сядо́к, седака, м.
1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.
2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужо́, прысл. і часціца.
1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.
2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.
3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.
4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. — Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.
2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыту́лак, ‑лку, м.
1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.
3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гра́мата, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.
1. Уменне чытаць і пісаць. Сельскі настаўнік павінен быў вучыць на сяле грамаце і дзяцей і дарослых. «Беларусь». Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце. Чарнышэвіч. // Пачатковыя звесткі з якой‑н. галіны ведаў. Музычная грамата. Палітычная грамата. Тэхнічная грамата.
2. Афіцыйны дакумент, якім узнагароджваюць за пэўныя поспехі. Пахвальная грамата. Ганаровая грамата.
3. Уст. Пісьмо, пасланне. □ Першае вядомае гісторыкам пісьмовае сведчанне, у якім адзначаецца роля Мінска ў Вялікім княстве Літоўскім, — гэта грамата вялікага князя літоўскага ад 1444 года. «Полымя».
•••
Ахоўная грамата — дакумент, які сведчыць, што асоба або яе маёмасць знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржаўнай улады.
Берасцяная грамата — старажытнарускія пісьмы і дакументы, напісаныя на бяросце.
Вярыцельная грамата — урадавы дакумент пра назначэнне пэўнай асобы дыпламатычным прадстаўніком у якой‑н. дзяржаве.
Кітайская грамата — пра што‑н. цяжкае для разумення; тое, у чым цяжка разабрацца.
Фількава грамата — непісьменны складзены дакумент; дакумент, які не мае юрыдычнай сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
доI предлог с род. да (каго, чаго);
от Ми́нска до По́лоцка ад Мі́нска да По́лацка;
отложи́ть до ве́чера адлажы́ць (адкла́сці) да ве́чара;
дойти́ до реки́ дайсці́ да ракі́ (рэ́чкі);
начи́стить до бле́ска начы́сціць да бля́ску;
зал вмеща́ет до ты́сячи челове́к за́ла ўмяшча́е да ты́сячы чалаве́к;
до вре́мени да ча́су;
до поры́ до вре́мени да пары́ да ча́су;
до свида́ния да пабачэ́ння;
от сло́ва до сло́ва ад сло́ва да сло́ва.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
пераляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.
1. што і цераз што. Перамясціцца, адолець якую‑н. прастору паветраныя шляхам. Пераляцець акіян. Пераляцець цераз горы. // перан. Лёгка, хутка пераскочыць цераз што‑н., перамясціцца куды‑н. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік.. Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! В. Вольскі.
2. Перамясціцца па паветры з аднаго месца на другое. Пераляцець з Мінска ў Маскву. Пераляцець на другі аэрадром. □ Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. Раптам сарока прыпыніла свой занятак. Паківала галавою, як бы аб нечым шкадуючы, на нашых вачах дзюбай і кіпцюрамі напалову разбурыла сваё збудаванне і пераляцела на другое дрэва непадалёк. Кірэенка. // перан. Перанесціся куды‑н. уяўна, у думках. [Ярохін] пераляцеў у думках за акіян, у родную Маскву. Шамякін.
3. што і без дап. Праляцець далей, чым трэба; упасці вельмі далёка; проціл. недаляцець. Пераляцець лінію пасадкі. Снарад пераляцеў.
4. Разм. Пераламацца ад удару. Кіёк пераляцеў папалам, а гадзюка толькі прыўзнялася, нібы намерваючыся стаць на хвост. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.
Разм.
1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.
2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.
1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.
2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.
3. звычайна мн. (тылы́, ‑о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.
4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.
•••
З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.
2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.
3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.
4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.
5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.
6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)