Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

умешвацца, мяшацца, уступаць; увязвацца, вязацца, утыкацца, лезці, сунуцца, уліпаць (разм.); уразацца, укліньвацца, тачыцца (перан.) □ утыкаць нос, ткнуць нос, торкаць нос, соваць нос, сунуць нос, пхаць нос, лезці з носам, сунуцца з носам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́каць1, пі́кнуцьторкаць, соваць у твар, у нос; гаварыць насуперак, выстаўляць заганы’ (Нас.). Магчыма, в пи́ку ’на злосць каму-небудзь’; польск. pikać, piknąć ’укалоць; парнуць, бадануць’, в.-луж. pikać ’дзяўбсці дзюбай’, ’мармытаць незадаволена’, н.-луж. pikotaś ’паволі, патроху есці’, чэш. píkati ’калоць’, pifka, pivka ’злосць, лютасць, гнеў’, славац. pik, pyk ’прыкрасць, раздражэнне’, славен. píkati ’калоць; джаліць; уядаць’, ’дзяўбсці’, ’патроху есці’, píkec ’дурнап’ян, Datura stramonium’, серб.-харв. имати пи̏к (на некага), макед. има пик (на него) ’ненавідзець’, пикна ’цесна ўкладваць, напіхваць, усоўваць’, пикне ’перапаўняць’, балг. пикнам ’засунуць, запіхнуць’, харв. кайк. pȉkati ’калоць, мацаць’. Прасл. *pikati ’соваць, калоць, джаліць’ (Гарачава, Этимология–1978, 107–108), найбольш блізкае да літ. pỹkti ’зліцца, гневацца’, pykà ’злосць’, лат. pîkts ’злы, нядобры, раздражнёны’ (Махэк₂, 448; Мюленбах-Эндзелін, 3, 213; Фрэнкель, 589; Бязлай, 3, 35) < і.-е. *pei̯kʼ‑ ’быць варожа настроеным’ (Каруліс, 2, 47) ці да і.-е. pī̆k(k) ’нешта вострае’, параўн. н.-грэч. πίκα, арам. pică ’гнеў’, pičean ’мярзотнік’, алб. pikkëllój ’засмуціць’, англ. to pick at ’гнявіць’, франц. piquée ’сварка’, ’з’едлівасць’.

Пі́каць2 ’пішчаць адрывіста, коратка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’падаваць па радыё сігналы дакладная часу’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пік! — пра падачу гуку наогул (мсцісл., Нар. лекс.), пі́кыць ’падаваць голас’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́кати ’пішчаць’, рус. пи́кать, пи́кнуть ’пішчаць, падаваць голас’, польск. piknąć, старое pikać ’(за)пішчаць’, ’адклікнуцца’, pik! ’грук, стук!’, чэш. pikat ’ціўкаць’, славац. pik! — гук пры стралянні, параўн. лат. pīka ’плаксівае дзіцё’, ’рачны уюн, пячкур (які выдае піск)’. Гукапераймальнае pi(s)k! (Ільінскі, KZ, 43, 179; Варш. сл., 4, 188; Траўтман, Altpreuß., 338; 398; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткаць1 ’вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́каць1торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна. Крапіва. [Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу. Бядуля. // Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот. Крапіва. / у перан. ужыв. Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Прымаўка. // Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад. Чорны. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей. Лынькоў. Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. Кулакоўскі. // Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі. Сачанка. Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку. Даніленка. // Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну. М. Стральцоў. А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Колас.

3. што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды. Чорны. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін. // Накіроўваць куды‑н. у час росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл. Агняцвет.

4. што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца. // Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот. // Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.

5. каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі. Броўка. Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны. Купала. Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. // і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі. Чыгрынаў. // Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно. Лынькоў. // перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».

6. каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. С. Александровіч. Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам. Астрэйка.

7. што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі. Дуброўскі. // каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне? Асіпенка. Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне. Прымаўка.

8. каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду. Чорны. [Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук. Колас. // Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік. // Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там. Лынькоў.

9. што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску. Пташнікаў. [Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні. Брыль. // Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако. Даніленка. Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком. Васілёнак. Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно]. Шамякін. // Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты. Пянкрат.

10. каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт. Хадкевіч. // перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага. Крапіва. // перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам. Грахоўскі.

11. каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві. Сачанка. Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў. Карпюк. Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі. Свірка. / у безас. ужыв. Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Марціновіч. Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча. Лобан. // безас. каго-што да чаго і з інф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Ваданосаў. Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі. Кудраўцаў.

12. безас. каго-што на што і да чаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон. Пташнікаў. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка. Чарнышэвіч. // з інф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Чорны. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі.

13. што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! В. Вольскі. // і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць. Ермаловіч.

14. што і без дап. (са словамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень. Астрэйка. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас.

15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры. Гурскі. // безас. чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг. Хомчанка. А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму. Адамчык. Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы. Каршукоў. // што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць. Чорны.

16. што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу. // без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы. Самуйлёнак. [Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць. Машара.

17. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне. Сабаленка. Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы. Свірка. / у перан. ужыв. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

За вушы цягнуць каго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.

Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.

Цягнуць воз — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за душу каго — даймаць, назаляць чым‑н. непрыемным, нудным.

Цягнуць за язык — змушаць расказаць што‑н., адказаць; прымушаць выказацца.

Цягнуць (разводзіць) каніцель — а) рабіць, гаварыць, выконваць і пад. што‑н. аднастайна, нудна; займацца чым‑н. аднастайным, нудным; б) марудзіць, зацягваць якую‑н. справу, здзяйсненне чаго‑н.

Цягнуць ката за хвост — нудна, наўмысна павольна гаварыць.

Цягнуць лямку — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць на вяроўцы каго — памагаць з усіх сіл заняцца якой‑н. дзейнасцю таму, хто не здольны да гэтай дзейнасці або не хоча ёю займацца.

Цягнуць руку чыю, каго — падтрымліваць каго‑н., чые‑н. погляды, думкі.

Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.

Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)