ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да сцяна; тое, што і сцяна. На сценках вялікага пакоя дрыжаў ружовы водсвет пажарышча. Бядуля. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору. Панчанка. У хаце цёмна. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Каршукоў.

2. Бок якога‑н. пустога прадмета. Сценкі кузава аўтамашыны. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. // Абалонка якога‑н. унутранага органа, поласці. Брушная сценка. Сценкі крывяносных сасудаў.

3. перан. Шчыльны, самкнуты рад байцоў у кулачнай бойцы, а таксама сама кулачная бойка. Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.. Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Караткевіч.

4. Абл. Мера палатна даўжынёй на сцяну, на якой снавалі пражу. [Марыля:] — Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па грамніцах кросны паставіла... колькі сценак наткала. Купала.

5. Камплект аднатыпнай мэблі, які размяшчаецца каля сцяны і прызначаецца для адной мэты.

•••

Гімнастычная сценка і (уст.) шведская сценка — гімнастычны снарад у выглядзе дзвюх стоек з папярочнымі перакладзінамі для практыкаванняў.

Прыперці да сценкі гл. прыперці.

Ставіць да сценкі гл. ставіць.

Як у (аб) сценку гарохам — тое, што і як у (аб) сцяну гарохам (гл. сцяна).

сце́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шырокая мяжа, палявая дарога. Агародамі выйшаў я на сценку, а па ёй на вузкую дарогу, па адзін бок якой буялі кукурузныя кіяхі, а па другі густа стаяла вільготнае жыта. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)