пастушы́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пастухоўскі. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі. Недзе гамоніць дарога, Недзе грымяць масты. І пастушынага рога Просіцца ў сэрца матыў. Камейша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлеско́п, ‑а, м.

Астранамічны аптычны інструмент для назірання за нябеснымі свяціламі. Вам [астраномам] убачыць здалёк давядзецца Зорку, якая зямлёю завецца. Хоць не адрозніць вам праз тэлескопы Там ані Азіі, ані Еўропы, Толькі вам радасна будзе, вядома, Знаць, што зямля вам з маленства знаёма. Куляшоў.

[Ад грэч. tēle — далёка і skopeō — гляджу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́к, ‑а, м.

Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал (у 2 знач.). — Дзівак, — між сабой гаспадыні гавораць: — Бярэ, што не трэба, патрэбнае дорыць. Лось. Лявон з маленства цягу меў Да тэхнікі, і ў наваколлі Не па сваёй — па людскай — волі Ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненаві́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго-што.

Адчуваць нянавісць да каго‑, чаго‑н. Вотчыма Макар ненавідзіць. Стараецца нават не сустракацца з ім. Асіпенка. — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. Больш за ўсё на свеце.. [Арлоўскі] ненавідзеў верхаглядства, пустую балбатню. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мітусня́, ‑і, ж.

1. Хуткі і бесперапынны рух у розных напрамках. З маленства .. [Алесь] любіў каток і тую мітусню, што панавала на ім. Шыцік.

2. Паспешнае, неспакойнае перамяшчэнне з месца на месца. У вагоне пачалася мітусня, якая звычайна бывае перад апошняй станцыяй. Васілёнак.

3. Бязладнае мільганне перад вачыма. Адкрыеш вочы, і зноў пачынаецца мітусня зданнёвых прывідаў, незразумелая галюцынацыя. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Страціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвісці. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, .. палінялі залочаныя мяхі. Лынькоў. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары. Грахоўскі. // перан. Разм. Страціць выразнасць, яркасць. Палінялі зоркія вочы сялянкі, якая з маленства ўглядаецца ў бязмежжа палявых прастораў. Грахоўскі.

2. Скінуць ці змяніць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абавя́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Часцей у знач. вык. з інф. Які мае што‑н. сваім абавязкам, павінен што‑н. выканаць. Успомніў [Піліпчык] самы суровы загад дзядзькі Астапа: усё, што знойдзе ён у лесе ці дзе на полі, абавязаны адразу ж яму паказаць. Лынькоў.

2. каму-чаму. Які знаходзіцца ў даўгу перад кім‑н. Я з маленства табе абавязаны Сэрцам чыстым і светлай душой. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вако́ліца, ‑ы, ж.

1. Ускраіна населенага пункта. [Бацька:] — Вазьму я цябе за руку, выведу за нашу ваколіцу ды пакажу той шлях, якім ты пойдзеш. Каваль. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі.

2. Тое, што размешчана вакол населенага пункта; наваколле. За Лядамі — Ямнае, Градкі,.. Зарэчча — бліжэйшыя вёскі ваколіцы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замкну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад замкнуць.

2. у знач. прым. Адасоблены, не наступны для іншых. [Героі апавяданняў Бядулі] вядуць пераважна замкнутае жыццё, мужна пераносяць крыўды, але не жадаюць скарыцца. Кучар. // Маўклівы, спрытны. Замкнуты характар. □ Пасля свайго жахлівага маленства Марына расла замкнутай, крыху дзікаватай. Грамовіч.

3. у знач. прым. Які змыкаецца, злучаецца канцамі. Замкнутая крывая. Замкнуты электрычны ланцуг. Замкнутая ломаная лінія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)