падсо́біць, ‑соблю, ‑собіш, ‑собіць; заг. падсабі і падсоб; зак.

Абл. Трохі дапамагчы. [Кучук:] — Можа, цяжкі чамаданік, то дайце трошкі падсоблю. Лобан. [Платон:] — Даўно, Віктар, да нас не заходзіў. Прыйшоў бы пагуляць. Тані ўрокі падсобіў бы зрабіць. Экзамены ж скора. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзічэ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Пераходзіць у дзікі стан, рабіцца дзікім (у 1 знач.). [Бык] стаяў адзін у пустой аборы і дзічэў. Паўлаў.

2. Станавіцца нелюдзімым, дзіклівым. — Не будзе гэтага, мы не хочам дзічэць у хутарской адзіноце. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Хлеб круглай формы пераважна з пшанічнай мукі. Ні раней, ні пасля Уля не піла такога чаю.. Гэта быў кіпень з чорнага аплеценага гляка. Кіпень з мёдам і кіславатай перапечкай. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаму́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Мучыцца доўга, неаднаразова. [Паўліна:] — Ох і папамучыліся мы, як сяло наша спалілі і мы адны без кала ды двара асталіся!.. Сачанка. — А яны [Уля і Мікола] хоць і папамучацца, пакуль дрэва зваляць, затое, як ускоцяць кругляк — у санях капылы трашчаць. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрэ́ць, ‑прэю, ‑прэеш, ‑прэе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапрэць, сапсавацца ад сырасці і цяпла. Сена папрэла. □ Сонца спадала, і можна было не баяцца, што .. [расада] папрэе. Паўлаў. // Стаць запалёным ад перагравання і поту (пра скуру).

2. Прэць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадра́цца, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; зак.

1. Прадзіравіцца, знасіцца да дзірак. Шкарпэткі, звязаныя бабай з воўны, за зіму прадраліся, і голымі пальцамі ног .. адчуваюцца цвікі. Паўлаў.

2. Прайсці, прабрацца з цяжкасцю, прабіцца праз што‑н. Хутчэй бы дабегчы да ракі, прадрацца скрозь лазняк. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яй-бо́гу, выкл.

Разм. Далібог, дальбог. Такой мясціны вы, яй-богу, наўрад ці знойдзеце больш дзе. Колас. — Нездарма Піліп на мяне так быў ашчэрыўся. Справядлівы ён чалавек, яй-богу! Ермаловіч. [Еўлага:] — А добрая ў цябе схованка за дзвярамі ў сенцах, яй-богу! Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму і без дап.

Часта прыставаць да каго‑н., турбаваць каго‑н., дакучаць каму‑н. Два дні хлопчыкі назалялі бацькам і суседзям сваімі роспытамі пра партызанаў. Паўлаў. Увечары над ракой было ціха, вельмі прыемна, і нават не назалялі камары. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пампу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Невялікая круглая пышная булка. Бабы .. ля печы завіхаюцца, частай і ветлівай гаворкай рассыпаюцца, цукрам пампушкі салодзяць. Галавач.

2. перан. Разм. Аб тоўстым, пульхным дзіцяці, жанчыне. Шчоўкнула [Таська замком].. — і вось яна, круглатварая пампушка, перад імі. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэз, ‑а, м.

Месца разрэзу чаго‑н., разрэз. Праз некаторы час Васіль ужо без дапамогі інструктара зваліў некалькі дрэў, хоць рэз і атрымліваўся касы. Чарнышэвіч. За трэцім разам піла пайшла спачатку лёгка, быццам дупло ўсярэдзіне было, затым стала заціскаць. Рэз быццам змазалі смалой. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)