ду́расць, ‑і, ж.

1. Разумовая абмежаванасць, тупасць. І калі што якое рабіў, то па вялікай сваёй дурасці, а не па злому намыслу. Лынькоў. І заўсёды так здараецца, што са складанага становішча выблытаешся, а па ўласнай дурасці пападзешся. Шахавец.

2. Неабдуманы, бязглузды ўчынак. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жазло́, а́; мн. жэ́злы (з ліч. 2, 3, 4 жазлы́), жэ́злаў; н.

1. Уст. Посах, палка асобай формы, якія служылі сімвалам улады, ганаровага звання, становішча. Маршальскае жазло.

2. Палачка ў руках рэгуліроўшчыка вулічнага руху. Прыгожа махаючы паласатымі жэзламі, стаялі.. міліцыянеры. Карпаў.

3. Металічны стрыжань з дужкай і ўказаннем участка чыгуначнага пуці (выкарыстоўваецца пры рэгуліроўцы руху паяздоў). — Ну, стаянка скончылася. Давай жазло, Петрык! Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грамадзя́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прававога становішча грамадзян (у 1 знач.) у дзяржаве. Грамадзянскі кодэкс. Грамадзянскія правы. Грамадзянскія законы. / Накіраваны на карысць грамадства; уласцівы грамадзяніну. Грамадзянскі абавязак.

2. Неваенны, цывільны. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес, а гітлераўцы баяліся. Няхай.

•••

Грамадзянская вайна гл. вайна.

Грамадзянская паніхіда гл. паніхіда.

Грамадзянскі шлюб гл. шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рабіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Набыць пэўныя асаблівасці ў працэсе вытворчасці, работы. Шкура добра вырабілася.

2. Разм. Запэцкацца. Вырабіцца ў сажу.

3. Разм. Выйсці, выбрацца са складанага становішча; выкруціцца. [Калатухін:] — Ну, ледзь вырабіўся! Амаль з пасткі! Амаль не схапілі за руку! Мележ. // Вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Брыль.

4. Напрацавацца, нарабіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выць, выю, выеш, вые; незак.

1. Працяжна і тужліва скуголіць. Трывожна брахалі і неяк жаласна і жудасна вылі сабакі. Колас. // Утвараць падобныя на выццё гукі. Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі. Шамякін. Недзе поблізу грымяць гарматы. Выюць над галавой снарады. Колас.

2. Груб. Плакаць уголас, галасіць; скуголіць. Выць ад болю.

•••

Хоць воўкам вый — пра цяжкае, безвыходнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае; тое, што і адыграць (у 1 знач.). Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць. Колас.

2. перан. Разм. Умела выйсці з няёмкага становішча, не астацца ў даўгу, спагнаць. [Іваніцкі] уступіў у спрэчку, думаючы адыграцца тут, пасля спрэчкі з Ігнасём. Мурашка. // Спагнаць злосць на кім‑н. [Роб:] — Вы хацелі адыграцца на нас — але не ўдалося! Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмежава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абмежаваць.

2. у знач. прым. Невялікі, нязначны. Паміж бязмежным імкненнем да расшырэння вытворчасці, уласцівым капіталізму, і абмежаваным спажываннем народных мас (абмежаваным у выніку іх пралетарскага становішча) ёсць несумненная супярэчнасць. Ленін.

3. перан.; у знач. прым. Духоўна неразвіты, адсталы, недалёкі. Тупым і абмежаваным паліцэйскім Я. Колас проціпастаўляе прадстаўнікоў простага народу. Пшыркоў.

•••

Абмежаваная манархія гл. манархія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нетрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае надзейнай моцы, якасці, хутка разбураецца. Нетрывалы падмурак. Нетрывалая драўніна. □ Грунт аказаўся нетрывалы не толькі ў простым, але і ў пераносным сэнсе. Арабей. Невялікі вецер лёгка разносіў салому, а моцныя віхуры часта зусім разбуралі нетрывалую страху. В. Вольскі.

2. перан. Няўстойлівы, ненадзейны, хісткі. Нетрывалае становішча. Нетрывалыя веды. Нетрывалае шчасце. □ Сон.. [жанок] быў трапяткі, нетрывалы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., каго-што.

1. Надаць чаму‑н. вісячае становішча. Павесіць на сцяну карціну. Павесіць паліто на вешалку. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас.

2. Пакараць смерцю цераз павешанне. Старых [немцы] вывелі на калгасны двор і павесілі на дупл[я]ватай паўзасохлай бярозе. Лынькоў.

•••

Павесіць (звесіць) галаву — замаркоціцца, затужыць.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос — засумаваць, зажурыцца, замаркоціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

над... (а таксама над’..., нада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў са значэннямі:

1. Павелічэнне, пашырэнне прадмета да пэўнай мяжы, нормы, напрыклад: надбудаваць, надтачыць, надставіць, надвязаць, надклеіць, надшыць.

2. Няпоўны ахоп прадмета дзеяннем, няпоўнае дзеянне, напрыклад: надкапаць, надпіць, надламаць, надпілаваць.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў са значэннем больш высокага становішча, напрыклад: надброўе, надгартанны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)