] — Будзем біць адзіночныя, пераважна легкавыя [машыны]. Новікаў. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Бядуля.
2. Такі, які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго, без удзелу, без дапамогі другіх. Адзіночны промысел.
3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго. Адзіночная камера. // Звязаны са знаходжаннем у адзіноцтве, у ізаляванні ад іншых. Адзіночнае зняволенне.
•••
Адзіночны лік гл. лік (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адцяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
1. Вылучаць, накладваючы цень, робячы цямнейшым па тоне. Адцяняць контуры на малюнку. // Рабіць ярчэйшым, выразнейшымм, падкрэсліваць колер, тон чаго‑н. [Дануся] была ў белай сукенцы-тэнісцы, якая так прыгожа адцяняла смуглае, загарэлае цела. Карпюк.
2. Вылучаць, падкрэсліваць, рабіць больш прыкметным. Вольга была апранена ў нешта падобнае да чорнага жакеціка, які адцяняў яе стройную постаць. Пестрак. // перан. Падкрэсліваць, рабіць выразным, узмацняць. Дзе-нідзе на сценах захаваліся квадраты шпалераў у свежым выглядзе. Гэта яшчэ больш адцяняла запушчанасць пакоя. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)