кашчу́нства, ‑а, н.

1. Адзін з відаў злачынства супроць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні.

2. Зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя. Валянціна Андрэеўна.. амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына.. — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства! Шамякін. — Ці ж можна пазбаўляць чалавека найвялікшага шчасця — бацькоўства?! Гэта ж кашчунства. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клеймава́ць, кляймую, кляймуеш, кляймуе; незак., каго-што.

1. Ставіць кляймо, знак на якіх‑н. прадметах, вырабах. Клеймаваць тавар. Клеймаваць палатно. // Выпальваць кляймо на скуры жывёлы. Клеймаваць коней. // Выпальваць метку на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 г.).

2. перан. Сурова асуджаць; бічаваць, ганьбаваць. Клеймаваць віноўнікаў вайны. / чым (у спалучэнні са словам «ганьба»). Сябры, сягоння наша пакаленне, Як самых чэсных, знае ўся зямля. Кляймуйце ж ганьбай тых, чыё сумленне Каштуе гэтак танна: паўрубля! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́цаць, мацаю, мацаеш, мацае; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся, распазнаваць што‑н., упэўнівацца ў чым‑н. Падарункі пайшлі па руках жанчын і дзяўчат, яны мацалі, разглядалі, прыцэньваліся да іх. Сабаленка. [Сярожа] аглядаў і мацаў кожную рэч, нібы правяраючы якасць усяго, што было ў пакоі. Шамякін.

2. Шукаць вобмацкам. У цёплыя дні Міколжа лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Лынькоў.

3. перан. Абшукваць. Роўнядзь ракі лізнуў кінжал пражэктара і некалькі хвілін асцярожна мацаў партызанскі бераг. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.

1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.

2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.

2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.

3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. і з дадан. сказам. Прымусіць паверыць чаму‑н., упэўніць у чым‑н. Словы [Лясніцкага] пераканалі і супакоілі дзяўчыну. Шамякін. Варановіч пераканаў Шлыка, што той можа мець яшчэ і вышэйшую адукацыю, калі .. возьмецца за вучобу. Дуброўскі.

2. з інф. або злучн. «каб». Угаворамі схіліць да чаго‑н., прымусіць зрабіць што‑н. Бастуючым удалося пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя». Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Даць магчымасць падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Густы хмызняк шчыльна прыкрываў засаду. Партызаны падпусцілі .. [немцаў] метраў на дваццаць і тады адкрылі агонь. Дзенісевіч.

2. перан. Разм. Надаць (мове, выказванню і пад.) дадатковы сэнс, якое‑н. адценне; дапоўніць сказанае чым‑н. Маўчаць Іван Пятровіч не ўмеў — ён увесь час каменціраваў гульню: то жарт падпусціць, то прыказку якую прыгадае, то анекдоцік раскажа. Васілёнак.

•••

Падпусціць шпільку — сказаць што‑н. непрыемнае, з’едлівае; падкалоць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́ва, ‑ы, ж.

1. Ежа, корм; тое, чым жывіцца арганізм. Пажыва для раслін. Пажыва для рыб. □ Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі на чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

2. Здабыча, нажыва. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Агледзеўшы пажыву, ён.. адломліваў кавалак як пад’есці і ўцякаў. Лобан.

3. перан. Тое, што дае матэрыял, служыць крыніцай для думак, размоў і пад. Духоўная пажыва. Пажыва для плётак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)