Казлава́ць ’ванітаваць’ (Сл. паўн.-зах.). Геаграфія слова (толькі паўн.-зах.) пры наяўнасці такіх утварэнняў, як літ. ožiáuti ’ванітаваць’ і адпаведнай структуры (на базе выразу казлоў драць) не пакідае сумненняў у тым, што гэта не выпадковае ўтварэнне. Яго можна лічыць незалежным дэрыватам, аднак агульны фон двухмоўя не мог не ўплываць па падобную лексіку. Ёсць паўд.-слав. адпаведнікі да балт. і бел. дзеяслова: славен. kozláti, зафіксаванае Плятэршнікам. Розніца (ва ўтваральных асновах і інш.) гэтых слоў з’яўляецца відавочнай, аднак неістотнай; галоўнае, што паралелі іх дазваляюць меркаваць аб старажытным характары слова і другаснасці выразу, падрабязней гл. казлы драць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́хі ў рыфмаваным выразе тры́хі да мні́хі ‘пра дарэмную трату часу’ (брагін., З нар. сл.). Параўн. укр. три́хи ‘трэнне; мітусня, клопат’, рус. три́ха, тры́ха ‘працёртая рэдзька’, ‘бульба, якая засталася на зіму ў зямлі’, што схіляе да думкі пра вытворчасць ад церці (аналагічна ЕСУМ, 5, 558). Другая частка выразу мае тыповы для рыфмовак пачатак з губным м і, відаць, блізкая па семантыцы да першай, магчыма, ад мяць, мну, як церці, тру (гл.), і ў такім выпадку толькі фармальна набліжаецца да мні́хі (< польск. mnich ‘манах’). Семантыка выразу дэманструе іранічныя адносіны да падобных заняткаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ркуш 1 ’ліст паперы, шкла, бляхі’ (БРС), аркгушъ, аргушъ (Нас.). Укр. а́ркуш, рус. дыял. арку́ш, польск. arkusz ’тс’. Ст.-бел., ст.-укр. аркушъ з XVI ст., як і польскае. Канчатковая крыніца лац. arcus ’дуга’, адкуль — ’сагнуты ліст’ (Вясноў, Бел. лекс., 35) праз польскую ў беларускую. Памылкова сцвярджэнне, быццам аркуш увайшло ў беларускую мову ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 259) не толькі таму, што слова ўстойліва адзначаецца ў старабеларускай мове і дыялектах, але і таму, што яно фіксуецца ў слоўніках XIX ст. (Шпіл., Мядзв.); ніякіх падстаў для паўторнага запазычання гэтага слова не было.

А́ркуш 2 ’пасхальны артас’, г. зн. ’пасвячоны хлеб’ (Мядзв.). Укр. дыял. а́ркуш ’тс’. Форма аркуш вынікла як скажэнне артус (гл.), магчыма, не без уплыву аркуш 1. Гл. артус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чы, прым. ад сабака 1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачы — воўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атэі́ст (БРС), атэі́ста (Нас.), атеисты з 1597, Гіст. мовы, 1, 307; Гіст. лекс., 220. Рус. атеист 1726, аѳеист 1718 (Біржакава, Очерки, 344; Фогарашы, Beiträge, 34). Атэіст Булыка выводзіць з ням. Atheist, афеист — з ст.-грэч. ἀθεία. Паводле Краўчука, ВЯ, 1968, 4, 123, украінскае з захаду (праз польскую). Рус. атеист, паводле Смірнова, цытаванага Фасмерам, 1, 95, з ням. Atheist; паводле Нардстэта (у якога слова ўпершыню трапляе ў слоўнік), цытаванага Шанскім, 1, А, 170, з франц. athéiste; паводле Біржакавай, Очерки, 344, з ням. Atheist < грэч. ἄθεον непасрэдна і праз украінскую. У старапольскай мове не зафіксавана, таксама як і ў грэчаскай; таму думка пра лацінска-нямецкую крыніцу, верагодна (звычайна на грэчаскай базе), з папраўкай на тое, што ў рускай не толькі праз украінскую, але і праз беларускую. Французскае слова магло толькі садзейнічаць замацаванню слова ў рускай. Паколькі ў беларускай мове фіксуецца ў канцы XVI, XVIII, XIX стст., верагодна, што сучаснае слова працягвае старабеларускую традыцыю. Форма ў Насовіча, відаць, адлюстроўвае звычайную для слоў на ‑іст‑а мадэль польскага паходжання. Гл. атэізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́лічны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.

2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́бік, ‑а, м.

Разм. Пагардлівая назва паліцаяў, якія былі на службе ў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у часе Вялікай Айчыннай вайны. Толя саскочыў з Сівача, дапамог Максіму, падсадзіў яго на свайго каня, а сам — па-маладому неразумна, толькі прыкленчыўшы, але весела, у два ці ў тры націскі выпусціў на «бобікаў» увесь аўтаматы дыск. Брыль. Такіх, як Куцка, шмат. Што іх пазнала ў бобікі? Прыйшлі фашысты і прынеслі пошасць. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́льба, ‑ы, ж.

1. Смутак, туга, бедаванне. «Вось і ўсё, — з жальбай паглядзеўшы на школу, падумала былая настаўніца, — больш мне сюды ніколі не прыйсці, не сустрэцца з гаманлівай дзетварой». Шчарбатаў. Шчырасць бабулі і гэтыя яе слёзы ўзрушылі Андрыяна. Нейкая жальба падступала да горла, перашкаджала гаварыць. Марціновіч.

2. Скарга, нараканне. Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жанглёр, ‑а, м.

Цыркавы артыст, які спрытна падкідвае і ловіць адначасова некалькі прадметаў. Схапіўшы дзве ладныя цагліны, .. [Сяргей] пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр. Шыцік. // перан. Пра таго, хто спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. — Ты, калега, убачыў за адозвай гуртка славянафілаў толькі апаганьванне чыстых парываў рускай народнай душы, а трэба бачыць спрытнага штукара-жанглёра, які пачынае гуляць з такімі рэчамі, як народ, нацыя, вайна. Галавач.

[Фр. jongleur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалачы́ся, ‑лачэцца; пр. навалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.

Разм.

1. Пагард. Прыйсці куды‑н. у вялікай колькасці. Рыгор з пагардай зірнуў на брата, нібы ён адзін быў вінаваты ў тым, што ў старую бацькаву хату навалакліся гэтыя паліцыянты. Сабаленка. Толькі зазелянеў [вінаград], як чорныя дні насталі: нямецка-фашысцкая нечысць навалаклася. Кавалёў.

2. Насунуўшыся, закрыць, засланіць сабою. Разам з ноччу навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што.. [брызентавая накідка] не ратавала. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)