нагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць каго, што‑н. Каля самага лесу партызан нагнала нямецкая бронемашына. Ставер. [Багдановіч] набавіў кроку і нагнаў пярэдні воз. Мікуліч. // перан. Дагнаўшы, папасці. Нагнала яе куля вось тут, ля стажка. Вартавыя камсамольцы беглі на крык Алесі і не паспелі. Пестрак.

2. перан.; каго-што. Дагнаць каго‑н. у поспехах, развіцці, выніках. Нагнаць таварышаў па вучобе. □ Да зімовых канікул.. [Грыша] нагнаў прапушчанае. Пальчэўскі.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час. Юзік адлажыў прачытаную газету і ўзяўся за другую. У будні дзень часамі няма калі і глянуць у газету, дык трэба нагнаць хоць у свята. Крапіва. Пасля няўдалага вячэрняга палявання на качак мы заначавалі на лузе, спадзеючыся зранку нагнаць упушчанае. Ігнаценка.

4. што. Разм. Зберагчы час у параўнанні з вызначаным. Феадора Іванаўна ні на хвіліну не выпускала з-пад увагі рух цяжкавагавага эшалона. Вось дзяжурны па станцыі Радашковічы паведаміў, што эшалон.. [прайшоў] станцыю на 5 мінут раней графіка. Са станцыі Аляхновічы далажылі, што Забалотны нагнаў яшчэ 6 мінут. Васілёнак.

5. каго-чаго. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы ў вялікай колькасці. Немцы пачалі перашываць чыгунку. На мясцовую сілу не спадзяваліся, нагналі палякаў. Навуменка. // часцей безас. што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.). Яшчэ з вечара паўночны вецер нагнаў дробных хмурынак. Якімовіч. Старшыня з трывогай пазіраў цяпер на неба: не нагнала б дажджу. Сіняўскі. // пераважна безас., каго. Разм. Аб з’яўленні каго‑н. нечаканага, нежаданага. — Нагналі чэрці сабаку... — вылаяўся бацька, калі лесніковыя крокі заціхлі ў гушчары лесу. Дамашэвіч.

6. перан.; што і чаго. Унушыць якое‑н. пачуццё, давесці да нейкага фізічнага ці псіхічнага стану. Нагнаць страху. Нагнаць бяссонніцу. □ Бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Лынькоў. Чаму ж, вецер, думкі злыя Ты ў душу маю нагнаў? Колас.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім‑н. спецыяльным прыёмам. Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён, з непрывычкі мыцца ў лазні, не мог перанесці. Я. Колас.

8. што і чаго. Нацерці. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Кулакоўскі. // што. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку хуткага бегу. [Спіцын:] — Паглядзіце, як.. [конь] будзе бегчы дадому, прыйдзецца стрымліваць, каб не нагнаў дыхавіцы. Гурскі.

9. што. Набіць што‑н. на што‑н. Нагнаць абруч на бочку.

10. чаго. Перагонкай нагатаваць у нейкай колькасці. Нагнаць вядро спірту.

•••

Аскому нагнаць (набіць) — а) адчуць аскому ў роце ад чаго‑н. кіслага; б) перан. вельмі надакучыць каму‑н. чым‑н.

Нагнаць (набіць) цану — вельмі павысіць цану на што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагна́ць, зганю, згоніш, згоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець і пад. з якога‑н. месца, адкуль‑н. Сагнаць муху. Сагнаць птушку з гнязда. □ Галоўны мінёр Скаварада махнуў рукой, сагнаў Шуру з насыпу. Навуменка. Няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся. Васілевіч. Пан Вальвацкі.., вярнуўшыся дадому, зараз жа загадаў парабкам сагнаць з лугу кармянецкія каровы. Крапіва. // Прымусіць перасяліцца адкуль‑н. Мог і дзедка Тады ўзбунтавацца, Калі іх сагналі з зямлі. Сіпакоў.

2. каго-што. Прыгнаць з розных месц, прымусіць сабрацца ў адно месца. Эсэсаўцы акружылі вёску, сагналі захопленых жыхароў у стайню, заперлі яе і падпалілі. Хадкевіч. / Пра вецер і пад. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца. Чорны. // Змесці ў адно месца. Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца, пальцамі сагнаў крошкі на настольніку ў адну кучку. Скрыган.

3. каго-што. Адагнаць каго-што‑н. на далёкую адлегласць. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы. Казлоў. Адны могуць пажартаваць, а потым забыцца. Другія — проста па злосці сагнаць лодку. Ваданосаў. // Развеяць ветрам і пад. Сагнаць пыл. □ Ранішні вецер разарваў хмары, сагнаў іх кудысьці на край небасхілу. Шашкоў. Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Шамякін. // Змятаючы, ачысціць ад чаго‑н. Сагнаць каласы мятлою з зерня.

4. што. Растапіць (пра снег). А як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак на лагу, яны становяцца нашымі стадыёнамі. Сіпакоў. / у безас. ужыв. Снег сагнала дні за тры, і ўжо жаўрукі ціліўкалі, заходзілася ў блакітнай вышыні неба. Сабаленка. Вясна прыйшла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе. Навуменка.

5. што. Пазбавіцца ад чаго‑н. Сагнаць бародаўку. Сагнаць рабацінне. □ І я [курыца] часамі ўзлятаю — На плот, на хлеў, на сенавал, Каб тлушч сагнаць, крыху размяцца, Але ні воплескаў мне, ні пахвал... Валасевіч. // перан. Аб знікненні якога‑н. пачуцця, ухмылкі і пад. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

•••

Сагнаць ахвоту — задаволіць жаданне, нацешыцца чым‑н.

Сагнаць вагу — палягчэць у выніку пэўнай сістэмы харчавання, фізічных практыкаванняў і пад.

Сагнаць злосць на кім — даць выхад сваёй зласлівасць. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шнуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане. Дамашэвіч.

Сагнаць смагу — задаволіць патрэбнасць у вадзе. [Язэп] пачаў сасмоктваць расу з травы і неўзабаве сагнаў пякучую смагу. Асіпенка.

Сагнаць сто патоў з каго — прымусіць працаваць да знямогі.

Сагнаць стружку з каго — прабраць, прапясочыць каго‑н. — Правільна, Валя! Няхай з яго там стружку згоняць. Іш, распусціўся тут, — уставіў Яўген. Савіцкі.

Сагнаць фанабэрыю (пыху) з каго — асадзіць каго‑н., паставіць на месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)