пакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чым.

Круціць час ад часу, паварочваць то адным, то другім бокам. — Но, но, каб вы жывенькі былі, — пакручваў пугай над галавой бацька. Сабаленка. Чалавек бярэ рэч, спакойна пакручвае яе так, што відаць яна з усіх бакоў, нават з канцоў, і гэтак жа спакойна ставіць на месца. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круціхво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

Разм. Тое, што і круцёлка (у 2 знач.). То ж трэба думаць, нейкая гадаўка і круціхвостка падабрала вунь якую чыстую, вунь якую далікатную душу! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́шчыцца, ‑лашчуся, ‑лашчышся, ‑лашчыцца; зак.

Праявіць ласку, пяшчоту да каго‑н.; з пяшчотай прыціснуцца, прыгарнуцца да каго‑, чаго‑н. Так выразна відаць былі зубчыкі лісця па цёмным небе, што хацелася пацягнуцца да іх рукой, дакрануцца да іх, прылашчыцца гарачай шчакой. Лынькоў. [Нэля:] — Да цябе ніколі прылашчыцца нельга. То ты на дзяжурства спяшаешся, то вапнай па самыя вушы заляпаны. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашэ́стак, ‑тка, м.

Абл. Жэрдачка пад столлю ў сялянскіх хатах, на якую што‑н. вешаюць. — Ну, не разыходзься так, — спакойна азваўся Пракоп: — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́бу ’быццам бы, як бы’: ад зямлі та́бу адсы́рвае (мазыр., ГЧ). Кандэнсацыя выразу так бы ’як бы’ ці *то бы (гл. то, бы) з дыялектным пераходам ыу ў фіналі.

Табу́ ’забарона’, ’забарона на пэўнае слова, дзеянне, прадмет’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. табу́ ’тс’ з англ. taboo, tabu ’табу, забарона’, што, у сваю чаргу, запазычана з палінэзійскіх моў, дзе tapu ’свяшчэнны, недатыкальны’ літаральна азначае ’асаблівым чынам адзначаны’ і складаецца з дзвюх частак ta ’адзначыць’ і pu ’надта, надзвычай’ (ЕСУМ, 5, 500).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блізі́р, ‑у, м.

У выразе: для (дзеля) блізіру — пра тое, што робіцца, выконваецца для адводу вачэй. І калі напачатку.. [Малінін] размаўляў з Маняй проста так, дзеля блізіру, каб пазабаўляцца, то цяпер ужо, адчуваецца, стаў шкадаваць маладуху. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патро́шкі, прысл.

Тое, што і патрошку. [Віктар:] — Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем. Маўр. А ў руках — басаножкі: Незнарок іх зняла, Каб адчуць, як патрошкі Сцежка стыць пачала. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвалі́на, ‑ы, ж.

1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.

2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туды́, прысл.

У той бок, у тое месца; проціл. сюды. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды. Колас. Бягун выхапіў з кішэні наган, стрэліў у каноплі і ў той жа момант рынуўся туды сам. Кулакоўскі. [Вера] пайшла туды, дзе грыміраваліся дзяўчаты. Асіпенка.

•••

(І) туды і сюды — а) у той і ў другі бок; б) па-рознаму; і так і гэтак.

Ні туды ні сюды — ні ў які бок; ні з месца.

То туды, то сюдыто ў адзін, то ў другі бок; узад і ўперад; у розныя бакі.

Туды і дарога каму-чаму гл. дарога.

Туды і назад — у абодва канцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)