до́сыць, прысл.

1. Столькі, колькі патрэбна; дастаткова, даволі. Чаго жадаць яшчэ? Чаго хацець? Ёсць хлеба досыць. З. Астапенка. [Віктар] мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак. Зарэцкі. / безас. у знач. вык. У нас усяго досыць. // безас. у знач. вык. Выражае загад, патрабаванне спыніць што‑н. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Хай грыміць над светам наша слова: — Досыць трэсці бомбамі, паны! Смагаровіч. — Хлопцы, досыць спаць! Нікановіч.

2. (у спалучэнні з прым. або прысл.). Значна, у значнай ступені, даволі. Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію. Колас. Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́бязны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дробязі (у 1 знач.); дробны, невялікі. Дробязны тавар. Дробязныя рэчы. // Які датычыцца ўсіх дробязей, дэталей. Дробязныя клопаты. □ — І хоць ты быў сябрам яго бацькі, гэта не дае табе права на дробязнае апякунства ва ўсім. Савіцкі.

2. Неістотны, дробны (у 7 знач.). Першае баявое заданне не ўзрадавала .. [Сашу], бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі! Шамякін. Нарады ў канторы выпісваліся на дробязныя работы, на якіх і спіны не паломіш, але і зарабіць не заробіш. Ермаловіч.

3. Які надае занадта вялікае значэнне дробязям, нязначным рэчам. Дробязны чалавек. □ [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.

1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.

2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.

3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гна́цца, ганюся, гонішся, гоніцца; пр. гнаўся, ‑лася; незак.

1. Бегчы, імчацца за кім‑, чым‑н. следам, каб дагнаць або злавіць. Сабака гнаўся за зайцам. □ — Дзяржы, дзяржы яго! Каравул! — крычалі.. [Вірка і Бруй] і гналіся за Саўкам. Колас. / Пра з’явы прыроды, гукі і пад. І прайшла паўз мяне сінявокая, А за крокамі гналася рэха. Глебка. // перан. Спрабаваць зраўняцца з кім‑н. у якой‑н. справе. Гнацца за перадавікамі вытворчасці.

2. за чым. Спакушацца чым‑н., дамагацца чаго‑н. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі — Цэлы свет — маё багацце. Панчанка.

3. Зал. да гнаць (у 1–6 знач.).

•••

Гнацца за доўгім рублём — шукаць лёгкага вялікага заработку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Тое, што і завярнуць (у 1 знач.); павярнуцца. Вецер завярнуўся з другога боку. □ Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр.

2. Зрабіўшы паварот, змяніць становішча свайго цела; адвярнуцца. Разы два кінуў .. [Арон] поглядам на Ігнася і завярнуўся, стаў глядзець некуды. Мурашка.

3. Разм. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнулася ўлева, выйшла к рэчцы. Чорны.

4. перан. Разм. Прыбыўшы ў якое‑н. месца, хутка пакінуць яго. — Пабыў [поп] у царкве, у сельсавеце, у клубе, паглядзеў, што тут не тыя людзі, што яму пасціць прыйдзецца, — завярнуўся і махнуў хто ведае куды. Шукае недзе прыстанішча. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пайсці, пабегчы кульгаючы. Салдат закульгаў шпарчэй. Чорны.

2. Стаць кульгавым; закульгавець. — Кашаварам я не быў, а што нага ў мяне крывая, то гэта праўда, толькі ж закульгаў я ад ранення, а не так сабе ад чаго. Кулакоўскі. / перан. Перастаць дзейнічаць, развівацца правільна. Настойліва паэт, старанна працаваў: За кніжкай кніжку выдаваў. Не дзіва, што і грошы завяліся. І раптам хлопец закульгаў... У творах змены адбыліся, Якіх ніхто ніколі не чакаў. Корбан.

3. Разм. Кульгаючы, дайсці куды‑н., да якога‑н. месца. — А дзе прыстанішча, далёка да яго? — Спытаўся фельчар: — Можа і за год Старому мне туды не закульгаць? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Моцна ахаладзіўшы, давесці да замярзання. Снежаньскі мароз, ступіўшы на гэтую зямлю, замарозіў не толькі жывыя стварэнні, але і гукі зямлі. Мікуліч.

2. Разм. Прымусіць азябнуць. — Прабачце мне, — вінавата сказаў Раман, папраўляючы шапку і збіраючыся ісці. — І праўда — замарозіў вас. Арабей. // Не ўберагчы ад холаду, даць азябнуць. Лыжнік замарозіў вушы.

3. перан. Спыніць жывое праяўленне чаго‑н., пазбавіць натуральнасці; скаваць. У голасе.. [начальніка] адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

4. перан. Спыніць выкарыстанне або дзейнасць чаго‑н.; закансерваваць (у 2 знач.). Замарозіць сродкі. Замарозіць будаўніцтва.

5. Разм. Абязболіць які‑н. участак цела спецыяльнымі сродкамі. Замарозіць зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скокнуўшы, апынуцца дзе‑н. Мяч заскочыў за шафу. // Імкліва забегчы, заехаць, уварвецца куды‑н. [Машына] крута развярнулася на вуліцы, заскочыла на тратуар. Асіпенка. Запаліўшы маленькую люльку, стары Дзямід расказаў мне гісторыю аб тым, як на двор яго бацькі.. заскочыў неяк з Пушчы дзік. В. Вольскі. // Разм. і спец. Выйшаўшы са свайго месца, заняць няправільнае становішча, перакасіцца (пра дэталі, часткі якога‑н. механізма). Спружына заскочыла.

2. Разм. Зайсці, забегчы куды‑н. мімаходам, ненадоўга. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула. Колас.

3. Выскачыць наперад, зрабіць што‑н. раней за іншых. — Няхай судзіцца, няхай судзіцца.., — заскочыў сыну наперад Даніла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заўва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Кароткае выказванне, меркаванне наконт чаго‑н. Цікаўны і надзвычай назіральны, ён умеў не толькі слухаць, але і ўстаўляць у гутарку свае заўвагі, заўсёды разумныя і трапныя. Чарнышэвіч. Покі сабраўся.. [Мартын Рыль] адказаць Аўгінні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна ўжо паспела шмыгнуць ад яго. Колас. // часцей мн. (заўва́гі, ‑ваг). Крытычныя меркаванні навуковага характару. Заўвагі рэцэнзентаў. Заўвагі на палях кнігі.

2. Указанне на памылку ці недахоп, часта з папрокам або павучаннем. — Канцы аглабель не зусім роўныя, — зрабіў.. [брыгадзір] заўвагу Міхасю. Якімовіч. Сцёпа слухаў няўважліва. Настаўнік некалькі разоў рабіў яму заўвагі. Курто. // Від дысцыплінарнага спагнання.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту. Падрадковыя заўвагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)