драбі́ць, драблю, дробіш, дробіць; незак., што.

1. Разбіваць, дзяліць, крышыць на дробныя часткі. Драбіць камень. □ Звінела стальное зубіла Пад чорным цяжкім малатком, Замшэлую глыбу драбіла, І падаў кусок за куском. Гаўрусёў. // перан. Расчляняць, раз’ядноўваць на асобныя часткі. Драбіць сілы.

2. і без дап. Рабіць што‑н. (іграць, гаварыць і пад.) у залішне паскораным тэмпе. Адзін барабанчык.. шумеў званочкамі і драбіў пераборам — ну, як заўсёды, хвацка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.

Разм.

1. Рабіць разлікі, падлікі. Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.

2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церушы́цца, цярушыцца; незак.

1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.

2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упхну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.

2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.

3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.

4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. чаго і без дап. Сказаць многа чаго‑н. Нагаварыць непрыемнасцей. □ Дзед раптам спахапіўся і змоўк, нібы баючыся, што нагаварыў лішняга. Шуцько. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет.

2. на каго і без дап. Узвесці паклёп, напляткарыць. [Папас:] — Ну і нагаварыў жа сам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта. Галавач. — Чуў я, жаніцца збіраешся? — Маліны светла-шэрымі праніклівымі вачыма дапытліва і з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш? .. Яны сціхлі. Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Мележ.

3. што. Запоўніць (пласцінку, плёнку і пад.) якім‑н. тэкстам. Нагаварыць пласцінку.

4. што. Разм. У забабонных людзей — нашаптаць заклінанняў на што‑н.

•••

Нагаварыць сорак бочак арыштантаў — расказаць шмат неверагодных гісторый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харч, у, м.

1. Тое, што спажываюць, чым жывяцца. — Мама! Ну што ты кажаш? — дакорліва сказала Даша і хуценька пачала збіраць харч у дарогу. Асіпенка. З харчам было неяк прасцей. Бульба ў хаце ўсё-такі не зводзілася. Навуменка. // Прыгатаваная страва. — Гэй, хлопцы! Пад’ём! — гукнуў Мікола. — Харч прыехаў! Даніленка. // звычайна мн. (харчы́, о́ў). Прыпасы ежы. [Цыпручыха:] — У яго ж ні капейкі няма з сабою, а харчоў узяў усяго на два дні. Бядуля. — Нешта змізарнеў ты тут, сынку, на гарадскіх харчах. Шчарбатаў.

2. Корм для жывёлы. [Дзед:] — Малако ж вы любіце, дык павінны клапаціцца і пра харч каровам на зіму. Рылько.

3. Тое, што і харчаванне (у 3 знач.). Посны харч. □ [Астап:] — Я спытаць цябе хачу: чаму гэта ты схуднеў так? Ці гэта ад харчу? Лынькоў.

4. перан. Тое, што з’яўляецца крыніцай роздуму, разважанняў. [Шыковіч:] — Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Шамякін.

•••

На сваіх харчах — харчавацца за свой кошт.

На харчах святога Антонія — недаядаючы. галадаючы.

Харчы пераводзіць — а) спажываць ежу, якая не ідзе на карысць; б) марна траціць сродкі на што‑н.

[Араб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ка, ‑і, ДМу, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай, ж.

Разм.

1. Пагард. Пра пісьменніка (звычайна дрэннага, але пладавітага). А ўвогуле, каб яго воля, .. [Гукан] не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым .. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Шамякін. [Генерал] глянуў на мяне неяк здзіўлена — як гэта пісака можа даваць такія практычныя парады? Пестрак.

2. Жарт. Той, хто піша, умее пісаць (у 1 знач.). Часам за стол садзіўся бацька.. і казаў: — Ну, дарэктар, прымай яшчэ аднаго пісаку... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ка, ‑і, м. і ж.

Разм.

1. ДМ ‑мацы, ж. Старая або сапсаваная рэч. [Салавей:] — А з чаго страляць будзеце? [Сымон:] — Такія-сякія ламакі знойдуцца, там мо і чаго лепшага расстараемся. Грахоўскі. // ДМ у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж.; перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых). [Каваль:] — Ну, і што там [у тэлеграме] патрабуюць ад такога старога ламакі, як я? Паслядовіч.

2. ДМ у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж. Чалавек, які крыўляецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізіяно́мія, ‑і, ж.

1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.

2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.

[Фр. phisionomie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хале́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халеры (у 1 знач.). Халерны вібрыён. Халерная эпідэмія. // Які бывае пры халеры, выкліканы халерай. Халерны панос. // Звязаны з эпідэміяй халеры. Халерны год.

2. Які захварэў на халеру. Халерны хворы. / у знач. наз. хале́рны, ‑ага, м.; хале́рная, ‑ай, ж. Барак для халерных. // Прызначаны для хворых на халеру. Халерная бальніца.

3. Разм. груб. Вельмі дрэнны, непрыемны. [Павал:] — Я на цябе жаднае крыўды не маю. [Тамаш:] — Ну дык чаго ты звягаеш.. Што гэта за народ халерны. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)