падво́іць, ‑двою, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што.

1. Павялічыць удвая. Падвоіць вытворчасць мяса. □ За апошнія гады калгаснікі падвоілі, а месцамі нават патроілі ўраджайнасць, а ў лясной гаспадарцы засталося ўсё, як было пры дзядах. Мяжэвіч.

2. перан. Павялічыць, зрабіць значна мацнейшым, большым. Падвоіць увагу. □ Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім. Крапіва.

3. Зрабіць двайным; скласці ўдвая, здвоіць. Падвоіць дратву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нядо́ўга,

1. прысл. На працягу невялікага адрэзку часу, не вельмі доўга. Снег ішоў нядоўга. Прыцерушыўшы зямлю, перастаў. Мяжэвіч. Радзіліся [суддзі] нядоўга. Праз хвілін дваццаць абвясцілі прысуд. Крапіва. Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Мележ.

2. безас. у знач. вык. Разм. Лёгка, няцяжка. У такім віры і патануць нядоўга.

•••

Нядоўга і да граху — лёгка і скора можа здарыцца што‑н. непрыемнае, непапраўнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасябрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. Стаць сябрамі; наладзіць, распачаць сяброўства з кім‑н. Усе [калгаснікі] неяк пасябравалі, згуртаваліся і цяпер былі як адна сям’я. Асіпенка. Дзяўчынкі пасябравалі з ласкавай бабуляй, прывыклі да яе, як да роднае маці. Мяжэвіч.

2. каго. Зрабіць сябрамі, зблізіць, здружыць. Нас Латвія пасябравала, Насмешлівы Вітаўтас Бложа. Барадулін.

3. Сябраваць некаторы час. Хлопчыкі пасябравалі дзень і пасварыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струга́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стругаць.

2. у знач. прым. Апрацаваны стругам, рубанкам або якім‑н. іншым стругальным інструментам; гладкі, выструганы. Струганыя дошкі. □ Пазней людзі навучыліся распілоўваць цурбаны каштоўных народ драўніны на тонкія дошкі, а потым ужо ўжылі механічныя нажы і пачалі вырабляць струганую фанеру. Мяжэвіч.

3. у знач. прым. Нарэзаны тонкімі вузкімі палоскамі, стружкамі. Струганая рыба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаўкапра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Матыль, вусень якога ўе коканы з шаўковага валакна, якое ён сам выдзяляе. / у вобразным ужыв. А рэактыўны шаўкапрад З хмурынкі белай Цягне пражу... Барадулін.

2. Матыль, вусень якога з’яўляецца небяспечным шкоднікам дрэвавых насаджэнняў. Апрача таго, ці не бачыў ён, Восіп Максімавіч, як хутка размнажаецца ў яго лясах сасновы шаўкапрад і сасновы рыжы пільшчык. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыкіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выкінуць усіх, многіх або ўсё, многае. [Юзік:] А што, калі .. [коні] нас разнясуць ды павыкідаюць, бо маладыя, першы раз запрэжаны? Чарот. Дзяцел падзяўбе, падзяўбе, потым павыкідае са шчыліны трэсачкі на зямлю ды зноў за работу. Мяжэвіч. Ліпы, што раслі ўздоўж гарадскіх вуліц, толькі павыкідалі свае светла-зялёныя ліпучыя лісточкі. Арабей.

2. Выкідаць некаторы час. Павыкідаць да абеду гной.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Макар Міхайлавіч пазірае, як набліжаецца вечар, і думае, што яму трэба спяшацца, каб застаць у лесе грузчыкаў. Мяжэвіч. Зося, як вярнулася з горада, не застала на полі старой дзічкі. Чорны.

2. Заспець, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч застала Паходню і Зараніка ў полі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны лёгка і хутка паварочвацца. Лёгкая і паваротлівая лодка. □ Юзік ... Яго любімы вучань.. Жвавы, паваротлівы, кемлівы і яшчэ па-вучнёўску слухмяны. Дуброўскі. // Які ўсё робіць лёгка і хутка; увішны. Паваротлівая гаспадыня. □ Пераступіўшы парог, прыпыняецца і глядзіць, як Валянціна кідае ў печ сухія дровы. «Спрытная і паваротлівая, нічога не скажаш», — адзначае Глушакоў. Мяжэвіч.

2. перан. Які ўмее добра весці свае справы, выкарыстоўваючы абставіны. Паваротлівы дзялок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлі́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хілы. Гэта быў маленькі, хліпкі чалавек сярэдніх год. Пянкрат. // перан. Слабахарактарны, бязвольны. Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавек хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе, пакуль не позна. Гарэцкі.

2. Нямоцны, ненадзейны, нетрывалы. Сходкі былі хліпкія, вузкія, без усякіх поручняў — проста дзве нядбайна збітыя цвікамі дошкі. Асіпенка. // Гразкі, багністы. Магутныя гусенічныя трактары, зарываючыся ў хліпкае балота аж да верху гусеніц, цягнуць на буксіры гружаныя лесам аўтамашыны. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укругаву́ю, прысл.

1. Па кругу, у кругавым напрамку. — Дай, божа... На здароўе.. — з шумам адказалі ўсе, і чарка пайшла ўкругавую. Пестрак. Шырока расставіўшы ногі, Шаховіч пачаў ўкругавую ганяць ручку. Машына не заводзілася. Мяжэвіч.

2. У цэлым і прыблізна, на круг. Заданне брыгада выконвае ўкругавую штодня на 110–125 працэнтаў. Васілевіч. [Васіль:] — У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў ўкругавую. Потым з года ў год павышаць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)