суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Літва́ ’ліцвіны, беларусы’ (Крачк.; паўд.-усх.; Кос.), ст.-бел. литвин ’беларус’, укр. литва́, кіеў. литвинок ’тс’ (БНТ, Лег. і пад.), рус. анеж. литва́ ’народ, народнасць’, том. ’мясцовае нярускае насельніцтва’, наўг. ’перыяд шведскай інтэрвенцыі XVII ст.’ Бел. лексема запазычана з літ. Lietuvà ’Літва’. Сюды ж ліцвя́к, ліцвін, лецвя́к, літвін ’літовец’ (Касп., Нас., гродз., трок., Сл. ПЗБ), літвячка ’жанчына з Літвы’ (Сцяшк.), літві́н, ліцві́н(ы) ’літовец’, ’беларус з пэўнай мясцовасці’ (Сл. ПЗБ); усх.-маг. ліцьві́н ’літвін’, ’заходнія (з усходняй Магілёўшчынай) суседзі’ (Бяльк.). Паводле Клімчука (Tarptautinė baltistų konferencija, Vilnius, 1985, 168–169), этнонімы літвіны, ліцвякі, літва ў большай ступені адносяцца да паўн.-зах. Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь, а таксама на рад абласцей РСФСР і паўночнай Украіны. Гл. таксама Непакупны, Связи, 153–155. Трубачоў (Эт. сл., 15, 159) прасл. litva (рус. уладз. литва ’моцны дождж’, іван. ’ліцейшчыкі на заводзе’, чэш. litba ’лівень’, серб.-харв. ли̏тва ’штодзённы лівень’) выводзіць з дзеясл. liti > ліць (гл.), не выключаючы магчымасць развіцця (пашырэнне на ‑а) асновы супіна litŭ ад гэтага ж дзеяслова. Прасл. litva можа лічыцца блізкім адпаведнікам (або паралелізмам) літ. Lietuvà, якое, аднак, Фрэнкель (1, 368) збліжае з лат. lītus ’бераг мора’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.
2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нае́зд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. наязджаць (гл. наехаць у 1 знач.). Наезд машыны на чалавека.
2. Прыезд каго‑н. куды‑н. на нейкі час. З сваіх нядоўгіх наездаў у родную вёску я ведаў, што суседзі-гусараўцы жывуць самі сабе, ні багата і ні бедна. Ракітны. // у знач. прысл. нае́здам, нае́здамі. Прыязджаючы зрэдку і ненадоўга. Гаспадаркай.. [пан] цікавіўся мала, жыў у Мінску і бываў у маёнтках толькі наездам. С. Александровіч.
3. Раптоўны набег, напад вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Кандрат Вус, зачуўшы наезд польскай конніцы, .. кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Колас. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дзён праз два паведаліся яшчэ раз. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.
2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.
3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надысці́, надыду, надыдзеш, надыдзе; пр. надышоў, ‑шла, ‑шло; заг. надыдзі; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, пачацца, наблізіцца. Надышоў вечар. Надышло свята. Надышоў канец змены. □ Калі надышла залацістая восень, Рыгорку завялі ў школу. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ахапіць, авалодаць. Зноў надышоў страх. Галавач.
3. Разм. Прыйсці, з’явіцца куды‑н. Так і ляжалі, сцякалі крывёю маці і сын, пакуль не надышлі суседзі, не завезлі ў бальніцу. Арабей. // Прыбыць на месца прызначэння; быць дастаўленым. Поезд надышоў у час. □ [Следчы:] — Едзьце, сябры, зараз у Азярышча. Можа, за гэты час туды надышлі якія весткі. Пестрак. // Насунуцца, закрыць неба. Надышлі хмары.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. З’явіцца, узнікнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Надышло рашэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.
2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.
•••
Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насла́ць 1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.
1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.
2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.
насла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.
1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.
2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).
3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.
Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.
•••
Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.
1. Прыціскацца, набліжацца да каго‑, чаго‑н. Захопленая ліўнем у полі жывёла ціснулася адна да другой. Васілевіч. У капліцы было холадна, і, як ні ціснуліся Надзя з Ванем адно да аднаго, не маглі сагрэцца. Бураўкін.
2. Стаяць, сядзець, размяшчацца цесна, блізка адзін да аднаго. Суседзі [Пеці] перабраліся на іншыя парты і цяпер там ціснуліся аж па чацвярых. Ракітны. Унізе, ля падножжа і па схілах горкай грады, ціснуцца на вузкіх вуліцах маленькія аднапавярховыя мураванкі і драўляныя дамы. В. Вольскі. // Жыць у цеснаце. У гэтым пакоі і жыве Алена з той пары, як пераехала сюды з хаты.., дзе ціснулася тры сям’і пагарэльцаў. Мележ.
3. Пасоўвацца, набліжацца цясней адзін да аднаго, каб вызваліць месца. — Калі ласка, юнак, садзіся! — стары ахвотна ціснецца на лаве. Карпюк. // Штурхаючыся, ісці, рухацца куды‑н. З-за рэчкі ціснуцца каровы. Колас. Алег памалу ціснуўся да пярэдніх дзвярэй. Ярашэвіч. / у паэт. ужыв. Ідзе прэм’ера. І паўнатвары Месяц магам З пытаннем ціснецца ў дзверы: Ці будуць новыя аншлагі? Тармола.
4. перан. Разм. Скупіцца, скнарнічаць. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Шамякін.
5. Зал. да ціснуць 1 (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)