хлебяста́ць, хлебяшчу, хлябешчаш, хлябешча; незак.

Абл. Стракатаць, трашчаць (пра работу механізмаў, машын і пад.). У Забыліне хлебястаў кулямёт. Стралялі адтуль на імшары цяпер ужо не сціхаючы. Пташнікаў. // Балбатаць, шмат гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад цкаваць.

2. у знач. прым. Які падвяргаўся цкаванню. Цкаваны звер.

•••

Цкаваны воўкпра чалавека, які зведаў усё, пабываў у розных жыццёвых пераплётах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэйс, ‑а, м.

Разм. Аптычны прыбор фірмы «Цэйс» (звычайна пра бінокль). Праз дванаццацікратны мюлераўскі цэйс было добра відаць усё, што рабілася і на скрыжаванні, і на бліжэйшых участках дарог. Шашкоў.

[Ад імя заснавальніка аптычнай фірмы ў Іене Карла Цэйса (1846 г.).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырванаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З чырвонай або чырванаватай скурай.

2. З цёмна-жоўтай, чырванаватай афарбоўкай скуры (пра індзейцаў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі). Чырванаскурыя плямёны. // у знач. наз. чырванаску́рыя, ‑ых. Індзейцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штармі́ць, ‑міць; незак.

Быць вельмі неспакойным, бурным у час шторму (пра мора, акіян і пад.). Вельмі блізка штарміла мора. Мехаў. / у безас. ужыв. Надыходзіла ноч. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яршы́цца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. Натапырвацца, нахохлівацца (пра птушак). У густым голлі ігрушы яршыліся вераб’і. Даніленка.

2. перан. Станавіцца яршыстым, задзірлівым. — Не яршыся.. Панадзішся піць — святаў не заўважыш. Калодзежны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́р, ‑а, м.

1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.

3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.

4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.

5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.

•••

Гаспадар свайго словапра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.

Сам сабе гаспадар гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́цца, ую́ся, уе́шся, уе́цца; уёмся, уяце́ся, ую́цца і вію́ся, віе́шся, віе́цца; віёмся, віяце́ся, вію́цца; пр. ві́ўся, віла́ся, віло́ся; заг. ві́ся; незак.

1. Абвівацца вакол чаго‑н. Віецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі. // Завівацца (пра валасы). У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Чорны.

2. Рабіць звілістыя рухі целам. Вуж уецца каля ног. // Мець звілісты напрамак. Плямістай жоўта-зялёнай змейкай уецца чыгунка сярод лясных гушчароў. Шынклер. Як ручай дарога ўецца. Зарыцкі. // перан. Круціцца, увівацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай. Віцца каля дзяўчыны.

3. Лётаючы, кружыцца. Каля твару назольна віліся камары. Мележ.

4. Уздымацца лёгкім струменьчыкам. З коміна віўся дымок. Якімовіч.

5. Развявацца (пра флаг, сцяг і пад.). Шум і гоман у сталіцы, Сцяг ля сцяга ўецца. Купала.

6. Зал. да віць.

•••

Віцца вужакай — падлізвацца, падлашчвацца да каго‑н.

Віцца роем — кружыцца, круціцца, чапляцца адно за другое (пра думкі).

Віцца ўюном — выкручвацца, хітрыць, падхалімнічаць.

У трубы віцца — вельмі добра расці (пра расліны).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)