зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.
1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.
2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.
3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.
•••
Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.
2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.
3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.
4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́перці, ‑пру, ‑праш, ‑пра; пр. выпер, ‑рла; зак.
1. што. Выціснуць, выдушыць што‑н. адкуль‑н. Выперці дно ў бочцы. Выперці шыбу.
2. каго. Разм. Прымусіць выйсці, выехаць адкуль‑н.; выгнаць. Выперці дзяцей з хаты. □ Напэўна б сход сарваўся, Але Трэзор Прыдумаў, чым даць рады: За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду, і выперлі нягодніцу на двор. Корбан. // Выключыць, звольніць каго‑н. адкуль‑н. Выперці з установы.
3. без дап. Разм. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперці наперад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да выйсці (у 1–5, 7, 8 і 10 знач.).
2. Быць накіраваным у які‑н. бок. Вокны малога пакоя выходзілі на кірмашовы пляц. Чорны.
3. з чаго. Грунтавацца на чым‑н. Выходзіць з меркавання.
4. у знач. пабочн. Значыць, як вынікае. Але ж, выходзіць, пра .. [схованкі] ведаў і нехта трэці. Якімовіч. — Муруеш, выходзіць? — хмура перапытваў.. [брыгадзір]. — Ну, то муруй, муруй... Вышынскі.
•••
З галавы (з памяці, з думак) не выходзіць — пастаянна думаць пра што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́л 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.
2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.
3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.
апа́л 2, ‑у, м.
Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абсы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; зак.
1. Абваліцца, сыплючыся. [Корзун] напэўна не спяшаўся — сляды былі акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкі абсыпаліся не больш, чым у астатніх. Шыцік.
2. Пакрыцца, усеяцца мноствам чаго‑н. Зорамі абсыпалася начное неба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Займець многа дзяцей. А як падрос [Барыс] — дык і зусім у ярмо ўпрогся, дзецьмі абсыпаўся, галотай... Нікановіч.
3. Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). Лісце даўно абсыпалася з дрэў. Бядуля.
абсыпа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да абсы́пацца.
2. Зал. да абсыпа́ць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.
2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.
3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карані́цца, ‑ніцца; незак.
1. Пускаць карані, урастаць каранямі. Дрэва галініцца і караніцца.
2. Мець сваёй асновай, прычынай што‑н.; адбывацца, здарацца ад чаго‑н. Іменна такія бязвольныя чалавечкі, баязліўцы, абывацелі — тая пажыўная глеба, у якой караняцца воўчыя грыбы накшталт Дзерваеда. «ЛіМ». Ці гэта быў вынік звычайнага крызісу, нярэдка характэрнага маладосці пад час выбару шляху, ці прычыны караніліся ў нечым іншым, цяжка сказаць. Ліс.
3. Моцна трымацца, знаходзіцца ў кім‑, чым‑н. Моцна каранілася ў свядомасці людзей думка аб немагчымасці барацьбы з балотамі. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
моль 1, ‑і, ж.
1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.
2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.
моль 2, ‑я, м.
Спец.
1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.
2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.
моль 3, ‑я, м.
Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)