КАТАКЛІ́ЗМ (ад грэч. kataklysmos паводка, патоп),

нечаканы разбуральны пераварот у прыродзе або сацыяльным жыцці: катастрофа. Напр., вулканічныя К., рэвалюцыйны К.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЫЯ (італьян. avaria),

1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.

2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ХАЎ (Уладзімір Васілевіч) (30.9.1922, Даўгінцава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 18.11.1983),

расійскі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952), з 1969 выкладаў у ім. З 1952 аператар, з 1964 рэжысёр кіно. Аператарскае мастацтва вызначалася драм. напружанасцю, багаццем і тэхн. вынаходлівасцю прыёмаў, вастрынёй пластычных эфектаў: «Скакуха» (1955, з Ф.​Дабранрававым), «Вышыня» (1957), «Лёс чалавека» (1959, паводле М.​Шолахава; Ленінская прэмія 1960), «Аптымістычная трагедыя» (1963, паводле У.​Вішнеўскага). Рэжысёр фільмаў: «Няпрошанае каханне» (1965), «Пра цуды чалавечыя» (1968), «Нечаканы госць» (1972), «Каханне маё вечнае» (1982) і інш.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДО́КС (ад грэч. paradoxos нечаканы, дзіўны),

з’ява, думка або выказванне, якое рэзка адрозніваецца ад агульнапрынятага ўяўлення. У форме П. могуць быць выказаны сапраўдныя і памылковыя думкі. Лагічны П. — разнавіднасць супярэчнасцей у сістэме лагічных доказаў, якія знешне выглядаюць правільнымі, але прыводзяць да ўзаемна супярэчлівых вывадаў. Семантычны П. абумоўлены неабмежаваным ужываннем некат. лінгвістычных і семантычных паняццяў, напр., «сапраўдны», «самаадносны» і інш. Семантычныя П. часам называюць сінтаксічнымі або эпістэмалагічнымі; яны вядомы з антычнасці, апісваліся логікамі сярэднявечча, згадваюцца ў рэліг. і маст. л-ры. П. ў філасофіі І.​Кант называў антыноміямі або апарыямі, якія паўплывалі на развіццё навукі, садзейнічалі адасабленню матэматыкі ў вытлумачэнні яе лагічных асноў (гл. Мностваў тэорыя) і з’яўленню гегелеўскай дыялектыкі.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІКАЎ (Іван Герасімавіч) (7.7.1922, с. Горны Балыклей Дубоўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 5.5.1993),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1982). Вучыўся ў Харкаўскім тэатр. вучылішчы (1939—41). Працаваў у Валгаградскім т-ры. З 1954 у кіно. Выканаўца драм. роляў, майстар эпізоду, ёмістай і дакладнай абрысоўкі героя. Лепшыя ролі: у кінафільмах — Сямён Трубнікаў («Старшыня», 1964), салдат Краюшкін («Хвіліна маўчання»), манах Кірыл («Андрэй Рублёў», абодва 1971), Сляпцоў («Нечаканы госць», 1972), старшына Папрышчанка («Яны змагаліся за Радзіму», 1975), Панцялей («Стэп», 1977), Ерафеіч («Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), дзед Селіван («Крыніца», 1982) і інш.; у тэлефільмах — Панкрат («Вечны кліч», 1976—83), Міхаіл Ермакоў («Мой лёс», 1973) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Смелков Ю.С. И.​Лапиков. М., 1976.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЖМІ́ (сапр. Назмутдзінаў) Назар Назмутдзінавіч

(5.2.1918, в. Мінішты Дзюрцюлінскага р-на, Башкортастан — 6.9.1999),

башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастан (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1947). У 1947—59 працаваў у друку. У 1962—69 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірыі. Друкаваўся з 1937. Першая кніга — «Кропелькі» (1950). Зб-кам вершаў і паэм «Хвалі» (1955), «Нечаканы дождж» (1960), «Зямля і песня» (1962), «Дыханне» (1976), «Бакі» (1980), «Пакуль святло» (1984), «Бацькоўскі дом» (1988) і інш. уласцівы спалучэнне драм. напружання з тонкім лірызмам, фалькл. традыцый з дасягненнямі сучаснай паэзіі. Аўтар апавяданняў, п’ес «Вясновая песня» (1951), «Госць у суседзяў» (1974), кн. дарожных нататак «Індыйскія старонкі» (1960), мемуараў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, тэкстаў песень і інш. Пераклаў на башкірскую мову вершы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, Р.​Гамзатава, К.​Куліева і інш. Асобныя творы Н. на бел. мову пераклаў Ю.​Свірка. Рэсп. прэмія Башкірыі імя С.​Юлаева 1972, Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Горкага 1982.

Тв.:

Рус. пер. — Приглашение другу. М., 1981;

Сосед по огню. М., 1985.

Р.​З.​Шакураў.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),

стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.

І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.​Вяземскі, В.​Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.​Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.​Дубейка, А.​Каранчук, З.​Хвораст, дудачнікі В.​Швед, М.​Глушань, гарманіст А.​Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.​Ф.​Гендэля, І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, І.​Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.​Гузікаў, М.​Ельскі, А.​Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.​Жак-Далькроза, К.​Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар. тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж. т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.​Гоцы). У пач. 20 ст. К.​Станіслаўскі, Я.​Вахтангаў, У.​Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел. нар. т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш. Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, акцёры Дз.​Арлоў, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў і інш.

Літ.:

Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;

Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;

Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)