святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і уздыму, уздымеш, уздыме; пр. узняў, ‑няла, ‑ло; заг. узнімі і уздымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. (з зямлі, падлогі і пад.). [Чалавек] абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. Караткевіч.

2. Падняць, аддзяліць ад зямлі і пад., маючы столькі сілы, каб утрымаць (што‑н. цяжкае). Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Колас.

3. Падняць уверх, перамясціць у больш высокае становішча. Высока ўзняўшы ўгору рукі, маладая жанчына вешала на .. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. Завуч узняў акуляры на лоб і ўставіўся на Косцю. Карпюк. Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Быкаў. / Пра парус, сцяг. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго. Панчанка. // перан. Разм. Ставіць каго‑н. у больш высокае грамадскае становішча. [Клава:] — Там .. [Гаравы] быў і райком, і пракурор, і міліцыя. Усё разам. Хоць і там [у партызанах] яго вайна высока ўзняла. Асіпенка. // Падцягнуць уверх і замацаваць. Узняць заслону. // Загнуць уверх край чаго‑н. Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол. Колас.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Я зашпіліла гузікі старога плашча, узняла каўнер, але ад гэтага ніколькі не пацяплела. Савіцкі. Аляксей узняў капот — матор увесь пабіты. Новікаў. Дзядок, што першым зайшоў у вагон, гаспадарліва ўзняў сярэднюю лаўку і перагаворваўся з жанчынамі. Даніленка. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (галаву, вочы і пад.). [Саша і Пеця] спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў. Шамякін. [Студэнтка] ўзняла вочы да столі, нібы дзесьці там прачытала адказ. Прокша. Цаліна ўзняла свой светлы, прывабны твар. Кавалёў. // Узвысіцца дзе‑н., над чым‑н. Блішчыць рака. Гамоніць гай, Узняўшы ў неба кроны. Калачынскі. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

5. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Узняць полк у атаку. □ Канваіры ўзнялі нявольнікаў, пагналі далей. Ставер. Іх [людзей] узняў па трывозе Цімох з кірмаша на пажар. Куляшоў. // Разбудзіць, прымусіць устаць з пасцелі. А заўтра ўзніме на світанні касцоў ледзь чутны звон травы. А. Вольскі. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. (з нары, гнязда і пад.). Максім жа не загінуў ад звера, як гэта думалі людзі. Узняўшы з бярлогі мядзведзя, ён падштурхнуў яму ў лапы пана, а сам накіраваўся ў балоты. Машара. // Прымусіць каня перайсці на рысь, галоп і пад. Лёня нават Мяцеліцу ўзняў па рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка. Брыль. // Падняць уверх (пыл, снег і пад.). Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. / у перан. ужыв. Узняць у душы віхор пачуццяў. // перан.; на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў. Узняць масы на датэрміновае выкананне плана. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагопаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Узняць шум. Узняць паўстанне. Узняць плач. □ Надзя ў слёзы, цешча ўголас. Узнялі такі лямант, што Валодзька мусіў адкрыць карты. Гроднеў. Летам парабак панскі, Цімох Загула, узняў бунт у маёнтку, як прыйшоў з вайны... Куляшоў. І стала ёй [Аксінні] млосна, і села яна. Суседка трывогу ўзняла. Вярцінскі. // Падняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Шукаючы «красу, і светласць, і прастор», усё-ўсё светлае, што даваў паэту яго час, узняў .. [Багдановіч] у сваёй паэзіі. Лойка.

7. Зрабіць больш высокім. Узняць узровень вады. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах. [Паходня:] — Калі хочаш ведаць, дык я застаюся ў Старыцы, каб памагчы табе зноў узняць аўтарытэт эмтээс. Хадкевіч.

8. Павялічыць, павысіць. Узняць прадукцыйнасць працы. Узняць цэны. Узняць культурны ўзровень. □ — Знізіць крывую расцэнак, Якасць узняць вышэй!!! Лявонны. [Арэшка:] — Як, скажам, гэтыя мерапрыемствы павярнуць, каб надоі ўзняць? Пянкрат. // Падняць, павысіць (пра голас). — Не баюся я цябе! — апошнія словы .. [Аўгіня] сказала ўзняўшы голас. Колас. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой. Васілевіч.

9. Наладзіць, палепшыць (што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узняць гаспадарку. □ Наш Гомель — краса Беларусі, Цябе мы з руін узнялі, Табе ў вяках красавацца На роднай квяцістай зямлі. Русак. [Сяргей:] — Разеітая жывёлагадоўля ўзніме эканоміку калгаса. Шахавец. // Пабудаваць, паставіць што‑н. Ён [Ільіч] верыў, што мінуць нягоды І што свабодны чалавек Узніме новыя заводы, Пакорыць плынь магутных рэк. Смагаровіч. Манумент мы гэты ўзнялі, Каб не забываць сыноў і дочак, Што з франтоў дадому не прыйшлі, Але з намі ў будучыню крочаць. А. Астапенка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). Да нас у госці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, — Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар. Купала. Я быў упэўнены, што .. [Язэп] можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст. Бядуля.

11. перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць па ногі. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага. Цяпер Вацлаў быў у шостым класе. Караткевіч.

12. звычайна безас. перан. Узлаваць, вывесці з сябе. Выйшла [Дуся] разам з Віктарам, а гуляць не захацела. Віктара гэта ўзняло. Сташэўскі.

•••

Не ўзняць вачэй — не паглядзець ні на кога.

Узняць вочы — тое, што і падняць вочы (гл. падняць).

Узняць галаву — тое, што і падняць галаву (гл. падняць).

Узняць голас — тое, што і падняць голас (гл. падняць).

Узняць меч (зброю) — тое, што і падняць меч (гл. падняць).

Узняць на належную вышыню — давесці да высокага ўзроўню дасканаласці.

Узняць на ногі — тое, што і падняць на ногі (гл. падняць).

Узняць на штыкі — тое, што і падняць на штыкі (гл. падняць).

Узняць руку па каго-што — тое, што і падняць руку на каго-што (гл. падняць).

Узняць сцяг — тое, што і падняць сцяг (гл. падняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)