со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́мар1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мартлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)