кра́йні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.
2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.
3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.
4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.
•••
У крайнім выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́рчыцца і ко́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
1. Сціскацца ўсім целам, скручвацца (ад холаду, болю і пад.). Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Колас. [Хлопец] быў ранены ў ногі і ў жывот і вельмі пакутліва курчыўся ў агоніі, сілячыся штосьці сказаць непаслухмяным языком. Мележ. У жыце, схапіўшыся за нагу, корчыўся Вано. Няхай.
2. Рабіцца няроўным, пагнутым; крывіцца, выгінацца. [Машыніст] саскочыў на зямлю, пераступіў цераз разарваны тэлефонны провад, што курчыўся на снезе. Мележ. На агні адставала ад дрэва кара; шэрая, яна корчылася, што гадзюка, і з яе капала вада. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець прывычку кусаць (у 1 знач). Сабака кусаецца. // Кусаць каго‑н. Авадні кусаюцца. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. Па вяселлі бабы пытаюцца: — Як? Нявестка добра кусаецца? Бічэль-Загнетава.
2. Кусаць адзін аднаго; грызціся (пра сабак, звяроў).
3. перан. Мець уласцівасць раздражняць, пячы скуру (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). Крапіва кусаецца. □ Мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне! Брыль. / Пра каляную тканіну або пра вырабы з грубай шэрсці. Зрэбніца .. [Гальяшу] муляла, кусалася. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непісьме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўмее чытаць і пісаць. Каліна быў зусім непісьменны: не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Няхай. [Маці] амаль што зусім непісьменная, але вельмі любіць, калі хто чытае ўголас. Брыль. // Які піша і гаворыць з граматычнымі памылкамі. Непісьменны вучань. // перан. Які не мае адпаведных ведаў у якой‑н. галіне, недасведчаны ў чым‑н. Непісьменны рэцэнзент.
2. Які мае (арфаграфічныя, стылістычныя і пад.) памылкі. Непісьменнае сачыненне. // Які выкананы без належнага ведання справы. Непісьменны чарцёж.
3. у знач. наз. непісьме́нны, ‑ага, м.; непісьме́нная, ‑ай, ж. Мужчына, жанчына, якія не ўмеюць чытаць і пісаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нюх, ‑у, м.
1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.
2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.
•••
Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.
2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. — Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.
[Фр. parer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.
2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.
2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шша, ‑а, н.
1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.
2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачыні́цца, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.
1. Стуліцца, злучыцца, апусціцца, перашкаджаючы пранікненню куды‑н. (пра дзверы, века і пад.). Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Колас. // Зрабіцца недаступным для ўваходу, пранікнення ў сярэдзіну чаго‑н. Магазін зачыніўся. Куфар зачыніўся.
2. Застацца ў памяшканні, замкнуўшы, зачыніўшы дзверы. Алесь рвануў назад, кінуўся ў дзверы варыўні, зачыніўся з сярэдзіны і замкнуўся на жалезную засаўку. Крапіва. Бацька пастаяў ля акна, праводзячы вачамі сына, потым зачыніўся ў сваім пакойчыку. Гамолка.
•••
Свет зачыніўся гл. свет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)