гарля́к, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і горла (у 1 знач.). Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі. — Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля, — сказаў ён, ні да кога не зварачаючыся. Колас.

2. Частка шчытападобнага храстка, якая выдаецца ўперад; кадык. На зморшчанай, хударлявай шыі х[одыра]м хадзіў востры, нібы яловы сучок, гарляк. Бядуля.

3. Тое, што і горла (у 2 знач.). [Кірыла] агледзеў прыладдзе, паспрабаваў пакруціць за корбу, падзівіўся, як праз гарлякі белаю цягучаю гумаю вылівалася малако. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. Рухацца няроўна, хістаючыся з боку ў бок. Задняе кола віхляла, церла загваздку, чаплялася вобадам за драбіны. Масарэнка.

2. Ісці, робячы частыя павароты. [Мікітка] замкнуў хату на замок, падвязаў лыжы і неўзабаве ўжо віхляў між камлёў дрэў. Сачанка. // Віцца (пра дарогу, рэчку і пад.). Адразу ж за вёскай пачыналася лагчына, па якой віхляла рэчка. Новікаў.

3. перан. Ухіляцца ад прамога адказу; віляць. Раман, згубіўшы надзею на тое, што старая прагаворыцца, пачынае хітрыць, віхляць языком. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.

2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.

3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.

4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́перці, ‑пру, ‑праш, ‑пра; пр. выпер, ‑рла; зак.

1. што. Выціснуць, выдушыць што‑н. адкуль‑н. Выперці дно ў бочцы. Выперці шыбу.

2. каго. Разм. Прымусіць выйсці, выехаць адкуль‑н.; выгнаць. Выперці дзяцей з хаты. □ Напэўна б сход сарваўся, Але Трэзор Прыдумаў, чым даць рады: За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду, і выперлі нягодніцу на двор. Корбан. // Выключыць, звольніць каго‑н. адкуль‑н. Выперці з установы.

3. без дап. Разм. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперці наперад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаха́ны, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́йцы, ‑аў; адз. ляйчына, ‑ы і лейчына, ‑ы, ж.

Вяроўкі, рамяні для кіравання коньмі ў запрэжцы. На высокім сядзенні, .. трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. Колас. За мастом начальнік участка сагнаў нас з саней .. і хлыснуў лейчыной каня. Пташнікаў. Тузаючы за лейцы, бацька накіраваў Гнядва на дарогу. Васілёнак.

•••

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) каму — аб неапраўдана капрызных паводзінах.

Папусціць лейцы гл. папусціць.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыве́рсія, ‑і, ж.

1. Акт вывядзення са строю ваенных і інш. важных аб’ектаў агентамі варожай дзяржавы або партызанамі ў тыле акупантаў. Атрад Заслонава наладжваў дыверсіі ў дэпо. Было, што за ноч падрыўнікі паспявалі зрабіць дзве дыверсіі. Сіняўскі.

2. Ваенная аперацыя, якая праводзіцца, каб адцягнуць увагу праціўніка ад месца нанясення галоўнага ўдару.

3. перан. Правакацыйная прапаганда ў друку імперыялістычных дзяржаў, накіраваная супраць краін сацыялізма. У сваіх ідэалагічных дыверсіях імперыялісты сканцэнтроўваюць намаганні перш за ўсё на тым, каб атруціць свядомасць падрастаючага пакалення. Машэраў.

[Фр. diversio — адхіленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́сцік, ‑а, м.

1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.

2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).

3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

1. Ваяваць некаторы час. Паваяваць некалькі месяцаў. □ Калі [Фёдар] паправіўся — трапіў яшчэ далей — на Далёкі Усход, дзе паспеў паваяваць яшчэ і з японцамі. Кірэенка.

2. перан. Разм. Пазмагацца за каго‑, што‑н. Усё-такі я некалі кахаў .. [Іру] і мо нават трошкі вінаваты, што яна стала такою. Не хапіла рашучасці паваяваць за чалавека. Сабаленка. // Разм. Пасварыцца, паспрачацца некаторы час. — Браточку, паедзем, бо калі я тут з сваёй бабай яшчэ паваюю, дык і пад бярозу будзе пара!.. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)