рэгі́стр, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

1. Спіс, пералік чаго-н., кніга для запісаў.

2. Ступень вышыні голасу, музычнага інструмента.

Бас — голас нізкага рэгістра.

3. У некаторых музычных інструментах: група труб або група язычковых аднолькавага тэмбру.

4. Род рэгулятара, размеркавальніка ў машынах і прыборах.

Р. каманд у ЭВМ.

5. Рад клавішаў у пішучай машынцы, у лічыльных і іншых машынах.

Верхні, ніжні р.

6. Назва дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе нагляд над будаўніцтвам і эксплуатацыяй суднаў.

Рачны р.

Марскі р.

|| прым. рэгі́стравы, -ая, -ае (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογοςпералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

і́ндэкс, ‑а, м.

1. Паказальнік, спіс, пералік чаго‑н. Індэкс імён. Індэкс тавараў. Індэкс геаграфічных назваў.

2. Лічбавы паказчык, які выражае ў працэнтах паслядоўныя змены якой‑н. эканамічнай з’явы. Індэкс кошту жыцця. Індэкс цэн.

3. У матэматыцы — лічбавы або літарны паказальнік унізе літары, якая ўваходзіць у матэматычны выраз, каб адрозніць яго ад іншых, напрыклад: a5, xn.

4. Спец. Умоўнае абазначэнне звычайна ў выглядзе спалучэння лічбаў або літар, якое надаецца кніжным раздзелам у бібліятэчнай класіфікацыі.

[Лац. index.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радаслоўя (у 1 знач); генеалагічны. Радаслоўная кніга. Радаслоўныя запісы.

2. у знач. наз. радасло́ўная, ‑ай, ж. Пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак. Толькі аднойчы Ягор Захаравіч прыадчыніў акенца ў сваю радаслоўную: — Бацька мой бунтаўшчыком быў. Карамазаў.

•••

Радаслоўнае дрэва гл. дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таблі́цапералік лічбавых ці іншых даных па графах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’дошка, пліта з надпісамі’ (Ласт.), ’паказальнік дарог’ (Касп., Сл. ПЗБ), ’класная дошка’ (Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’дошка аб’яў’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. таблица ’пліта, табліца, шахматная дошка’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. табли́ця, рус. табли́ца, польск. tablica ’табліца; дошка’, н.-луж. tablica ’плітка, дошчачка’, чэш. tabulka ’табліца; дошка’, славац. tabuľka ’табліца’, tablica ’дошка’, tabla ’тс’, славен. tȃbla, tȃblica ’таблічка, дошчачка (з надпісам)’, серб.-харв. та̏блица ’табліца; дошчачка, таблічка; грыфельная дошка’, макед. таблица ’грыфельная дошка’, балг. та́блица ’табліца’. Ст.-бел. таблица ’пліта, табліца’ < ст.-польск. tablica фіксуецца з XV ст. (Булыка, Запазыч., 315). У польскай з нар.-лац. tabla ’дошка, табліца’ < лац. tabula ’тс’ (Борысь, 624).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хранало́гія, ‑і, ж.

1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.

2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.

3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д. Чорны. Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў. «Помнікі».

•••

Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.

[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Злы́дзень ’шкодны чалавек, ліхадзей’, ’нягоды, бяда’ (ТСБМ), злы́дня ’бядота’ (Бяльк.), злы́дні ’бядота, недахваткі’ (Нас.). Рус. злы́день, арх., валаг., паўн.-дзвін., омск., карэльск., тул., цвяр., арл., варонеж., кур. ’злы чалавек’, урал. ’махляр’, валаг. ’скнара’, алан., вяцк., перм., урал., сарат., варонеж., калуж., пск. ’гультай’, кур., арл., калуж., бранск., смал., варонеж., вяцк., перм. ’бядняк, жабрак’, злы́дни тамб. ’інтрыгі, свавольствы’, паўн., зах., паўд.-смал., арл., том., сіб. ’цяжкі час, беднасць’, укр. зли́день ’бядняк’, зли́дні ’нягоды, бяда’. Польск. złydnia ’бяда’ < укр. (Дарашэўскі, 10, 1172). Усх.-слав. спалучэнне злы дни ’цяжкія дні’. Параўн. пералік ’злых дзён’ у старых календарах (Трыфуновіч, Азбучник српских средњовековних књижевних појмова, 1974, 94–95), адкуль злыдні з далейшым граматычным пераафармленнем на адз. л. (злыдня, злыдзень) і семантычнай зменай: ’кепскі час’ > ’цяжкі час’ > ’ліха, бяда’ > ’чалавек, што церпіць бяду, ліха’ ці ’ліхадзей’. Гл. злы, дзень, параўн. добры дзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэгі́стр, ‑а, м.

1. Спіс, пералік чаго‑н., кніга для запісу, уліку, рэгістрацыі чаго‑н. Рэгістр бухгалтарскага ўліку. Рэгістр паступленняў.

2. Участак гукавога дыяпазону музычнага інструмента або голасу, які займае пэўнае становішча па вышыні. Нізкі рэгістр. □ [Барсукова] здзівіла прыгожым голасам, чыстатой інтанацыі і роўным гучаннем ва ўсіх рэгістрах, а таксама глыбокім драматычным тэмпераментам. «Беларусь». // У некаторых духавых і язычковых музычных інструментах (аргане, фісгармоніі і пад.) — група труб або язычкоў з гучаннем аднолькавага тэмбру.

3. Спец. Размеркавальнік, рэгулятар у некаторых машынах і прыборах. // Рад клавішаў у клавішных літарных або лічыльна-аналітычных машынах. Ніжні рэгістр.

4. У СССР — орган тэхнічнага нагляду, які вызначае ўмовы бяспечнага плавання грузавых і пасажырскіх суднаў.

[Лац. registrum — спіс, пералік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дак, -дку, мн. -дкі, -дкаў, м.

1. Наладжаная сістэма размяшчэння чаго-н., належны стан чаго-н.

У пакоі поўны п.

Навесці п. дзе-н. Усё ў парадку (усё так, як належыць). Для парадку (для падтрымання парадку, для захавання прынятых правіл, фармальнасцей). Сваім парадкам (як заўсёды, як звычайна).

2. Паслядоўны ход чаго-н.

Расказаць усё па парадку. П. дня (пералік пытанняў, якія неабходна абмеркаваць на пасяджэнні). У рабочым парадку (у ходзе работы).

3. Спосаб, метад, рэжым чаго-н.

П. аплаты працы.

П. галасавання.

Завесці новыя парадкі.

4. Вайсковае пастраенне.

Баявы п.

Рухацца паходным парадкам.

5. Разнавіднасць, тып чаго-н.

Пытанні агульнага парадку.

6. У матэматыцы: лікавая характарыстыка той або іншай велічыні.

Крывая другога парадку.

Парадак слоў — у граматыцы: размяшчэнне членаў сказа адпаведна сінтаксічным нормам або камунікатыўным задачам маўлення.

|| памянш. пара́дачак, -чку, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)