вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.
1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.
2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.
3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абліза́ць, ‑ліжу, ‑ліжаш, ‑ліжа; зак., каго-што.
Правесці языком па паверхні чаго‑н.; ачысціць каго‑, што‑н. лізаннем. Ваўчыха аблізала ваўчаня. □ Пятрову вельмі захацелася піць, і ён аблізаў засмяглыя губы. Лупсякоў. // перан. Дакрануцца да чаго‑н., прабегчы па чым‑н. (пра языкі агню). Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. // перан. Абмыць, абдаць (пра хвалі, ваду). Вада аблізала камень.
•••
Пальчыкі абліжаш (абліжаце) — пра што‑н. смачнае, прыемнае, прывабнае. Бульба сопкая, разломіш напалам, памочыш у соль — пальчыкі абліжаш! С. Александровіч. [Гарлахвацкі:] І цікавая навіна? [Зёлкін:] Пальчыкі абліжаце. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
купа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Апусціўшыся ў ваду, абмывацца, плаваць, асвяжацца. Купацца ў рацэ. □ З тысяч і тысяч людзей на пляжы купаліся толькі рэдкія адзінкі. Лынькоў. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае. Свінні купаюцца ў лужыне. □ Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. Адамчык.
2. перан.; у чым. Мець, скарыстоўваць чаго‑н. залішне многа. У малацэ купаецца. □ — Правільна... Яна вунь у грашах купаецца, не ведае, што на сябе апранаць, — столькі трантаў. Мыслівец. // Цешыцца, мець асалоду ад чаго‑н. Некалькі дзён думкі яе [Зоські] купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Бядуля.
•••
Купацца ў крыві — учыняць масавыя забойствы, пакаранні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задра́цца 1, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑лася; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца ўгору. [Плывец] бухнуўся галавою ў ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору. Колас. — Уй, — закрычыць, быццам ад страху, Аўдуля, а ў душы рада, смяецца, носік той кірпаты задзярэцца, вочкі прыжмурацца. Ермаловіч. // Загнуўшыся, падняцца ўверх (пра вопратку). Плацце задралася. // Адарваўшыся, загнуцца ўгору; залупіцца (у 1 знач.). Кара на ліпе задралася.
2. Разм. Загаліцца, падняўшы плацце, спадніцу.
3. Павесці сябе задзірыста. Сымон адчувае сябе ніякава. Задраўся тады крыху, як былі ў Івана. Сташэўскі.
задра́цца 2, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑дралася; зак.
Пачаць драцца (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.
2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.
Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.
1. Сагнуць, пакарабаціць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. Аднойчы я сам бачыў, як .. [парабкі].. выплюхнулі з цабэрка ваду, а рыдлёўкі пагнулі і закінулі ў крапіву. Бажко. Алёша, закасаўшыся, сам стаяў у размешанай гразі, глядзеў, каб чаго не пагнуць у машыне. Лобан. // Схіліць, нахіліць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. На .. [ стале] у гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.
2. і без дап. Гнуць некаторы час. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Разм.
1. Прымацаваць да чаго‑н., злучыць з чым‑н. [Джвучка] прымайстраваў сам у кузні да перадка бочку і праклаў ад кароўніка ля плота дарогу да моста. Пташнікаў. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны! Асіпенка.
2. Размясціць, палажыць, паставіць дзе‑н. Я на выпадак бою ямчэй прымайстраваў за плячамі рацыю. Няхай. Звязаўшы ўсё гэта [адзежу], прымайстраваў за плечы і асцярожна ўвайшоў у ваду. Скрыпка.
3. Прыладзіць, прыстасаваць якім‑н. чынам. Мне здаецца, калі б прымайстраваць нашы калёсы на гэткія гладкія рэйкі, яны б каціліся. Баранавых. [Сабяга] ніяк не мог прымайстраваць, каб толькі да сябе.. [дзверы] адчыняць. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)