пры́клад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Учынак, паводзіны або з’ява, якая служыць узорам для каго‑н. Прыклад жанчыны натхняе чырвонаармейцаў, і яны, бясстрашныя героі, смела ідуць за камандзірам у чорны халодны прастор. Барашка. На прыкладу дарослых .. [хлопцы] зграбалі сена у валы. Чарнышэвіч. // Той, хто можа быць узорам для іншых у сваіх дзеяннях, учынках. Марына — прыклад гаспадыні. Колас. Людзі казалі, што ў Антося дзеці — прыклад усяму сялу. Васілевіч. — А каму ж ехаць? — пытае .. [Кастусь]. Ехаць трэба актыву, які ва ўсім павінен быць прыкладам. Галавач.

2. Яркі ўзор чаго‑н. Прыклад мужнасці. Прыклад геройства. □ Дзед Міхалка і ўнук Грыша — Прыклад дружбы ў хаце. Колас.

3. Канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння чаго‑н., як доказ чаго‑н. Ілюстраваць выступленне прыкладамі. □ Цімка цярпліва паўтараў, тлумачыў, прыводзіў прыклады. Карпаў. Лабановіч бярэ план. — Вось вам, грамадзяне, прыклад таго, як справядліва абышліся з вамі. Колас.

4. Матэматычны выраз, які патрабуе рашэння. Рашаць арыфметычныя прыклады.

•••

Браць (узяць) прыклад гл. браць.

Не ў прыклад каму, чаму — у адрозненне ад каго‑, чаго‑н. Канькоў пазіраў на дзяцей і, шчыра кажучы, дзівіўся: не ў прыклад бацьку, яны былі чыстыя, прычасаныя. Асіпенка.

Падаць прыклад гл. падаць.

Паказаць прыклад гл. паказаць.

Ставіць у прыклад гл. ставіць.

прыкла́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Расшыраная частка ружэйнага ложа, якая служыць для ўпору ў плячо пры стральбе. Каця прыціснула да пляча прыклад. Гулкі стрэл ускалыхнуў нагрэтае паветра. Хомчанка. Новыя дубовыя дзверы задрыжэлі пад ударамі нямецкіх прыкладаў, але не падаліся. Васілевіч.

2. ‑у. Дадатковы дапаможны матэрыял (падшэўка, гузікі і пад.) для шыцця адзежы, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазі́цыя, ‑і, ж.

1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. В. Вольскі. Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Колас. // перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў.

2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі. Няхай. Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём. Сабаленка. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Мележ. // Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх. Новікаў. // звычайна мн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.

3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі. // У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.

4. перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму. Івашын. Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён. Новікаў. [Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала. Шамякін.

5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя. // У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца. Юргелевіч.

•••

З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.

[Ад лац. positio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)