азіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да азірнуцца.

2. перан.; на каго-што і без дап. Быць асцярожным, дзейнічаць з асцярогай, узгадняючы свае ўчынкі з чыімі‑н.; аглядвацца. Азірацца на аўтарытэт. Азірацца на старэйшых. □ [Банадысь:] — І не абсячэ ніхто ад студні, гэтак намерзла! А-яй, што за людзі. Кожны ўсё на другога азіраецца. Чорны.

3. Зал. да азіраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Выкапаць акопы, траншэі, земляныя шчыліны, зрабіць насыпы для абароны ад варожага агню. Салдаты акапаліся, заслалі акопы травой і ўклаліся спаць. Хомчанка. Вара.. зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Знайсці сабе надзейны прытулак; надоўга асесці. А на хутары, паціху, Акапаўся зноў Кузьма. Агародніцтвам заняўся, Засадзіў вялізны сад. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анёл, ‑а, м.

1. У рэлігійным вучэнні пасланец бога, якога малявалі ў выглядзе юнака з крыламі. — О! — выгукнуў.. [партызан] маладым голасам. — Хто ты? Анёл з неба ці зорка вячэрняя? Шамякін.

2. перан. Увасабленне чаго‑н. дадатнага, ідэальнага. Анёл прыгажосці. Анёл цярплівасці. □ А сам.. [Паходня], калі на тое пайшло, не такі ўжо анёл, не такі чысцюля, ян прыкідваецца, — дадаў Шнітаў. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.

1. Злёгку абмыць. [Бабка] унуку і ваду на рукі палівае, і кажа, каб хоць шыю сабе апаласкаў, бо яна ад загару і пылу стала чорная як зямля. Пестрак.

2. перан. Абгаварыць каго‑н. [Вашыновіч:] — У нас народ такі. Дзе што якое пачуюць, дык.. як паднімуць гаворку. Усіх па костачках разбяруць, усіх апалошчуць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апераза́ць, аперажу, апяражаш, апяража; зак., каго-што.

1. Надзець пояс і пад.

2. Абвязаць каго‑н. поясам і пад. // перан. Абкружыць, абнесці, абгарадзіць што‑н. чым‑н. Іван Грозны пабудаваў некалькі крэпасцей у ваколіцах горада, а самы горад аперазаў земляным валам. Хадкевіч.

3. Разм. груб. Ударыць. Гэлька са злосцю схапіла палку і з усёй сілы аперазала сабаку. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апе́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Пакрыцца, абрасці пер’ем, убрацца ў пер’е (пра птушак). Не аперыліся птушкі, Ды лятуць з гнязда ў служкі. Бічэль-Загнетава.

2. перан. Падужаць, пасталець (пра людзей). Пабыўшы з год на вольным паветры, Людміла паправілася, або, як жартуючы пра яе казалі, аперылася; паружавелі шчокі, сама яна падрасла, аформілася як дзяўчына. Гурскі. // Палепшыць, замацаваць сваё матэрыяльнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апла́каць, аплачу, аплачаш, аплача; зак., каго-што.

Наплакацца з выпадку чыёй‑н. смерці, страты чаго‑н. Тысячы матак аплакалі ўсё: тугу і голад, пакуты і смерць сяброў. Брыль. // перан. Адчуць і выказаць сваё гора, смутак з выпадку якога‑н. няшчасця. Перш чым Максім Багдановіч аплача ў вершы «Слуцкія ткачыхі» трагедыю прыгонных беларускіх дзяўчат.., слуцкія паясы апіша Адам Міцкевіч. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэнтрава́цца, ‑руецца; незак.

1. Збірацца, сцягвацца, групавацца ў адным якім‑н. месцы. Насельніцтва канцэнтруецца вакол гарадоў. // перан. Звяртацца, накіроўвацца на што‑н. (пра думкі, увагу і пад.). Гутаркі і жарты канцэнтраваліся пераважна каля Букрэевай асобы і яго ролі ў якасці «маладзіцы». Колас.

2. Згушчацца, насычацца (пра растворы).

3. Абагачацца (пра руды, горныя пароды).

4. Зал. да канцэнтраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капры́з, ‑у, м.

1. Беспадстаўнае, але настойлівае жаданне, патрабаванне; недарэчная задума, дзівацтва. Дзіцячы капрыз. Жаночы капрыз. □ У Толі быў адзін капрыз. Амаль кожны месяц маці купляла яму ці новыя туфлі, ці сандалеты, а яны хлопчыку ўсё былі не даспадобы. Даніленка.

2. перан. Што‑н. нечаканае, выпадковае. Капрыз прыроды. Матор з капрызамі. □ Наставала.. [зіма] няроўна, марудна, з частымі капрызамі. Хадкевіч.

[Фр. caprice.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Ствараць крык, падобны на гукі «кар-кар». Толькі ў вершалінах дрэў прарэзліва каркалі вароны ды звінелі на розныя галасы іншыя дробныя птушкі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Прадказваць няўдачу, няшчасце, бяду. — Бачыш, піянер, як кіпіць работа! Яшчэ ж год назад знаходзіліся такія, што каркалі, быццам у калгасе ніхто працаваць па-сапраўднаму не будзе. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)