ука́з, ‑а, м.
Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. □ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.
•••
Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. — Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэзі́дыум, ‑а, м.
1. Выбарны орган, які кіруе сходам або нарадай. Выбраць прэзідыум. □ Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік. // зб. Людзі, якія ўваходзяць у склад такога органа. Камсамолец узняў галаву, паглядзеў на наступнага «прасіцеля» і, пазнаўшы ў ім Бабрука, разгублена паглядзеў на прэзідыум сходу. Брыль.
2. Орган дзяржаўнай улады ў СССР, саюзных рэспубліках і некаторых сацыялістычных краінах. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.
3. Кіруючы орган некаторых арганізацыя і ўстаноў. Прэзідыум ЦК КПБ. Прэзідыум Акадэміі навук БССР.
[Ад лац. praesidere — сядзець наперадзе, старшынстваваць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кандыда́т, ‑а, М ‑даце, м.
1. Той, хто намечан для выбрання, назначэння або для прыёму куды‑н. Кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Залічыць у інстытут кандыдатам.
2. чаго. Малодшая вучоная ступень у дарэвалюцыйнай Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навучальнай установы. Кандыдат славеснасці.
•••
Кандыдат навук якіх — малодшая вучоная ступень у СССР, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Кандыдат філалагічных навук. Ступень кандыдата тэхнічных навук.
Кандыдат у члены КПСС (партыі) — асоба, якая праходзіць устаноўлены статутам выпрабавальны тэрмін перад прыёмам у члены КПСС.
[Ад лац. candidatus — адзеты ў белае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гром, ‑у, м.
1. Грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, Лес адгукнуўся стары. Колас. Гром грыміць і грыміць... Б’е пярун агнявы. Чарот. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.
2. чаго або які. Моцны гул, грукат. Гром кананады. Гарматы гром. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін.
•••
Як гром з яснага неба — раптоўна, зусім нечакана (здарылася што‑н., з’явіўся хто‑н. і пад.). Як гром з яснага неба было для Малышава з’яўленне упаўнаважаных ад сельскага савета. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.
2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.
3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.
4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́сія, ‑і, ж.
1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.
2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.
[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саве́т, ‑а, М ‑веце, м.
1. (з вялікай літары). Орган дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе дыктатуру рабочага класа і з’яўляецца формай палітычнай арганізацыі сацыялістычнага грамадства. Вярхоўны Савет СССР. Савет Саюза. Савет Нацыянальнасцей. Вярхоўны Савет БССР. Раённыя Саветы народных дэпутатаў. // толькі мн. (Саве́ты, ‑аў). Пра Савецкую ўладу. Мацней сціскаючы вінтоўкі, Саветы пойдзем бараніць. Глебка.
2. Назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб і маюць кіраўнічае значэнне ў жыцці дзяржавы, у дзейнасці якой‑н. галіны гаспадаркі. Савет Міністраў СССР. Рэспубліканскі Савет прафесійных саюзаў.
3. Распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой‑н. установе, арганізацыі, таварыстве і пад. Савет Бяспекі ААН. Вучоны савет інстытута. Педагагічны савет школы. Савет атрада. Мастацкі савет тэатра. Камандзірскі савет. Трэнерскі савет спартыўнага таварыства.
•••
Савет старэйшыя — орган сесіі Вярхоўнага Савета СССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Савета (у 1 знач.), заснаваны на кіраванні Саветамі як органамі дзяржаўнай улады. Савецкая ўлада. Савецкая дзяржава. Савецкая краіна. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Савецкі апарат.
2. Які мае адносіны да Краіны Саветаў, да СССР, належыць Краіне Саветаў. Савецкая канстытуцыя. Савецкі ўрад. Савецкая навука. Савецкая Армія. Савецкая літаратура. Савецкае студэнцтва. // Здабыты, зроблены, ажыццёўлены ў Краіне Саветаў. Савецкія аўтамабілі. Савецкія трактары. □ Прывітанне, Зямля! З касмастанцыі Першай Савецкай! Гілевіч. // Уласцівы Краіне Саветаў. Савецкая дэмакратыя. Савецкая законнасць. □ Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. // Уласцівы народу Краіны Саветаў. Савецкая ідэалогія. Савецкі патрыятызм. Савецкі быт. Савецкі ўклад жыцця. □ [Страмілін:] Ну, жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва.
•••
Герой Савецкага Саюза гл. герой.
Савецкая гвардыя гл. гвардыя.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Савецкі народ гл. народ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)