згале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.

2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляту́н, летуна, м.

Разм.

1. Той, хто лятае. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны. В. Вольскі. // Пра таго, хто здольны хутка перамяшчацца, імчацца, скакаць і пад. Гэта не конь, а лятун.

2. перан. Зневаж. Той, хто часта мяняе месца працы з-за асабістай выгады. — Толькі ведай: летуноў я не люблю. І на машыну пакуль што разлічваць табе цяжка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мазо́к, ‑зка, м.

1. Адзін рух пэндзля пры накладанні фарбы, а таксама слой фарбы, накладзены такім спосабам. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка. // перан. Штрых, мастацкая дэталь. Сябра .. ні разу яшчэ не расшчодрыўся на .. расказ [пра падполле]. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей. Шамякін.

2. Тонкі слой вадкага выдзялення (слізі, крыві і пад.), нанесены на шкло для мікраскапічнага даследавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маля́ўка, ‑і, ДМ ‑ляўцы; Р мн. ‑лявак; ж.

1. Маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры; малёк. У мора была запушчана вялікая колькасць малявак розных парод рыб. «Звязда». Чародка малявак нешта вышуквае ў імху, якім абраслі заставы. Корбан.

2. перан. Разм. іран. Пра дзіця або чалавека маленькага росту. Васіль Іванавіч памкнуўся быў пярэчыць .. [Майцы], хацеў нават сурова перапыніць гэтую маляўку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марадзёр, ‑а, м.

1. Той, хто грабіць забітых і раненых на полі бою і займаецца грабяжом насельніцтва ў час вайны. Каб ноч віднейшая была, Ноч на чужой зямлі, Шміт марадзёрам загадаў Будынкі падпаліць. Танк. Па дарозе ехалі фурманкі.., нагружаныя нарабаваным дабром... — Траха не будзе, калі аднаго марадзёра мы затрымаем, — рашыў Мікола. Новікаў.

2. перан. Разм. Спекулянт, які прадае тавары па вельмі высокай цане.

[Фр. maraudeur — грабежнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.

2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Кансерваваць, прыгатоўваць харчовыя прадукты ў марынадзе. Марынаваць рыбу. Марынаваць грыбы.

2. перан., каго. Разм. Знарок затрымліваць каго‑н. у адным якім‑н. стане, званні. [Нэля:] — Мужа цэлы год .. марынавалі ў Азове — выкарыстоўвалі на самых звычайных работах на промыслах. Лупсякоў. // што. Знарок затрымліваць рашэнне, выкананне чаго‑н. [Шылаў:] Цяпер я ведаю, чаму ты заказ мой марынуеш. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маскірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Апранацца ў маскарадны касцюм, надзяваць маску.

2. перан. Паказваць сябе не такім, як ёсць; прытварацца, прыкідвацца. [Шыпулька] гэтак умеў прыкідвацца і маскіравацца, што нават блізкія да яго людзі нічога не заўважалі. Кулакоўскі.

3. Хавацца, скрывацца ад праціўніка пры дапамозе маскіроўкі. Партызаны, маскіруючыся за купінамі, за дрэвамі, бачылі фашыстаў, як на далоні. Шчарбатаў.

4. Зал. да маскіраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махна́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Аброслы густой поўсцю, валасамі; касматы. Махнатыя лапы. □ Цокаюць па бруку падковамі вялізныя, махнатыя біцюгі. Навуменка.

2. З густым ворсам (пра тканіны). Махнаты ручнік.

3. З густымі пасмамі валасоў ці шэрсці. Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, непрычэсанай галаве. Гартны.

4. перан. З густою ігліцай; з густымі галінамі і г. д. З усіх бакоў цягнуцца да .. [падарожнікаў] махнатыя лапы ялін. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

медзь, ‑і, ж.

1. Хімічны элемент, метал чырванаватага колеру, вязкі і коўкі. // перан. Пра колер, які нагадвае колер медзі; чырвона-жоўты. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі. А неба звінела дубамі І сыпала медзь жалудоў. Пысін.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Не трубіў на зары гарніст, Не грымела аркестраў медзь. Панчанка.

3. зб. Разм. Медныя грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)