перакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.

Зрабіць што‑н. касым, несіметрычным; скрывіць. Перакасіць раму. Перакасіць каўнер. □ Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць. Скрыган. / у безас. ужыв. Твар у .. [Алы] перакасіла гневам. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары. Карпаў.

перакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.

1. што. Скасіць далей за вызначаную мяжу. Дзямян з.. [Мікітам] не сварыўся, не пераараў яму мяжы, не перакасіў. Пестрак.

2. перан.; каго. Скасіць, знішчыць, загубіць усіх, многіх. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў, стралялі з гармат і быццам бы перакасілі процьму фашыстаў. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Разарваць, раздзяліць надвае, на часткі. Перарваць дрот. / у безас. ужыв. Трос перарвала, як нітку. Мележ.

2. што. Перапыніць, спыніць на некаторы час якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н. Перарваць штодзённую работу. □ Апошняя вайна надоўга перарвала перапіску паміж сёстрамі. Васілевіч. // што. Парушыць які‑н. стан, працэс. Перарваць маўчанне. Перарваць сон. □ І раптам песню перарваў гучны і радасны крык. Шамякін. Змрочныя думкі Грыбоўскага перарваў лёгкі трэск галінак. Курто. // каго. Перабіць чыю‑н. размову, гутарку. — Хто там? — адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. Чорны.

3. што. Разарваць, парваць на часткі ўсё, многае. Перарваць усе ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пару́шыцца, ‑шыцца; зак.

1. Перарвацца, спыніцца ў сваёй плыні, звычайным ходзе дзеянняў. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. // Страціць стройнасць, зладжанасць, парадак. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка.

2. Крануцца, сысці з месца; зрушыцца. [Зося] як абярнулася пры ўваходзе гасцей у хату тварам к дзвярам, так і стаяла, не хочучы парушыцца з месца. Гартны. Мар’янка не парушылася, не аднімала рук ад твару. Колас. // перан. Страціць упэўненасць у чым‑н.; адступіць. [Дулеба] не парушыўся ў сваіх перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зрабіцца кіслым; пракіснуць. Крупеня скісла. // Зрабіцца кіслым (пра малако). — Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла. Шамякін.

2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць, упэўненасць, стаць вялым, сумным. [Гэля:] — Што з табою, Адачка? Неяк ты адразу скісла. Пальчэўскі. [Дымар:] — Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі. Шамякін.

•••

Каб (бадай) ты скіс (скісла) — ужываецца як нязлосны праклён. — Андрэй! А бадай-жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка. Колас. — Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.

1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.

2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

судо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да суда. Судовыя органы. Судовы прыгавор. Судовы выканаўца. □ І раптам пачуўся гучны голас: — Устаць! Суд ідзе! Гэта выгукнуў судовы прыстаў. Колас. // Які падлягае нагляду, распараджэнню суда. Усе ўжо ведалі, што да судовай адказнасці прыцягваюць прараба Нядаўняга. Дадзіёмаў. Зрэшты, не паспеў Максім Танк выйсці на волю, як на яго завялі новую судовую справу. Бугаёў.

2. Які мае адносіны да судаводства. Судовы працэс. Судовы разбор. Судовыя выдаткі. // У складзе назваў рада дысцыпліну якія адыгрываюць дапаможную ролю пры судзе і следстве. Судовая медыцына. Судовая хімія.

•••

Спаборны судовы працэс гл. працэс.

Судовы выканаўца гл. выканаўца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.

1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.

•••

Біць чалом гл. біць.

На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.

Стаць на чале ўлады гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шату́н, ‑а, м.

1. Спец. Дэталь машыны, механізма, якая злучае поршань з валам рухавіка і служыць для перадачы руху ў час работы. Перад .. [трактара] вісеў на цурбалках, а радыятар, поршні, шатуны — усё нутро машыны ляжала, параскіданае на ўтаптанай каленямі раллі і на кавалачках бруднай фанеры. Ракітны.

2. Разм. Мядзведзь, які блукае зімой па лесе, а не спіць у берлагу. Бывае, што і самому раптам нейкім мулкім стане твой любімы горад, куды звычайна з радасцю і нецярпеннем спяшаешся з усіх дарог, і ты ходзіш па ачышчаных ад снегу вуліцах, нібы той мядзведзь-шатун, і не ведаеш, дзе дзець сябе, такога злога, незадаволенага, вуглаватага. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шквал, ‑у, м.

1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.

2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.

[Англ. squall.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматгало́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шматгалосся (у 1 знач.); поліфанічны. Шматгалосы хор.

2. Які складаецца з шматлікіх галасоў, гукаў, што гучаць адначасова; які ўтвараецца шматлікімі галасамі. З двара казармы вецер данёс шматгалосы гоман. П. Ткачоў. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ура!» Грахоўскі. // Які ўтварае многа гукаў; шумны. Натоўпы людзей шматгалосыя радамі ўліваюцца шчыльнымі. Пабачыш усе тут [у метро] прафесіі, сыноў розных нацый і рас. Панчанка. Помню цэх шматгалосы і змену начную, Помню ў шуме і громе, у промнях святла Кранаўшчыцу, кержачку вясёлую Нюру, Што з гарэзлівай песняй па цэху ішла. Дайнека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)