раство́р, ‑у, м.

Аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога‑н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасці. Содавы раствор. □ [Тася Кабрынец] да свірка прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі ільнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам, перамешваюць. Бялевіч. // Аднародная сумесь вяжучага матэрыялу, пяску і вады, якая ўжываецца ў буцаўніцтве. На рыштаваннях новых дамоў у руках муляроў мільгалі кельні са свежым растворам. Якімовіч. // Спец. Раўнамерная сумесь двух або некалькіх рэчываў. Газападобны раствор. Вадкі раствор. Цвёрды раствор.

•••

Фізіялагічны раствор — водны раствор солей, блізкі па сваіх уласцівасцях да плазмы крыві.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіслата́, ы́, ДМ ‑лаце́, ж.

1. Уласцівасць кіслага. // Пра што‑н. кіслае. Не яблык — адна кіслага.

2. мн. кісло́ты, ‑ло́т. Хімічныя злучэнні (звычайна кіслыя на смак), якія змяшчаюць вадарод, здольны замяшчацца металам пры ўтварэнні солей.

•••

Алеінавая кіслата — адна з найбольш пашыраных у прыродзе кіслот, якая ўваходзіць у састаў усіх алеяў і жывельных тлушчаў.

Аскарбінавая кіслата — арганічнае рэчыва, неабходнае для нармальнага абмену рэчываў у арганізме; вітамін C.

Вінная кіслата — кіслата, якая ўваходзіць у састаў ягаднага і вінаграднага соку.

Вугальная кіслата — злучэнне вуглякіслага газу з вадою (скарыстоўваецца ў харчовай прамысловасць тэхніцы, медыцыне і пад.).

Карболавая кіслата — ядавітая вадкасць з характэрным пахам, якая скарыстоўваецца як антысептычны і дэзінфекцыйны сродак; раствор фенолу.

Лімонная кіслата — арганічная кіслата, якая змяшчаецца ў плодзе лімона і некаторых іншых раслінах (скарыстоўваецца ў кулінарыі, медыцыне, для фарбавання і інш.).

Плавіковая кіслата — водны раствор фторыстага вадароду.

Сінільная кіслата — ядавітая бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; цыяністы вадарод.

Фоліевая кіслата — проціанемічны вітамін.

Шчаўевая кіслата — найпрасцейшая арганічная кіслата, якая змяшчаецца ў шчаўі, кісліцы і інш.

Яблычная кіслата — арганічнае злучэнне, якое змяшчаецца ў няспелых яблыках, вінаградзе, рабіне і інш. (скарыстоўваецца ў харчовай прамысловасць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Загана, недахоп. А колькі хварэла яна сама — малою і ўжо нават дзеўкаю, калі хвароба лічыцца самаю большаю вадаю для дзеўкі. Дамашэвіч.

вада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. во́ды, ‑аў; ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўтварае рэкі, азёры, моры і з’яўляецца хімічным злучэннем кіслароду і вадароду. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе вада. Колас. // Водная маса. Аж гудзе параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. Лынькоў. // (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы. Газіраваная вада. Мінеральная вада. Вапнавая вада. // толькі мн. (во́ды, ‑аў). Курорт з мінеральнымі крыніцамі. Лячыцца на водах.

2. толькі мн. (во́ды, ‑аў). Водныя прасторы, участкі рэк, азёр, мораў. Тэрытарыяльныя воды. Дзяржаўныя воды. Антарктычныя воды.

3. толькі адз.; перан. Разм. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад.

4. Якасць каштоўнага каменя, якая вызначаецца чысцінёй бляску, празрыстасцю.

5. у знач. прысл. вадо́ю. Водным шляхам, па вадзе. Дастаўляць грузы вадою.

6. Паводка, разводдзе. Вялікая вада.

•••

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу або ўтварылася з расталага снегу.

Жорсткая вада — вада, якая ўтрымлівае шмат кальцыевых і магніевых солей.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Мяккая вада — вада, якая ўтрымлівае мала кальцыевых і магніевых солей.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Вада не ўстоіць на кім — пра таго, хто ўмела і хутка ўсё робіць.

Вадой не разліць (не разальеш) каго гл. разліць.

Ваду малоць гл. малоць.

Вады (нікому) не замуціць гл. замуціць.

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці сухім з вады гл. выйсці.

Дзесятая вада на кісялі — пра далёкае сваяцтва.

Жывая вада (у казках) — цудадзейная вада, якая вяртае жыццё мёртвым.

Каламуціць (муціць) ваду гл. каламуціць.

Канцы ў ваду гл. канец.

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Мёртвая вада — а) вада, узровень якой настолькі нізкі, што не можа прывесці ў рух колы млына або іншыя вадзяныя рухавікі; б) у казках — цудадзейная вада, ад апырсквання якой зрастаецца пасечанае на кавалкі цела (ажывае ад апырсквання жывой вадой).

На ваду брахаць гл. брахаць.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Пасадзіць на хлеб і ваду гл. пасадзіць.

Перабівацца з вады на хлеб гл. перабівацца.

Сплыць вадою гл. сплыць.

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Як вадой змыла гл. змыць.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Як дзве каплі вады гл. капля.

Як з гусі вада каму — нічога не дзейнічае.

Як камень у ваду гл. камень.

Як пугаю па вадзе гл. пуга.

Як рыба ў вадзе гл. рыба.

Як у вадзе растаць гл. растаць.

Як у ваду глядзеў гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)