устрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Выклікаць у кім‑н. трывогу, страх. Нечаканы прыезд няпрошаных гасцей устрывожыў гаспадароў хутара. Якімовіч. Масавыя ўцёкі з лагера ўстрывожылі фашыстаў. Мяжэвіч. // Парушыць спакой. Не бойся, любая, не бойся, Я не ўстрывожу твой спакой. Пысін. — Да рання далёка яшчэ, — устрывожыў сусед маўчанку і бліжэй прысунуўся да вогнішча. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́ж 1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Крытая галерэя з гандлёвымі (радзей дзелавымі) памяшканнямі па баках, якая мае выхады на паралельныя вуліцы.

2. ‑у. Частка музычнага твора, у якой вельмі хутка і паслядоўна чаргуюцца высокія ноты з нізкімі і наадварот. [Ігар] імкнуўся.. валодаць .. віртуознай пальцавай бегласцю пасажаў. «Маладосць».

3. ‑у. перан. Нечаканы паварот справы, раптоўная падзея.

[Фр. passage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наваропіць ’многа наліць’ (Грыг.), нываропіць ’накласці шмат [наварочаць]’ (Бяльк.). Параўнанне са ст.-рус. наворопъ ’налёт, нападзенне, аграбленне’, польск. nawropieć ’бурчаць, гневацца’, макед. наврапито ’паспешна, абы-як’ дае падставы для рэканструкцыі прасл. *na‑vorpiti са значэннем ’зрабіць нешта раптоўна, хутка, абы-як’. Гл. варапай, ворагі (і асабліва лац. паралель reperis, ‑ntis ’раптоўны, нечаканы’, Фасмер, 1, 354), параўн. макед. врапит ’праворны, шустры’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ктыка ’жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі ведаў, палажэнняў; скарыстанне ведаў, навыкаў на справе; дзейнасць урача або юрыста’ (ТСБМ), ’нечаканы выпадак, абставіны’ (Нас.), пра́хтыка ’практыка’ (Шат.), пра́ктык, практыкава́ць, практы́чны. Ст.-бел. практика, практыка ’інтрыгі; прароцтва’ < ст.-польск. praktyka < лац. practica (Булыка, Запазыч., 257). Сучаснае пра́ктыка праз рус. пра́ктика (гл. Крукоўскі, Уплыў, 78) узыходзіць да той жа лацінскай крыніцы і, далей, да грэч. πρακτική (Фасмер, 3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тырр, тыр-р — выклічнік, выражае грукат хутка ад’язджаючага воза, раптоўны гром, нечаканы трэск ад падзення дробных прадметаў, гук пры разбіванні посуду, адначасовы стрэл з ружжаў (Нас.), перадае стук па штыкецінах: палкыю па кольліх тыр‑р (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальны імітатыў з інтэнсіўным значэннем, утвораны шляхам падваення апошняга гука, параўн. укр. вурр — пра гырканне сабакі пры звычайным вур (Смаль-Стоцкі, Приміт., 62, 148). Гл. таксама тыр-тыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уда́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з кім-, чым-н. з сілай.

Гэты гадзіннік не баіцца ўдараў.

Нанесці ў.

У. электрычнага току.

2. Гук (звон, трэск, грукат) ад такога штуршка, а таксама наогул адрывісты гук, стук.

У. гадзінніка.

У. грому.

3. перан. Імклівы напад, атака.

Флангавы ў.

Штыкавы ў.

4. перан. Непрыемнасць, нечаканае гора, бяда.

Перажыць нечаканы ў.

У. лёсу.

5. Кровазліццё ў мозг; апаплексія.

Апаплексічны ў.

6. чаго. Пра біццё сэрца, пульсу.

Пад удар (ставіць) каго-што (разм., неадабр.) — у небяспечнае становішча.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у небяспечным становішчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

непрадба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга было прадбачыць; нечаканы. Непрадбачаныя акалічнасці. □ План планам, а ў час працы — Шульга добра ведае гэта — абавязкова .. вынікне столькі нечаканасцей і розных непрадбачаных перашкод, што калі не праявіць кемлівасці, то можна моцна адстаць. Краўчанка. І імчыць зялёны легкавічок за вёску, у непрадбачаны рэйс... Ракітны. / у знач. наз. непрадба́чанае, ‑ага, н. І раптам, калі работа падыходзіла ўжо да канца, здарылася непрадбачанае. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ну́мар, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў шэрагу яму падобных.

Н. тэлефона.

Н. білета.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку.

Святочны н. газеты.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы.

4. Размер адзення, абутку і інш.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.).

Сольны н.

7. перан. Які-н. нечаканы, дзіўны ўчынак (разм.).

Выкінуць н.

|| памянш. нумаро́к, -рка́, мн. -ркі́, -рко́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. нумарны́, -а́я, -о́е (да 1 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

су́таргавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.

2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.

3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспадзява́ны, ‑ая, ‑ае.

Нечаканы, непрадбачаны. Неспадзяваны госць. Неспадзяваная вестка. □ Прысутнасць на сходзе Мікалая Вайткевіча была для серадзіборцаў неспадзяванай. Пестрак. — Вашаму батальёну даручана абысці ворага з тылу і панесці першы неспадзяваны ўдар. Грахоўскі. // Які вельмі хутка ўзнік; раптоўны. Тут маці засмяялася, неспадзяваная здагадка мільгнула ў галаве. Кулакоўскі. Напад на [Лаўрэна] быў такі неспадзяваны, што ён нават не адбіваўся. Якімовіч. / у знач. наз. неспадзява́нае, ‑ага, н. І тут здарылася неспадзяванае. Федзя раптам падняўся з-за парты і пайшоў да дошкі. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)