Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр. усх.-палес. калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус. наўг., валаг., ярасл. калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр. калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск. kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш. koláček ’круглы чапец’, серб.-харв. ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен. koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл. kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.

Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр. усх.-палес. калач ’баранак’, укр. калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял. колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус. калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск. kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж. kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж. kołač ’круглае печыва’, чэш. koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен. koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв. ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед. колач ’абрадавы хлеб’, балг. колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл. kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш. дыял. kolo, балг. дыял. коло, рус. дыял. колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл. kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен. дыял. kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.

Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг. калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр. мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус. дыял. калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр. палки, палочник, бел. дыял. калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел. таўкачык ’назва хвашчу’, а бел. дыял. калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус. дыял. колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел. дыял. калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус. смал., росл. качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свой, свайго́, м.; свая́, сваёй, ж.; сваё, свайго́, н.; мн. свае́, сваі́х.

1. прыналежны займ. Які належыць сабе, уласцівы сабе, які мае адносіны да сябе. Абуць свае туфлі. Зрабіць сваімі рукамі. На сваё здзіўленне. □ Толькі на другі дзень убачыў Кандрат Назарэўскі свой родны гарадок. Чорны. Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, сваімі думкамі. Колас. [Чарнавус:] Дзесяць разоў перадумаў я ўсё сваё жыццё і магу сказаць, палажыўшы руку на сэрца, ні ў чым не вінаваты. Крапіва. // Які выконваецца, робіцца, здабываецца і пад. самім, самастойна, без чыёй‑н. дапамогі. Чытаць свае вершы. □ Шчабечуць песню сваю мітуслівыя ластаўкі: над акном іх гняздо. Брыль. // Які з’яўляецца асабістай маёмасцю, набыткам; уласны. Пабудаваць сваю хату. Палоць свой агарод. □ Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Колас.

2. у знач. наз. сваё, свайго́, н. Тое, што належыць сабе, а не каму іншаму, з’яўляецца ўласцівым сабе (рэчы, справы, думкі, жаданні, імкненні і пад.). Забраць сваё. □ [Дзядзька Якуб:] — Дваццаць год з царом ваявалі, а свайго дабіліся. Якімовіч. Адзін [чалавек] аж свеціцца шчасцем, другі, наадварот, сумуе крыху, трэці проста стомлены... У кожнага сваё... Шыцік.

3. Уласцівы толькі дадзенай асобе або прадмету; своеасаблівы. Але ў жыцці ўсяму свая адведзена мера. Старэў сівы бондар Гарась, старэлі яго рукі. Ракітны. / у знач. наз. сваё, свайго́, н. Спакваля рабілі сваё атмасферныя ападкі, а найчасцей будынкі гінулі ад шматлікіх пажараў. «Помнікі». // Не чужы, не запазычаны, родны. [Салдаты] ішлі па адной з галоўных вуліц горада, аб нечым надта ўжо горача спрачаліся і крычалі на сваёй мове. Дамашэвіч.

4. Прызначаны для каго‑, чаго‑н.; адпаведны, належны. Усе яны былі яшчэ маладыя людзі, але ўжо абстраляныя сувязісты, якія добра ведалі сваю справу. Машара. // у знач. наз. сваё, свайго́, н. Тое, што прызначана каму‑н., тое, што патрэбна для каго‑н. [Іван:] Думаю, з вамі ісці мне не варта. Каб і было што... Я сваё выканаў... Танк.

5. Які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах, звязаны месцам жыхарства, сумеснай працай, агульнымі інтарэсамі і пад. Па голасу і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Колас. [Лясніцкі:] — Адначасова нам трэба паспрабаваць закінуць у гэты атрад свайго чалавека. Шамякін. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годны. Купала. Свой бацька пасварыцца і пашкадуе. З нар. // у знач. наз. свой, свайго́, м.; свая́, сваёй ж.; мн. свае́, сваі́х. Той, хто знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах. Ледзь павячэрала ў поцемках са сваімі, [Ганна] выйшла на двор. Мележ. Можа хто з сваіх? Калі не маці, то можа хто з суседзяў. Якімовіч. Свае каля мяне крадком хадзілі — хоць бы не разбудзіць раней часу. Гурскі.

6. у знач. наз. свая́, сваёй, ж. Прыручаная, свойская жывёла. — Правільна рашылі, — загулі партызаны. — Хто б.. [дактарам] дараваў такую жорсткасць? Тут дзікіх шкада крануць, а то на сваю [лісіцу] руку падымаць? Няхай.

•••

Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.

Берагчы сваю шкуру гл. берагчы.

Браць (узяць) сваё гл. браць.

Быць на сваім беразе гл. быць.

Варыцца ў сваім (уласным) саку гл. варыцца.

Ва ўсёй сваёй красе гл. краса.

Ведаць сваё месца гл. ведаць.

Ведаць як свае пяць пальцаў гл. ведаць.

Весці сваё гл. весці.

Весці свой род (сваю генеалогію) ад каго гл. весці.

Вывезці на сабе (на сваіх плячах, спіне) гл. вывезці.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глядзець са сваёй званіцы гл. глядзець.

Гнуць на свой капыл гл. гнуць.

Гнуць сваё гл. гнуць.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Дайсці сваёй галавой (розумам) гл. дайсці.

Дайсці свайго гл. дайсці.

Даказаць сваё гл. даказаць.

Да канца дзён сваіх гл. канец.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

Ісці сваёй дарогай гл. ісці.

Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.

Мераць на свой аршын гл. мераць.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мець свае вочы і вушы гл. мець.

Навесці свае парадкі гл. навесці.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На свае (ўласныя) вочы бачыць гл. бачыць.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць гл. чуць.

На сваім вяку гл. век.

На сваім месцы гл. месца.

На сваіх дваіх (жарт.) гл. двое.

На сваю галаву гл. галава.

На сваю рызыку (страх) гл. рызыка.

На свой лад гл. лад.

На свой манер гл. манер.

Не бачыць як сваіх вушэй гл. бачыць.

Не верыць сваім вушам (вачам) гл. верыць.

Не сваім голасам гл. голас.

Не ў сваёй талерцы гл. талерка.

Не ў (пры) сваім розуме гл. розум.

Паказаць сваё я гл. паказаць.

Паставіць на сваё месца каго гл. паставіць.

Пры сваіх інтарэсах гл. інтэрас.

Сам не свой; сама не свая гл. сам.

Сваё права правіць гл. правіць.

Сваёй чаргой гл. чарга.

Сваім гарбом гл. горб.

Сваім парадкам гл. парадак.

Сваім ходам гл. ход.

Сваімі словамі гл. слова.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Свой брат гл. брат.

Свой у дошку — зусім, па-сапраўднаму блізкі (у поглядах, меркаваннях і пад.).

Свой хлопец гл. хлопец.

Свой чалавек гл. чалавек.

Сесці на свайго канька гл. сесці.

Сесці не ў свае сані гл. сесці.

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Спаліць свае караблі гл. спаліць.

Ставіць на сваім гл. ставіць.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Стаяць на сваім гл. стаяць.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць у сваіх руках гл. трымаць.

Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.

У (пры) сваім розуме гл. розум.

У сваю чаргу гл. чарга.

У свой час гл. час.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой нос (язык) гл. уткнуць.

Як у сваёй хаце гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і уздыму, уздымеш, уздыме; пр. узняў, ‑няла, ‑ло; заг. узнімі і уздымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. (з зямлі, падлогі і пад.). [Чалавек] абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. Караткевіч.

2. Падняць, аддзяліць ад зямлі і пад., маючы столькі сілы, каб утрымаць (што‑н. цяжкае). Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Колас.

3. Падняць уверх, перамясціць у больш высокае становішча. Высока ўзняўшы ўгору рукі, маладая жанчына вешала на .. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. Завуч узняў акуляры на лоб і ўставіўся на Косцю. Карпюк. Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Быкаў. / Пра парус, сцяг. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго. Панчанка. // перан. Разм. Ставіць каго‑н. у больш высокае грамадскае становішча. [Клава:] — Там .. [Гаравы] быў і райком, і пракурор, і міліцыя. Усё разам. Хоць і там [у партызанах] яго вайна высока ўзняла. Асіпенка. // Падцягнуць уверх і замацаваць. Узняць заслону. // Загнуць уверх край чаго‑н. Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол. Колас.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Я зашпіліла гузікі старога плашча, узняла каўнер, але ад гэтага ніколькі не пацяплела. Савіцкі. Аляксей узняў капот — матор увесь пабіты. Новікаў. Дзядок, што першым зайшоў у вагон, гаспадарліва ўзняў сярэднюю лаўку і перагаворваўся з жанчынамі. Даніленка. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (галаву, вочы і пад.). [Саша і Пеця] спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў. Шамякін. [Студэнтка] ўзняла вочы да столі, нібы дзесьці там прачытала адказ. Прокша. Цаліна ўзняла свой светлы, прывабны твар. Кавалёў. // Узвысіцца дзе‑н., над чым‑н. Блішчыць рака. Гамоніць гай, Узняўшы ў неба кроны. Калачынскі. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

5. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Узняць полк у атаку. □ Канваіры ўзнялі нявольнікаў, пагналі далей. Ставер. Іх [людзей] узняў па трывозе Цімох з кірмаша на пажар. Куляшоў. // Разбудзіць, прымусіць устаць з пасцелі. А заўтра ўзніме на світанні касцоў ледзь чутны звон травы. А. Вольскі. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. (з нары, гнязда і пад.). Максім жа не загінуў ад звера, як гэта думалі людзі. Узняўшы з бярлогі мядзведзя, ён падштурхнуў яму ў лапы пана, а сам накіраваўся ў балоты. Машара. // Прымусіць каня перайсці на рысь, галоп і пад. Лёня нават Мяцеліцу ўзняў па рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка. Брыль. // Падняць уверх (пыл, снег і пад.). Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. / у перан. ужыв. Узняць у душы віхор пачуццяў. // перан.; на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў. Узняць масы на датэрміновае выкананне плана. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагопаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Узняць шум. Узняць паўстанне. Узняць плач. □ Надзя ў слёзы, цешча ўголас. Узнялі такі лямант, што Валодзька мусіў адкрыць карты. Гроднеў. Летам парабак панскі, Цімох Загула, узняў бунт у маёнтку, як прыйшоў з вайны... Куляшоў. І стала ёй [Аксінні] млосна, і села яна. Суседка трывогу ўзняла. Вярцінскі. // Падняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Шукаючы «красу, і светласць, і прастор», усё-ўсё светлае, што даваў паэту яго час, узняў .. [Багдановіч] у сваёй паэзіі. Лойка.

7. Зрабіць больш высокім. Узняць узровень вады. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах. [Паходня:] — Калі хочаш ведаць, дык я застаюся ў Старыцы, каб памагчы табе зноў узняць аўтарытэт эмтээс. Хадкевіч.

8. Павялічыць, павысіць. Узняць прадукцыйнасць працы. Узняць цэны. Узняць культурны ўзровень. □ — Знізіць крывую расцэнак, Якасць узняць вышэй!!! Лявонны. [Арэшка:] — Як, скажам, гэтыя мерапрыемствы павярнуць, каб надоі ўзняць? Пянкрат. // Падняць, павысіць (пра голас). — Не баюся я цябе! — апошнія словы .. [Аўгіня] сказала ўзняўшы голас. Колас. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой. Васілевіч.

9. Наладзіць, палепшыць (што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узняць гаспадарку. □ Наш Гомель — краса Беларусі, Цябе мы з руін узнялі, Табе ў вяках красавацца На роднай квяцістай зямлі. Русак. [Сяргей:] — Разеітая жывёлагадоўля ўзніме эканоміку калгаса. Шахавец. // Пабудаваць, паставіць што‑н. Ён [Ільіч] верыў, што мінуць нягоды І што свабодны чалавек Узніме новыя заводы, Пакорыць плынь магутных рэк. Смагаровіч. Манумент мы гэты ўзнялі, Каб не забываць сыноў і дочак, Што з франтоў дадому не прыйшлі, Але з намі ў будучыню крочаць. А. Астапенка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). Да нас у госці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, — Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар. Купала. Я быў упэўнены, што .. [Язэп] можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст. Бядуля.

11. перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць па ногі. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага. Цяпер Вацлаў быў у шостым класе. Караткевіч.

12. звычайна безас. перан. Узлаваць, вывесці з сябе. Выйшла [Дуся] разам з Віктарам, а гуляць не захацела. Віктара гэта ўзняло. Сташэўскі.

•••

Не ўзняць вачэй — не паглядзець ні на кога.

Узняць вочы — тое, што і падняць вочы (гл. падняць).

Узняць галаву — тое, што і падняць галаву (гл. падняць).

Узняць голас — тое, што і падняць голас (гл. падняць).

Узняць меч (зброю) — тое, што і падняць меч (гл. падняць).

Узняць на належную вышыню — давесці да высокага ўзроўню дасканаласці.

Узняць на ногі — тое, што і падняць на ногі (гл. падняць).

Узняць на штыкі — тое, што і падняць на штыкі (гл. падняць).

Узняць руку па каго-што — тое, што і падняць руку на каго-што (гл. падняць).

Узняць сцяг — тое, што і падняць сцяг (гл. падняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сь, усяго́, м.; уся́, усёй, ж.; усё, усяго́, н.; мн. усе́, усі́х; займ. азначальны.

1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі мн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у знач. вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // Р усі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.

3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. □ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.

4. у знач. вык. усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.

5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка гл. затычка.

Ад усяго сэрца гл. сэрца.

Валіць усё ў адну кучу гл. валіць.

Ва ўсе лапаткі гл. лапатка.

Ва ўсёй (сваёй) красе гл. краса.

Ва ўсіх адносінах гл. адносіны.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Вось (табе) і ўвесь сказ гл. сказ.

Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) гл. выматаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

З усімі анёрамі гл. анёры.

З усіх канцоў гл. канец.

З усяго свету гл. свет.

Ісці на ўсё гл. ісці.

І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын гл. мераць.

На ўсе вякі гл. век.

На ўсе жылы; з усіх жыл гл. жыла.

На ўсе лады гл. лад ​1.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

На ўсім гатовым гл. гатовы.

На ўсю іванаўскую гл. іванаўскі.

Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.

Ну, вось і ўсё! гл. вось ​2.

Па ўсім відаць гл. відаць.

Па ўсіх правілах гл. правіла.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Перш за ўсё гл. перш.

Скарэй за ўсё гл. скарэй.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Увесь у каго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.

Увесь час гл. час.

Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.

Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.

Усе козыры ў руках гл. козыр.

Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.

Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.

Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).

Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.

Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.

Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.

Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.

Усімі сіламі гл. сіла.

Усіх масцей гл. масць.

Усяго добрага гл. добры.

Усяго найлепшага гл. найлепшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)