мане́ж, ‑а, м.

1. Павее або абгароджанае месца для верхавой язды.

2. Арэна цырка.

3. Памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і пад. Бірыла ішоў .. у манеж, дзе ўпрагаліся ў малатарню коні. Чорны. Каля гумна на манежы хадзілі наўкруга дзве пары коней, а ў сярэдзіне раўла малатарня. Лобан.

4. Невялікая пераносная загарадка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

[Фр. manège.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыле́ц, ‑льца, м.

Разм. Асоба, якая жыве ў доме, кватэры; жыхар. Жыльцы дома. // Асоба, якая знімае памяшканне; кватарант. Гаспадары.. [хаты], адзінокія старыя, прывыкшы да таго, што жылец прыходзіў позна, не замыкалі дзвярэй. Хадкевіч.

•••

Не жылец (на гэтым свеце) — пра таго, хто мае дрэннае здароўе, можа скора памерці. Баніфацый Скашынскі ведаў, што з яго здароўем у лесе ён не жылец. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

1. Падзяліць памяшканне перагародкай. — Будзе прасторная хата. Калі разжывёмся, можна будзе і перагарадзіць дошкамі, адбіць чыстую палавіну. Галавач.

2. Стварыць перашкоду ўпоперак чаго‑н., спыніць рух на якім‑н. шляху; загарадзіць. Гіганцкая плаціна перагарадзіла, уціхамірыла раку. Курто. Дарогу .. [Лясніцкаму і Таццяне] перагарадзіў глыбокі палявы роў. Шамякін. Шлях узводу перагарадзіў моцны кулямётны і вінтовачны агонь. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́льня, ‑і, ж.

Установа бытавога абслугоўвання для мыцця і далейшай апрацоўкі бялізны. У калгасах будуць дзіцячыя яслі, сады, пляцоўкі, там з часам можа ўстановяцца пральні, кравецкія майстэрні, хлебапякарні, а можа нават і грамадскія кухні. Дуброўскі. // Памяшканне для мыцця бялізны. Грубэр толькі за дваццаць сем марак у месяц здаў .. [беларусам] адзін з двух пакойчыкаў у флігелі над пральняй. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прара́бскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прараба, належыць прарабу. Прарабскі пункт. □ Як і раней, жыццё кіпела на беразе і ў лесе: на прарабскіх лесасечных участках валілі дрэвы. Карамазаў. Я збегаў у бліжэйшую прарабскую будку, прынёс ліхтар і рыдлёўку. Хадкевіч.

2. у знач. наз. прара́бская, ‑ай, ж. Памяшканне для прарабаў. У прарабскай першыя падпісваліся загады. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сартава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сарціроўкі (у 1 знач.). Сартавальныя работы. // Прызначаны для яе. Сартавальнае сіта.

2. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе адбываецца сартаванне чаго‑н.

3. у знач. наз. сартава́льная, ‑ай, ж. Тое, што і сартавальная станцыя.

•••

Сартавальная горка гл. горка ​1 (у 2 знач.).

Сартавальная станцыя гл. станцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скляпе́нне, ‑я, н.

1. Дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавання. Гатычная архітэктура сабора робіць моцнае ўражанне сваёй манументальнасцю, смеласцю формы, вышынёй скляпенняў. Мележ. Хутка я апынуўся ў змрочнай зале з нізкім скляпеннем. Карпюк. // перан. Небасхіл. Нябёсаў сіняе скляпенне, Хутчэй дажджынку ім [травінкам] пашлі. Матэвушаў.

2. Падвальнае памяшканне. У скляпеннях і на гарышчах будынкаў заселі аўтаматчыкі і кулямётчыкі. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прыстасаванне, устаноўка для сушкі чаго‑н. Барабанная сушылка.

2. Памяшканне, дзе адбываецца сушка, прасушванне чаго‑н. Суконнае прадпрыемства ў Хомску Кобрынскага павета размяшчалася ў 13 мураваных і драўляных будынках: самы вялікі двухпавярховы дом — два цэхі.., яшчэ адзін мураваны дом. .. Астатнія, драўляныя памяшканні — [фарбавальня], сушылка, сталярная, слясарная і іншыя майстэрні. «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́бельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўключаны ў табель, устаноўлены табелем. Табельныя дні.

2. Які вядзецца пры дапамозе табеля (у 2 знач.); прызначаны для табеля. Табельны ўлік. // у знач. наз. та́бельная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе вядзецца ўлік яўкі і адыходу з работы. — Магнат, і калі ты ўжо будзеш, пропуск лажыць у табельную? — раптам перабівае нас Анця. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фае́, нескл., н.

Памяшканне ў тэатры, кіно, канцэртным зале і пад., прызначанае для адпачынку гледачоў ці слухачоў у час перапынку або да пачатку канцэрта, спектакля. Тэатр гарадскі да здачы быў гатоў. Усё ў будынку прыгажосцю захапляла: І сцэна, і фае, і зала. Корбан. Сеанс пачынаўся праз мінуту, і .. [Сярдзюк] амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Карпаў.

[Фр. foyer — ачаг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)