вярну́цца 1, вярнуся, вернешся, вернецца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць назад у тое месца, адкуль выйшаў, выехаў. Партызаны, Напэўна, пайшлі на заданне і яшчэ не вярнуліся з цяжкага бою. Свірка. У пошуках спосабу жыць гэта сям’я на некалькі год трапіла На Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. // перан. Зноў з’явіцца, узнікнуць (пра пачуцці, настрой і пад.). Пакуль Стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачамі за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў. Брыль.

2. Зноў заняцца ранейшай справай. Вярнуцца да сваёй пастаяннай работы.

вярну́цца 2, вернецца; незак.

Разм. Нахіляцца на бок. Човен вернецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́завы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да газу ​1 (у 1 знач.), звязаны з яго выкарыстаннем. Газавая прамысловасць. // Які дзейнічае пры дапамозе газу. Газавы рухавік. Газавая турбіна. Газавая пліта.

2. Звязаны з прымяненнем газаў як сродку барацьбы. Газавая атака.

•••

Газавае рэзанне гл. рэзанне.

Газавая гангрэна гл. гангрэна.

Газавая зварка — тое, што і газазварка.

га́завы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да газу ​2. // Зроблены з газу ​2. Газавая хустка.

га́завы 3, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да газы. Газавая бочка. // Які дзейнічае пры дапамозе газы. Газавая лямпа. Газавы ліхтар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. гас, ‑ла і ‑нуў, ‑нула; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераставаць гарэць, свяціць; тухнуць. Гаслі зоркі. □ Гаслі і астывалі патрошкі і вугельчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам. Колас. Промень гаснуў, і наваколле ахіналі мяккія змрокі. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Памяншацца, знікаць (пра пачуцці, веру, жаданні і пад.). Гасне туга, адыходзіць самота. Панчанка. Кляновіч адчувае ў гутарцы з сябрамі, што крыўда паволі гасне ў яго грудзях. Пестрак.

3. перан. Слабець, траціць сілы; чахнуць. Барташэвіч гас і згараў увачавідкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца (пра ежу). На кастры ў чыгунку гатавалася юшка. Гамолка. // Кіпець, кіпяціцца (пра ваду, чай).

2. да чаго або з інф. Разм. Рыхтавацца да чаго‑н., наважвацца зрабіць што‑н. Гатавацца да ад’езду. // Вывучаць што‑н., рыхтавацца да якой‑н. дзейнасці. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой .. [Лабановіч] так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра. Колас.

3. Зал. да гатаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачну́цца, ачнуся, ачнешся, ачнецца; ачнёмся, ачняцеся; зак.

1. Прачнуцца, абудзіцца. Як ачнуўся, была ўжо раніца. Краўчанка. / у перан. ужыв. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў .. [дзеда Мікіты] яго маладая бунтоўная кроў, — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. Колас.

2. Апрытомнець, апамятацца. Калі.. [Палазок] ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Колас. // Выйсці са стану глыбокай задуменнасці, забыцця; схамянуцца. Казімір ачнуўся ад успамінаў, якія прамільгнулі перад ім кароткімі малюнкамі,.. і рвануў краёчак канверта. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́бухнуць 1, ‑не; зак.

1. Узарвацца, разляцеўшыся на часткі. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Васілёнак.

2. З сілай вырвацца адкуль‑н. Танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Чорны.

3. перан. Нечакана пачацца, раптоўна ўзнікнуць. Выбухнула забастоўка. Выбухнулі воплескі. □ Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Колас. Жыў у тваёй маўклівасці прысуд. І, калі гнеў твой выбухнуў, раскуты, — Маё збавенне праз твае пакуты Прыйшло. Ды не пазбавіла пакут. Грачанікаў.

вы́бухнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да выбухаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азёрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да возера. Азёрная затока. Азёрны басейн. Азёрная вада. □ Праз азёрны прасцяг Прывандруюць крылатыя [гусі-лебедзі] Па шляхах, па агнях, Над ляснымі Дрысвятамі. Лужанін. // Які жыве ў возеры. Калі Лемяшэвіч падчапіў першага невялічкага шчупачка, белага, прыгожага, не падобнага да сваіх чорных азёрных братоў, Аляксей бег паглядзець на яго метраў за дзвесце. Шамякін. // Які прызначаны для плавання па возеры. Азёрны флот. Азёрнае судна. Азёрная лайба. // Багаты на азёры. Нарачанскі азёрны край. Браслаўшчына і Полаччына — азёрны куток Беларусі. □ У азёрным краі, дзе багністыя мелі І пясчаныя берагі, жыла сям’я кулікоў. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Выставіць вонкі, паказаць што‑н. Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прачыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Пальчэўскі. Я ціхенька выцягнуў і паклаў на калені стрэльбу, якую ўжо быў высунуў у «акенца». Ляўданскі.

2. Перамясціць на адкрытае месца. Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Гарэцкі. // Выцягнуць, дастаць што‑н. знутры чаго‑н. Высунуць шуфляду са стала.

3. перан. Прапанаваць для абмеркавання; выставіць прапанову. Высунуць план, праект.

•••

Высунуць (выткнуць) нос — выйсці з дому, паказацца дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць, дагледзець; прывесці ў парадак. Тарфянішча абраблю, Каб гуло, як медзь. Наглядаючы зямлю, Буду хлеб мець! Куляшоў. Мусіць, яна не была б такой прыгожай, італьянская зямля, калі б не абрабілі, не аздобілі яе сваім потам і рукамі працавітыя людзі. Мележ.

2. Апрацоўваючы, прыдаць чаму‑н. патрэбныя выгляд, якасць. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

3. Разм. Запэцкаць, забрудзіць чым‑н. [Дзяк:] — Ёсць такая казка — наеўся цыган кіслага малака ды вельмі ж бараду ў гэтае малако абрабіў... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абце́рці, абатру, абатрэш, абатрэ; абатром, абатраце, абатруць; заг. абатры; пр. абцёр, ‑церла; зак., каго-што.

1. Выціраючы, зрабіць сухім, чыстым. Узяўшы яблык, Марына абцерла яго ражком хусткі і пачала есці. Кавалёў. Стары паклаў жалеза і абцёр аб фартух рукі. Чорны. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. // Выціраючы, сцерці што‑н. Яўхім абцёр рукавом пот на лбе і акінуў позіркам двор, шукаючы ценю. Пальчэўскі.

2. Зняць верхні слой чаго‑н. Аб пясок абцёр іржу з яе — І падкова нібы люстраная. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)