паве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., каго-што.

1. Надаць чаму‑н. вісячае становішча. Павесіць на сцяну карціну. Павесіць паліто на вешалку. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас.

2. Пакараць смерцю цераз павешанне. Старых [немцы] вывелі на калгасны двор і павесілі на дупл[я]ватай паўзасохлай бярозе. Лынькоў.

•••

Павесіць (звесіць) галаву — замаркоціцца, затужыць.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос — засумаваць, зажурыцца, замаркоціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарэ́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Прыстасаванне для спальвання гаручай вадкасці або газу з пэўнай мэтай. Газавая гарэлка.

гарэ́лка 2, ‑і. ДМ ‑лцы, ж.

Моцны алкагольны напітак; сумесь віннага спірту з вадой. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель.. стукнуў яму ў галаву. Колас.

•••

Царская гарэлка — сумесь азотнай і салянай кіслот, якая растварае золата, плаціну і некаторыя інш. металы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ручні́к, ‑а, м.

Вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны, спецыяльна прызначаны для выцірання твару, рук, цела ці пасуды. Гаспадыня падала чысты ручнік. Аляксей падзякаваў, выцер рукі і сеў за стол. Пальчэўскі. Галіна падышла да сцяны, ля якой сядзеў Папас, зняла з цвіка лямпу і пачала ручніком праціраць шкло. Галавач. Госці вылазілі з-за стала. Дзядзька Пракоп, павязаны наўскасяк цераз плячо вышываным ручніком, вылез амаль першым. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выказаць прывітанне пры сустрэчы (словамі, жэстам і пад.) — Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся. Колас. Убачыўшы лейтэнанта, абодва [салдаты] .. выструніліся і прывіталі яго. Мележ. Цімка .. прывітаў Раю паднятай рукой. Карпаў.

2. Звярнуцца да каго‑н. з прамовай, словамі прывітання (звычайна з прычыны якой‑н. радаснай падзеі). Прывітаць дэлегатаў з’езда. □ Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна, рады. Прывітаў з дажынкамі дзяўчат... Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеравя́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Невялікі кавалак дрэва; драўляная частка чаго‑н. Глуха ляпаюць адна аб адну дзеравяшкі прыкладаў. Паўлаў.

2. Штучная драўляная нага. Вунь ідзе дзядзька Пракоп на дзеравяшцы... Па ўезджанай коўзкай саннай дарозе ён неяк смешна ступае. Сабаленка. У вялікім утульным крэслі драмаў вартаўнік — яшчэ не стары чалавек з дзеравяшкаю, прывязанаю да калена. Грахоўскі.

3. мн. (дзеравя́шкі, ‑шак). Абутак на драўлянай падэшве. Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кінуў дзеравяшкі пад прызбу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.

2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няво́ля, ‑і, ж.

1. Адсутнасць незалежнасць свабоды; падпарадкаванне. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Цяпер.. Пракоп з радасцю пайшоў бы ў няволю да Кіры, гатовы служыць і ахвяраваць сабою, не патрабуючы ўзамен нічога. Карпаў. // Палон, рабства. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.

2. Патрэба, неабходнасць. І так у клопаце, у рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Колас. Ахвота горш няволі. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распераза́цца, ‑перажуся, ‑пяражашся, ‑пяражацца; заг. расперажыся; зак.

1. Зняць з сябе тое, чым быў падперазаны (пояс, папругу, рэмень і пад.). Не пазіраючы ні на кога і тупнуўшы разы са два, Пракоп моўчкі расперазаўся і зняў сярмягу. Колас.

2. Разм. Расшпіліцца (пра пояс).

3. перан. Перастаць стрымліваць сябе; стаць недысцыплінаваным, нахабным. Прытым, Зусім расперазаўся [Кузьма], — Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан. Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, .. [Гукан] падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака... Расперазаўся». Шамякін.

•••

Хоць расперажыся — уволю, колькі хочаш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́ркуш, ‑а, м.

Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.

•••

Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.

Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.

[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)