паско́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Зрабіць больш хуткім. Тут вельмі борзда вечарэе, Давай, зямляк, паскорым крок! Глебка. Дывінец слухаў дырэктара, а сам думаў над тым, як бы паскорыць апрацоўку дэталей. Асіпенка.
2. Наблізіць надыход чаго‑н. Паскорыць прыезд. □ Іх [партызан] мужная гібель паскорыла прыход светлага дня, і кожны з жывых у глыбокай пашане схіляў галаву перад імі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.
2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
1. Вандраваць некаторы час. Павандраваць па замежных краінах. Павандраваць па дарогах вайны. □ Паэт наведаў адроджаны Мінск, родныя пастаўскія мясціны, з якіх яго выгнала віхура першай сусветнай вайны, павандраваў па Палессі. Лойка.
2. Разм. Пайсці, накіравацца куды‑н. Сказаў Міхал і сам падняўся; За ім другія паўставалі І ў цёмны лес павандравалі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Выкрасліць у многіх месцах, выкрасліць усё або ўсіх, многіх. Павыкрэсліваць радкі з вершаў. Павыкрэсліваць удзельнікаў са спісаў. □ Войцік прачытаў [твор] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Але калі пачаў правіць «стыль», дык столькі павыкрэсліваў і дадаў, што не пакінуў некранутым амаль ні аднаго радка. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыя́рх, ‑а, м.
1. Кіраўнік роду ў родавым грамадстве.
2. перан. Стары і вельмі паважаны чалавек у якім‑н. калектыве. // каго-чаго. Старшы і найбольш выдатны ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавек. У Бруселі яго [Карловіча] благаслаўляе сам патрыярх польскіх гісторыкаў Іяхім Лелевель. Г. Кісялёў.
3. Вышэйшы духоўны тытул служыцеля праваслаўнай царквы. // Асоба, якая мае гэты тытул.
[Грэч. patriarchēs — роданачальнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падра́жнівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Дражніцца час ад часу. То той, то другі з гасцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся: — Кароткія ў вас рукі. Колас.
2. Даваць падставу каму‑н. спадзявацца на што‑н. [Рымша:] — Ён, мусіць, толькі з ёю падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Пазнаць што‑н., атрымаць уяўленне аб чым‑н. Я пазнаўся з тайнамі юнацтва. Гілевіч. // Адчуць на ўласным вопыце, зведаць. Пазнацца з бядою. Пазнацца са славаю.
2. Добра пазнаёміцца з кім‑н., падружыцца. Пазнацца з суседзямі. □ Толькі два дні прайшло, Шэмет не паспеў яшчэ ні сам добра агледзецца, ні з людзьмі пазнацца. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Пагразіць, ківаючы пальцам. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку [пан] знойдзе і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.
2. перан. Прабраць. [Яраш] сам працаваў з манцёрамі і мантажнікамі вечарамі. Плаціў ім прэміяльныя са сваёй кішэні. За гэтае дзівацтва яму ўжо неяк раней наківалі на партбюро. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
правафланго́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да правага фланга; размешчаны на правым флангу. — Як ідуць, Вася! Як ідуць! — шаптаў.. [Волкаў]. — Ты паглядзі толькі! І сам палкоўнік. Бачыш, правафланговая машына яго, як заўсёды... Шамякін.
2. у знач. наз. правафланго́вы, ‑ага, м. Той, хто знаходзіцца на правым флангу і з’яўляецца першым у радзе. На ўроках фізкультуры .. [Кузя] стаіць у страі правафланговым. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыго́рбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Згорбіцца, ссутуліцца (ад старасці, немачы). Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, як бы ім завалодала старасць. Сабаленка. Васіль таксама крыху прыгорбіўся — так ходзяць усе сталыя людзі. Мележ. // Трохі прыгнуцца. І чаго ён смяецца, гэты Косцік?.. А-а, нягоднік, таўхануў рукой бярозку, а сам хуценька нізка прыгорбіўся. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)